Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Палаце прадстаўнікоў спадзяюцца на міжнародны прарыў — вяртаньне статусу ў ПАРЭ


Будынак ПАРЭ ў Страсбуры, ілюстрацыйнае фота

Будынак ПАРЭ ў Страсбуры, ілюстрацыйнае фота

Экспэрты зазначаюць, што без дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў у Беларусі і мараторыю на сьмяротнае пакараньне Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы не запросіць Беларусь у якасьці госьця.

28 студзеня можа стаць значным днём для магчымага вяртаньня Беларусі статусу спэцыяльнага запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), заявіў сёньня старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Віталь Бусько.

Ён паведаміў, што цяпер у Страсбуры знаходзіцца кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі па ажыцьцяўленьні кантактаў з ПАРЭ Мікалай Самасейка. У рамках зімовай сэсіі асамблеі ён возьме ўдзел у пасяджэньні камісіі па палітычных пытаньнях і дэмакратыі, якое адбудзецца 28 студзеня. У спадара Самасейкі заплянаваныя сустрэчы з кіраўніцтвам ПАРЭ, некаторымі парлямэнтарамі, службовымі асобамі Рады Эўропы і сакратарыяту ПАРЭ.

«Каб спрагназаваць плён ад гэтых сустрэч, трэба добра ведаць кухню і Парлямэнцкай асамблеі, і самой Рады Эўропы», — кажа Свабодзе намесьнік старшыні руху «За свабоду» палітоляг Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец

Алесь Лагвінец

«На жаль, у нас няма поўнай інфармацыі, што і як там цяпер робіцца. Таму пакуль можна толькі рабіць дапушчэньні.

Я дапускаю, што пэўны пазытыўны для беларускіх уладаў крок можа быць зроблены. Але сумняваюся, што гэта будзе аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага. Бо ўсё ж такі ёсьць пакуль яшчэ непераадольныя рэчы ў дачыненьнях з Радай Эўропы. Гэта — адсутнасьць у Беларусі мараторыю на сьмяротнае пакараньне і выбары, якія не прызнаюцца свабоднымі і чэснымі.

Аднаўленьне статусу спэцыяльна запрошанага будзе азначаць, што Рада Эўропы прызнае легітымнасьць Палаты прадстаўнікоў. Але ж добра вядома, што Палата абіралася зь вялікімі парушэньнямі выбарчага заканадаўства і выбарчага працэсу. Па сутнасьці, яе дэпутаты былі прызначаныя Лукашэнкам.

Мне падаецца, што ў Страсбуры будзе зроблена нейкая дэклярацыя. Але ПАРЭ дачакаецца восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў і толькі пасьля гэтага канчаткова вызначыцца».

Беларусь атрымала статус спэцыяльна запрошанай у ПАРЭ ўвосень 1992 году. Аднак 13 студзеня 1997 году была яго пазбаўленая, паколькі Бюро асамблеі не прызнала адпаведнымі міжнародным стандартам умовы правядзеньня рэфэрэндуму, які адбыўся ў лістападзе 1996 году.

У чэрвені 2009 году ПАРЭ прыняла рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што статус спэцыяльна запрошанага будзе вернуты беларускаму парлямэнту толькі пасьля ўвядзеньня ў краіне мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

Чакаецца, што чарговыя парлямэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 верасьня 2016 году. Менавіта гэтую дату як найбольш імаверную назвала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

XS
SM
MD
LG