Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міжнародны суд расьсьледуе ваенныя злачынствы на тэрыторыі Грузіі


Гэта справа стане першай для Міжнароднага крымінальнага суда за межамі Афрыкі.

Судзьдзі Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) санкцыянавалі расьсьледаваньне ваенных злачынстваў і злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых падчас грузіна-расейскага канфлікту 2008.

Трое судзьдзяў суда, які базуецца ў Гаазе, у сераду зацьвердзілі пракурора Фату Бэнсуда сьледчым, які правядзе расьсьледаваньне злачынстваў, учыненых у грузінскім рэгіёне Паўднёвай Асэтыі і вакол яго ў жніўні 2008 году паўстанцамі, магчыма, пры падтрымцы расейскіх войскаў, а таксама грузінскімі сіламі.

У заяве МУС гаворыцца, што меркаваныя злачынствы ўключалі «злачынствы супраць чалавечнасьці, такія як забойства, гвалтоўнае перасоўваньне і перасьлед насельніцтва, ваенныя злачынствы, такія, як напады на цывільнае насельніцтва, наўмыснае забойства, наўмысны напад на міратворцаў, зьнішчэньне маёмасьці і марадзёрствы, як мяркуецца, учыненыя ў кантэксьце міжнароднага ўзброенага канфлікту».

Гэта першае падобнае расьсьледаваньне МУС за межамі Афрыкі і другі раз, калі пракурор МУС паспрабаваў вывучыць магчымасьць таго, што на працягу кароткага канфлікту паміж Грузіяй і Расеяй былі зьдзейсьненыя ваенныя злачынствы. У 2010 годзе пракурор МУС Луіс Марэна-Акампа разгледзеў абвінавачваньні, а прадстаўнікі Грузіі і Расеі праінфармавалі МУС аб падзеях вайны 2008 году.

Бэнсуда падала свой запыт на адкрыцьцё расьсьледаваньня грузінскіх падзеяў у кастрычніку мінулага году.

Паводле дадзеных Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў, лічыцца, што некалькі соцень чалавек загінулі падчас канфлікту, і больш чым 138 тысяч сталі часова перамешчанымі асобамі.

XS
SM
MD
LG