Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зачынілася «Пляцоўка-хол». «Было бачна, што доўга не працягне — няма беларускай атмасфэры» — Арт Сядзіба


Клюб з нацыянальным антуражам, які адчыніўся на месцы ранейшага «Цэнтру» на цокальным паверсе Палаца Рэспублікі, заявіў пра сябе ў верасьні 2015 году.

Апроч зьнешняга антуражу — вышыванкі на сьценах, дранікі і бабкі на сталах, беларускамоўнае мэню і абслугоўваньне — адміністрацыя абяцала праводзіць беларускія канцэрты і штрафаваць афіцыянтаў, якія будуць гаварыць па-расейску.

Агульны выгляд «Пляцоўка-хола»
Агульны выгляд «Пляцоўка-хола»

«Расейскамоўныя песьні будуць гучаць толькі ў тым выпадку, калі яны выконваюцца беларускім сьпеваком. Яшчэ ёсьць ідэя перакладаць расейскі тэкст на беларускую мову. У нас будуць вакалісты, якія змогуць сьпяваць такія пераклады, цалкам запаўняючы танцавальную праграму», — казала ў інтэрвію Свабодзе арт-дырэктарка «Пляцоўкі-хола» Алена Галушка.

Арт-дырэктар «Пляцоўка-хола» Алена Галушка
Арт-дырэктар «Пляцоўка-хола» Алена Галушка

У такім фармаце клюб працаваў крыху больш за тры месяцы. 27 студзеня стала вядома, што «Пляцоўка-хол» зачынена. «Эўрарадыё» са спасылкай на супрацоўніцу клюбу Сьвятлану Рамонку паведаміла, што адміністрацыя ўстановы сутыкнулася з унутранымі праблемамі, агучваць якія не зьбіраецца, але празь некалькі тыдняў зьбіраецца адчыніцца зноў. Пакуль усе мерапрыемствы адмененыя.

Адным з партнэраў «Пляцоўкі-хола» была "Арт Сядзіба". За тры месяцы існаваньня клюбу яна правяла там пяць канцэртаў, на якіх выступалі Вінсэнт, гурты HURMA, Амарока і NAVI.

Павал Белавус
Павал Белавус

«Яшчэ да афіцыйнага адкрыцьця „Пляцоўкі-хола“ да "Арт Сядзібы" зьвярнулася на той момант арт-дырэктарка клюбу Алена Галушка і прапанавала супрацу, каб мы там ладзілі свае мерапрыемствы і тым самым прыводзілі людзей у гэтую ўстанову. Нам стала цікава, мы зладзілі там некалькі мерапрыемстваў», — кажа дырэктар "Арт Сядзібы" Павал Белавус.

Чаму зачынілася «Пляцоўка-хол»? Павал Белавус лічыць, што крэатыўная група, зрабіўшы стаўку на нацыянальны стыль, абмежавалася толькі зьнешнімі атрыбутамі, але не змагла стварыць сапраўдную беларускую атмасфэру:

«Людзі, якія адчынілі „Пляцоўку-хол“, з мэдыйных паведамленьняў зразумелі, што ёсьць попыт на беларускую мову, беларускамоўную культуру, вышыванкі і нацыянальныя арнамэнты. Яны вырашылі, што дадуць клюбу беларускі назоў, аформяць сьцены ў псэўдабеларускім стылі — і атрымаюць натоўпы наведнікаў. Але праблема ў тым, што гэтага мала. Па-першае, трэба ўмець працаваць з адпаведнай аўдыторыяй, а па-другое, самому жыць беларушчынай — гаварыць па-беларуску і прытрымлівацца беларускіх каштоўнасьцяў. Людзі, якія працавалі над іміджам „Пляцоўкі-хола“, безумоўна, прафэсіяналы. Але яны займаліся звычайнымі клюбамі — дыскатэкамі і дыджэямі, але яны не жылі ў беларускім асяродзьдзі і не размаўлялі штодзённа па-беларуску, дый, шчыра кажучы, былі далёкія ад гэтай культуры. Таму падчас нашых супольных канцэртаў я бачыў, што ідэя ёсьць і яна добрая, але да канца рэалізаваць яе няма магчымасьці. Таму было адразу зразумела, што доўга „Пляцоўка-хол“ не працягне, хоць ідэя і месца вельмі добрыя».

Плякаты, якімі былі аздобленыя сьцены «Пляцоўка-хола»
Плякаты, якімі былі аздобленыя сьцены «Пляцоўка-хола»

Павал Белавус адзначыў, што падобная сытуацыя з новым пунктам хуткага харчаваньня «Маэстра», які адчыніўся каля вакзалу і таксама ў нацыянальным стылі:

«Таксама добрая ідэя, добрае афармленьне ў нацыянальным стылі. Але — з калёнак гучыць расейская папса. Адпаведна, няма той атмасфэры, якая павінна быць у такім месцы. Не хапае шчырай аўтэнтычнасьці, якая толькі і можа прыцягнуць людзей у месца такога кшталту. Атрымліваецца савецкая Беларусь, а каб атрымалася Беларусь сапраўдная — трэба, каб гэта было і ў галаве».

Афармленьне жаночай прыбіральні клюбу
Афармленьне жаночай прыбіральні клюбу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG