Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ратуе стары будынак у Магілёве


Будынак, на які прэтэндуе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Будынак, на які прэтэндуе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры мае намер для патрэбаў арганізацыі ўзяць адзін са старых дамоў Магілёва. Абраны рупліўцамі беларускага дойлідзтва будынак — у цэнтры гораду, за трыста мэтраў ад гарвыканкаму на завулку Камісарыяцкім, 17.

Апошнія два гады магілёўскую грамадзкасьць турбавала пытаньне пра лёс гэтай унікальнай будыніны, стан якой блізкі да аварыйнага. Паводле кіраўніка Магілёўскага аддзяленьня Ўладзімера Краўчанкі, гарадзкія ўлады паабяцалі садзейнічаць перадачы помніка архітэктуры ў карыстаньне Таварыства.

Летась Уладзімер Краўчанка быў на прыёме ў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага. Кіраўнік абласной вэртыкалі, кажа актывіст, паабяцаў перадаць будынак Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры.

«Мы пісьмова зьвярнуліся да старшыняў аблвыканкаму і гарвыканкаму, яны пісьмова пацьвердзілі, што па прадстаўленьні дакумэнтацыі і пасьля таго, як дом будзе выведзены з жылога фонду, яго перададуць Таварыству. На наступным тыдні неабходная дакумэнтацыя будзе гатовая».

Гэтак будынак выглядае з тыльнага боку

Гэтак будынак выглядае з тыльнага боку

Паводле Ўладзімера Краўчанкі, у доме разьмесьціцца офіс, магчыма, музэй і карцінная галерэя:

«Будынку будзе нададзена другое дыханьне, і ён будзе жыць дзеля патрэбаў гораду і яго жыхароў».

Актывіст запэўнівае, што будынак застаецца помнікам архітэктуры трэцяй катэгорыі.

Тым часам з дому на завулку Камісарыяцкім, 17 жыхары адселеныя. На сьцяне адсутнічае шыльда пра яго ахоўны статус. Паводле зьвестак жыхароў, будынак зьбіраюцца зносіць. На ягоным месцы нібыта будзе аўтамабільная стаянка.

Апошнія пяцьдзесят год будынак, кажуць жыхары, не рамантаваўся.

Будынак доўгі час не рамантаваўся

Будынак доўгі час не рамантаваўся

Непадалёк напраўду будаўнічая пляцоўка. Ля самага дому — стаянка для тэхнікі будаўнікоў. Будынкі, якія былі навокал, зьнесеныя.

У жыльлёва-эксплюатацыйным упраўленьні Ленінскага раёну гораду зьняпраўдзілі словы жыхароў. Супрацоўніца камунальнай арганізацыі заявіла, што будынак застаецца помнікам архітэктуры. Што да ахоўнай шыльды, то на меркаваньне суразмоўніцы, яе маглі скрасьці. Камунальніца паабяцала разабрацца і вярнуць шыльду на месца.

У гарвыканкаме таксама заявілі, што будынак не пазбаўлялі ахоўнага статусу.

«Дом ніхто не зьбіраецца зносіць. Ён будзе выкарыстоўвацца як гісторыка-культурная каштоўнасьць. Пакуль ня ўсе жыхары зьехалі, як толькі апошні выедзе, то будзем абмяркоўваць у гарвыканкаме, як канкрэтна выкарыстоўваць дом. Але зносіць яго дакладна ня будуць», — запэўніла супрацоўніца гарвыканкаму.

Драўляная разная аздоба дому

Драўляная разная аздоба дому

Пры канцы 19 стагодзьдзя, паводле супрацоўнікаў краязнаўчага музэю, такімі характэрнымі толькі для Магілёва дамамі, як той, які на Камісарыяцкім завулку, забудоўваліся цэлыя гарадзкія раёны. Першы паверх іх быў мураваны, другі — драўляны з разной аздобаю. За стагодзьдзе ацалеў толькі адзін. На яго і прэтэндуе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG