Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Портнікаў

Зь лёгкай рукі Ўладзіміра Пуціна савецкая гісторыя зноў ажыла на форумах яго прыхільнікаў, на старонках расейскіх газэтаў і на інтэрнэт-форумах. Чаму Ленін заклаў бомбу пад Расею, абараніўшы ідэю Савецкага Саюза як аб’яднаньня раўнапраўных рэспублік? Або вось Данбас аддалі Ўкраіне, зыходзячы выключна зь лёгікі павелічэньня колькасьці пралетарыяту. Няўжо бальшавіцкія правадыры не разумелі, якую дрэнную паслугу яны аказваюць суайчыньнікам і нашчадкам? Словам, якое трызьненьне!

Гэтая грамадзянская вайна была ня толькі вайной паміж расейцамі — «чырвонымі» і «белымі». Гэта была яшчэ і вайна «чырвоных» і «белых» супраць прыхільнікаў нацыянальнай дзяржаўнасьці на ўскраінах імпэрыі

Ніводнай хвіліны не сумняваючыся, што палітычны геній Уладзіміра Пуціна пераўзыходзіць палітычныя здольнасьці Леніна, усё ж паспрабую выступіць адвакатам д’ябла. Усё ж Уладзімір Ільіч дзейнічаў ня ў гэтак спрыяльных абставінах, у якіх даводзіцца кіраваць краінай Уладзіміру Ўладзіміравічу. Прасьцей кажучы, ён не карыстаўся такой агульнанароднай падтрымкай. Гэта значыць потым, вядома, карыстаўся — ды такой, што з Маўзалею ня выцягнуць. Але для таго, каб гэтую падтрымку заваяваць, трэба было спачатку заваяваць краіну. Не ў пераносным сэнсе — шляхам павышэньня заробкаў і пэнсій і аповеду пра посьпехі ўлады на НТВ, а ў самым што ні на ёсьць наўпроставым — шляхам перамогі ў грамадзянскай вайне.

Гэтая грамадзянская вайна была ня толькі вайной паміж расейцамі — «чырвонымі» і «белымі». Гэта была яшчэ і вайна «чырвоных» і «белых» супраць прыхільнікаў нацыянальнай дзяржаўнасьці на ўскраінах імпэрыі. Уласна, менавіта дзякуючы гэтай акалічнасьці бальшавікі, у канчатковым рахунку, і выйгралі грамадзянскую вайну, таму што маглі прапанаваць частцы насельніцтва ўскраін новую прывабную ідэю «пралетарскага інтэрнацыяналізму» і барацьбы з буржуямі, якія заўсёды — эксплюататары. Так, бальшавікі прапаноўвалі спустошанай краіне вялікія ўзрушэньні, а белагвардзейцы — па-ранейшаму вялікую Расею. Здавалася б, выбар відавочны — але толькі не для тых, хто бачыў у краху імпэрыі шанец на вызваленьне ўласных народаў. Калі б патрыёты Расеі былі здольныя больш рэалістычна паглядзець на яе будучыню, Юдзеніч ужо ў 1919 годзе вызваліў бы Петраград, і Ленін разам з Троцкім і Сталіным так і застаўся б страшным эпізодам расейскай гісторыі, няўдачлівым дыктатарам-царазабойцам. Але рэалістам быў не Юдзеніч, рэалістамі аказаліся бальшавікі, якія прызналі незалежнасьць ускраін, што «адпалі» ад імпэрыі, або абвясьцілі на іх тэрыторыі фармальна самастойныя — але кіраваныя з адзінага партыйнага цэнтру — савецкія рэспублікі.

пленум ЦК кампартыі Беларусі адмовіўся абраць першым сакратаром рэкамэндаванага Масквой Міхаіла Зімяніна. Зрэшты, гэта такая легенда

Перамога ў грамадзянскай вайне азначала перамогу над мільёнамі людзей, якія жадалі нацыянальнай свабоды. Гэтыя людзі не заўсёды прыналежалі да «эксплюататарскіх клясаў». Украінская дзяржаўнасьць у 1918 годзе была абвешчаная Цэнтральнай Радай, гэта значыць, усё тымі ж саветамі, у якіх бальшавікі аказаліся ў меншасьці. Тое, што дзяржаўнасьць захоўваецца — толькі «добрая», «народная», «небуржуазная» — і было ленінскім адказам на самы няпросты палітычны выклік таго часу. Ленін дзейнічаў у дакладнай адпаведнасьці з уласнымі поглядамі, за тры гады да Кастрычніцкага перавароту выкладзенымі ў артыкуле «Аб праве нацый на самавызначэньне». У адрозьненьне ад многіх сваіх паплечнікаў, ён безумоўна прызнаваў гэтае права, але... настойваў на «адзінстве пралетарскай барацьбы».

Саюзныя рэспублікі фармальна, вядома, існавалі, але іх рэальнымі кіраўнікамі былі ЦК рэспубліканскіх кампартый, цалкам і безумоўна падпарадкаваныя ЦК у Маскве. Гэтыя дутыя «дзяржавы» не маглі абраць ні ўласнага першага сакратара ЦК, ні кіраўніка рэспублікі ці яе ўраду — ні-ко-га! І так па ўсёй вэртыкалі. Усё ж дэмакратычны цэнтралізм — гэта дэмакратычны цэнтралізм, і ў гэтым сэнсе Ўкраіна ці Грузія нічым не адрозьніваліся ад Бранскай або Тульскай абласьцей. Адзіны за ўсю гісторыю выпадак непадпарадкаваньня рэспубліканскай партарганізацыі рашэньню Масквы зафіксаваны ў чэрвені 1953 году, калі пленум ЦК кампартыі Беларусі адмовіўся абраць першым сакратаром рэкамэндаванага Масквой Міхаіла Зімяніна. Зрэшты, гэта такая легенда. На самай справе менавіта ў дні правядзеньня пленуму ў Маскве быў арыштаваны заступнік Зімяніна Лаўрэнцій Берыя, і беларусам проста загадалі перагаласаваць.

Дыскусія Леніна і Сталіна аб тым, ці ўключаць акупаваныя бальшавікамі ўскраіны ў склад Савецкай Расеі ці ператвараць іх у «раўнапраўныя рэспублікі» — гэта спрэчка салёнага з кіслым. Стваральнікам новай імпэрыі і ў галаву не прыходзіла, што можа ўзьнікнуць сытуацыя, пры якой партыю забароняць, а дзяржава застанецца. Так, пасьля гібелі Расейскай імпэрыі адзіным стрыжнем, на якім трымалася яе дзяржаўнасьць, была Камуністычная партыя. Ну і КДБ, вядома, як жа безь яго, Уладзімір Уладзіміравіч! І хіба варта зьдзіўляцца, што з дня забароны КПСС да дня канчаткова і беспаваротна краху Савецкага Саюзу прайшло ўсяго чатыры нядоўгія месяцы. Так што калі вы сапраўды перакананы шавініст і імпэрыяліст, то ня варта так ужо папракаць Леніна, які падарыў Расейскай імпэрыі цэлых сем дзесяцігодзьдзяў анабіёзу. Так, коштам краху самой расейскай цывілізацыі, усяго таго, што было яе сэнсам да 1917-га. Але — сем дзесяцігодзьдзяў. Для загінулай імпэрыі гэта шмат. Вельмі шмат.

А цяпер давайце зададзім пытаньне: на чым будуецца сучасная дзяржава, Расея Пуціна? Дзе яго стрыжань? Можа быць, гэта асабісты аўтарытэт кіраўніка дзяржавы, але што будзе, калі аўтарытэт паменшыцца або кіраўнік зьменіцца? Можа быць гэта, не пабаюся сказаць, «Адзіная Расія»? Або Агульнарасейскі народны фронт? Ужо сьмешна.

Сучасная расейская дзяржава існуе за кошт аднаго-адзінага мэханізму кіраваньня — пераразьмеркаваньня рэсурсаў ад рэгіёнаў-донараў да датацыйных рэгіёнаў, якіх у краіне ўжо ледзь ці ня восем дзясяткаў. Гэта простая схема. Чачэнію ня проста «адваявалі», ня проста аддалі Кадыраву — яе яшчэ і ўтрымліваюць. Утрымліваюць за кошт таго ж Татарстану або Цюменскай вобласьці, якім, зрэшты, пакідаюць дастаткова сродкаў для існаваньня нароўні зь іншымі рэгіёнамі.

Уладзімір Уладзіміравіч, здаецца, не зразумеў самага галоўнага ў творчай спадчыне Уладзіміра Ільліча: пакуль ты кіруеш краінай жалезнай рукой дыктатара, зусім ня важна, што напісана ў цябе ў Канстытуцыі

У Савецкім Саюзе ў апошнія дзесяцігодзьдзі яго існаваньня таксама было так. А вось калі грошы скончыліся, калі саюзны цэнтар стаў непатрэбны, калі яго пачалі называць «16-й рэспублікай», ненажэрнай і бессэнсоўнай — вось тады, толькі тады загаварылі і аб акупацыі краінаў Балтыі, і аб праве саюзных рэспублік на самавызначэньне, і пра іншыя магчымасьці, аб якіх у пэрыяд бальшавіцкай дыктатуры страшна было нават падумаць, ня тое што пра гэта загаварыць.

З Расейскай Фэдэрацыяй, якая застаецца проста пераназванай РСФСР, можа адбыцца нешта падобнае. І тады нечакана акажацца, што цэнтар не выконвае асноўныя артыкулы забытай пакуль фэдэратыўнай дамовы, а Татарстан яе наогул не падпісваў, а канстытуцыйныя зьмены ў рэспубліках прымаліся пад ціскам і не адпавядаюць... Уладзімір Уладзіміравіч, здаецца, не зразумеў самага галоўнага ў творчай спадчыне Уладзіміра Ільліча: пакуль ты кіруеш краінай жалезнай рукой дыктатара, зусім ня важна, што напісана ў цябе ў Канстытуцыі.

А калі ціск слабее і ўзьнікае жаданьне разысьціся, то мэханізм для выкананьня гэтага жаданьня абавязкова знаходзіцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG