Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Алесь Камоцкі: У маім рэпэртуары — 70 песьняў на вершы Барадуліна


Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін

Джон Кунстадтэр, Алесь Камоцкі, Рыгор Барадулін

У сьвет выйшаў новы зборнік паэзіі Рыгора Барадуліна «Каб аднойчы», праілюстраваны здымкамі амэрыканскага фотамастака Джона Кунстадтэра. Трэці аўтар праекту — сьпявак і музыка Алесь Камоцкі, які і будзе госьцем перадачы.

— Алесь, як узьнікла ідэя такога мультымастацкага выданьня?

— Пра выданьне кніжкі ў такім фармаце мы гаварылі яшчэ пры жыцьці паэта. А большасьць песьняў былі напісаныя ўвогуле ў канцы 1990-х. Прычым, многія зь іх ніколі не выконваліся на канцэртах. Астатнія — зрэдку гучалі, некаторыя ўваходзілі ў асобныя альбомы. Скажам, была спроба выдаць альбом «Зорка спагады», у які ўвайшло каля дзясятка гэтых песень. Той альбом быў яшчэ на касэце — кустаршчына, адным словам. Асноўная фішка кніжкі «Каб аднойчы», што пабачыла сьвет у выдавецтве «Паперус», у тым, што там зьмешчаныя вершы і песьні для сярэдняга ўзросту. Выдатна, калі каханьне ўзьнікае ў маладосьці ці ў больш сталым веку, але самае галоўнае, калі людзі праносяць яго праз цэлае жыцьцё. Таму на фотаздымках у кнізе — людзі парамі, прычым пераважна сталага і больш чым сталага ўзросту. Некаторым там каля 100 гадоў!

​— Затое цяпер будуць цікавіцца. Многія з маіх сяброў ужо зрабілі ці яшчэ робяць па цэлым барадулінскім альбоме. Нядаўна выдаў альбом Саша Віслаўскі. Я праслухаў яго цалкам. А такіх альбомаў мне траплялася мала, каб я іх слухаў без перапынку. Думаю, што іх будзе шмат. Прыйшла пара сьпяваць Барадуліна. Чаму мала сьпявалі раней — мне цяжка сказаць. Для мяне гэта таксама дзіўна, бо ў яго вельмі музычныя вершы.— У Барадуліна выдатная лірыка. Чаму яго творчасьцю раней так мала цікавіліся кампазытары?

Алесь Камоцкі

Алесь Камоцкі

— А колькі песьняў на вершы Барадуліна напісаныя табой?

— Дзесьці сем дзясяткаў. Зь іх як мінімум сорак я магу проста цяпер сесьці і прасьпяваць. Цалкам нармальна прагучаць. Астатнія яшчэ павінны адляжацца, але гэта ня значыць, што яны ніколі не прагучаць. Часы мяняюцца, і тое, што сёньня падаецца другасным, праз невялікі тэрмін можа стаць актуальным. Калі я выдаваў альбом «Вяровіца», мне здавалася, што тысяча дыскаў (такі быў наклад) ляжа і не разыдзецца. Вельмі спэцыфічныя песьні — рэфлексіі на псалмы і г.д. Але дзіўна — увесь наклад разышоўся проста імгненна! Мне вельмі хочацца, каб на вершы Барадуліна ствараліся песьні, таму што вершаў ім напісана многа, і вельмі шмат такіх, на якія могуць быць шыкоўныя песьні. Іншая справа, што сёньня песьня — гэта «два прыхлопы, тры прытопы». І ўсе мэлёдыі, як правіла — штампы.

— Яшчэ адным суаўтарам праекту «Каб аднойчы» зьяўляецца амэрыканскі фотамастак Джон Кунстадтэр. Ён аб’ехаў паўсьвету, здымаў у пяцідзесяці краінах, але апошнім часам усё часьцей бывае ў нас. Чым яго так прывабіла Беларусь?

Самае большае, што Джон мог у нас выведаць, — гэта сакрэт беларускай мачанкі ў якой-небудзь бабкі.

— Ён, па-першае, з дыпляматаў. І я спачатку думаў, што ён тут нешта выведвае. А потым зразумеў, што самае большае, што Джон мог у нас выведаць, — гэта сакрэт беларускай мачанкі ў якой-небудзь бабкі. Джон кажа, што проста закаханы ў Беларусь. І ў гэта верыцца, бо пакуль у яго ёсьць віза, ён езьдзіць па Беларусі, езьдзіць да апошняга дня. Здымае вельмі многа. Бывае пераважна на Палесьсі. І здымае ён ня проста выпадковых людзей. Ён часам робіць фотахроніку некалькіх сем’яў — здымае іх праз пэўны час. Вось калі ў нас адыходзяць бацькі ці дзяды, мы пачынаем кусаць сябе за локці — нечага не спыталіся, нешта не даведаліся ў іх. А Джон зафіксоўвае гісторыю сем’яў, прычым робіць гэта па-майстэрску — і гэта проста здорава.

«Разам». Фота Джона Кунстадтэра з кнігі «Каб аднойчы»

«Разам». Фота Джона Кунстадтэра з кнігі «Каб аднойчы»

— Я неаднойчы сутыкнуўся з тым, што замежнікі не разумеюць такой зьявы, як Барадулін. І ня дзіўна, бо для такога разуменьня трэба дасканала ведаць беларускую мову. Ці чытае Джон Кунстадтэр Барадуліна ў арыгінале?

— Толькі ў арыгінале — пра пераклады гаворка не ідзе. Ён тонка адчувае і другія славянскія мовы. Мы з Джонам знаёмыя больш за пятнаццаць гадоў, даволі шчыльна кантактуем пасьля 2005-га. І калі я даваў яму беларускія вершы, ён надзіва добра ўсё разумеў, прычым разумеў да нюансаў. Гэтым ён мяне зьдзіўляў ад самага пачатку.

— «Каб аднойчы» — гэта ўжо пятая кніга Рыгора Барадуліна, якая выйшла з тваёй ініцыятывы і пад тваёй апекай. Ты лічыш сваім абавязкам займацца такімі праектамі?

— Ды няма ў мяне ніякіх абавязкаў. Ні перад кім. Проста я раблю тое, што мне падабаецца. Папярэдняя кніжка «Сны сасны» як зьявілася? Я са зьдзіўленьнем знайшоў у сваіх архівах запісы Барадуліна, дзе ён прачытаў 50 вершаў з выбраных мною. Ён яшчэ быў з намі. Я прыйшоў да яго і прапанаваў выдаць. Ён пагадзіўся. Дык як можна было адступіцца ад гэтай задумы? Яшчэ раней была кніжка хуткамовак, яна пісалася спэцыяльна. А яшчэ раней мы зрабілі кніжку «Навошта» — такі сабе зборнік барадулінскіх афарызмаў. А пра кніжку з нотамі мы размаўлялі з Барадуліным яшчэ гадоў сем таму. Проста я доўга зьбіраўся. Усё гэта было проста немагчыма ня выдаць.

— А якую барадулінскую кнігу ты найчасьцей бярэш у рукі? Я, напрыклад, люблю перачытваць «Эвангельле ад Мамы».

— Мне вельмі падабаецца паэтычны цыкль «Псальмы Давідавы». Частку вершаў зь яго я паклаў на музыку, яны ёсьць у зборніку «Вяровіца». Для мяне гэта вельмі каштоўна. Мне іх і перачытваць ня трэба, паколькі я іх перасьпеўваю. Прычым, шторазу адкрываю для сябе нейкія новыя сэнсы. Так і павінна быць. Сапраўдная паэзія тая, якая пры кожным новым прачытаньні ці выкананьні адкрывае новыя сэнсы, выклікае новыя эмоцыі і асацыяцыі.

Прэзэнтацыя кнігі і дыску «Каб аднойчы» адбудзецца 29 лютага ў галерэі TUT.BY (пр-т Дзяржынскага, 57, 9 паверх, ст. мэтро «Міхалова», БЦ OmegaTower). Пачатак а 19.00.

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG