Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі пастанавілі ня сплачваць падаткі і арэнду


На берасьцейскім рынку за ЦУМам адбыўся сход прадпрымальнікаў, на якім ІП вырашалі, што рабіць з падаткамі, калі яны вымушана ня могуць працаваць.

На сходзе прысутнічалі больш за 200 чалавек.

Як распавяла Свабодзе адна зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Берасьця Алена Кустус, плаціць падаткі ва ўмовах адсутнасьці даходу немагчыма:

«Вырашылі не плаціць падаткі. На люты ні падаткі, ні арэнду аплачваць ня будзем. На сходзе былі практычна ўсе рынкі нашага гораду. Тых, хто можа працаваць па дакумэнтах — іх 10 працэнтаў. Астатнія ўсе прадпрымальнікі ня плацяць падаткі, падаюць „нулявыя“ дэклярацыі».

Спадарыня Кустус кажа, што рашэньне не плаціць падаткаў прадпрымальнікі прынялі на нявызначаны тэрмін, да вырашэньня праблемы з прэзыдэнцкім указам № 222.

«Як будзем працаваць, значыць, будзем сплачваць сваю запазычанасьць па частках. А ня будзем працаваць — то ўжо прабачце, ня мы вінаватыя, што мы ня можам працаваць. Нас указ паставіў у такія межы, што мы працаваць ня можам», — распавяла Алена Кустус.

Таксама на сходзе ІП фармавалі сьпіс дэлегатаў, якія будуць удзельнічаць у чарговым форуме прадпрымальнікаў.

1 студзеня 2016 году ўступіў у сілу ўказ № 222. Ён патрабуе, каб прадпрымальнікі рэалізоўвалі прадукцыю лёгкай прамысловасьці, увезеную з краін Мытнага саюзу, толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі. Праблема ў тым, што расейскія пастаўшчыкі, у якіх закупляюць тавар большасьць беларускіх ІП, як правіла, адмаўляюцца выдаваць дакумэнты аб паходжаньні прадукцыі альбо прадстаўляюць фіктыўныя даведкі. У выніку ІП церпяць ад штрафаў і канфіскацыяў.

Многія прадпрымальнікі заяўляюць пра спыненьне працы на нявызначаны тэрмін. У шмат якіх гарадах адбываюцца сходы і мітынгі дробных гандляроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG