Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадзіньнік суднага дня забылі перавесьці?


Гадзіньнік суднага дня забылі перавесьці?
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00

Пакуль — тры хвіліны да поўначы, як было пасьля першага выпрабаваньня ядзернай бомбы Савецкім Саюзам ці падчас эскаляцыі гонкі ўзбраеньняў на пачатку 80-х.

«Гадзіньнік Суднага дня», сымбаль напружанасьці ў сьвеце, «завіснуў» на трох хвілінах да поўначы, піша The Guardian. Злавесны прагноз вырашылі не паляпшаць і не пагаршаць у 2016 годзе, нягледзячы на падзеі 2015-га.

Праект часопіса Bulletin of Atomic Scientists паказвае, колькі хвілін засталося да поўначы. Чым бліжэй поўнач, тым большая імавернасьць самазьнішчэньня чалавецтва. У 1947 годзе ён паказваў, што да моманту катастрофы застаецца сем хвілін. Сёньня — тры.

У 1949-м гадзіньнік перавялі зь сямі на тры хвіліны да поўначы ў сувязі са стварэньнем СССР сваёй ядзернай бомбы і магчымасьцю ядзернай вайны. У 53-м — на дзьве хвіліны да поўначы ў сувязі з амаль адначасовым выпрабаваньнем ЗША і СССР тэрмаядзерных бомбаў.

Пасьля таго як звышдзяржавы ўсьвядомілі небясьпеку ядзернай вайны і падпісалі дамову пра забарону выпрабаваньняў ядзернай зброі, гадзіньнік перавялі на без 12 хвілін поўнач, але затым адсунулі на безь сямі ў сувязі з уводам савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну, стварэньнем ядзернай зброі Кітаем і Францыяй, войнамі на Блізкім Усходзе, у Індыі і Віетнаме. Далей гадзіньнік вагаўся, дасягаўшы «мірных» 12 хвілін у 1972-м, «пагрозьлівых» 3 хвілін у 1984-м і «аптымістычных» 17 хвілін у 1991-м.

У 2015-м гадзіньнік перавялі зь «безь пяці» на «бяз трох» у сувязі з адсутнасьцю прагрэсу ў скарачэньні ядзерных арсэналаў і пагрозамі катастрафічных зьменаў клімату, а таксама вайны Расеі з Украінай.

2016: хвіліна туды, хвіліна назад?

Як кажа старшыня камітэту спонсараў Bulletin of Atomic Scientists Лорэнс Краўс, «завісаньне» гадзіньніка — гэта таксама нядобрая навіна, бо хвілінную стрэлку не адвялі назад, нягледзячы на ядзернае пагадненьне з Іранам ды зьняцьцё зь яго доўгатэрміновых санкцыяў, а таксама на міжнародныя пагадненьні па супрацьстаяньні зьменам у клімаце. Адзначаецца, што разам з пазытыўнымі падзеямі адбываецца і рост пагрозы ад тэрарыстаў «Ісламскай дзяржавы» і ад выкарыстаньня кібэрзброі.

Тым ня меней у 2015 годзе адбылося багата падзеяў, якія маглі б перавесьці «гадзіньнік апакаліпсісу» на хвіліну бліжэй да поўначы. Тэракты ў «Шарлі Эдбо» і проста на вуліцах Парыжа, частыя тэракты ў Турэччыне, забойства ў Маскве аднаго з галоўных апазыцыянэраў Барыса Нямцова, канфлікт між Расеяй і Турэччынай у сувязі са зьбітым расейскім самалётам, расейскія «антысанкцыі» са спальваньнем прадуктаў, ускладаньне віны за зьбіты над Данбасам «Боінг» на прарасейскіх баевікоў, эўрапейскі крызіс зь мігрантамі — пасьля шмат якіх навінаў казалі калі не пра пагрозу Трэцяй усясьветнай вайны, то прынамсі пра рост напружанасьці. Нехта бачыў «канец сьвету» і ў перазапуску Вялікага адроннага каляйдэра, легалізацыі аднаполых шлюбаў у ЗША ці ў росьце папулярнасьці Доналда Трампа.

Тым часам у Беларусі Аляксандар Лукашэнка ўпэўнена кажа пра беларускую мірную палітыку ў той самы дзень, калі ў сталічным судзе супрацоўнікі праваахоўных органаў жорстка зьбіваюць трох чалавек, у тым ліку журналіста.

Дарэчы, у выпадку ядзернай вайны ЗША ў свой час мелі, сярод іншага, пляны бамбардзіровак Мачулішчаў, Воршы і Бабруйску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG