Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту


27 студзеня, у гадавіну вызваленьня Чырвонай Арміяй нацысцкага лягеру сьмерці Аўшвіц (Асьвенцім), адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту.

У Нямеччыне яго адзначаюць як дзень памяці ахвяр нацыянал-сацыялізму. А 12-й гадзіне ў Бэрліне пачнецца традыцыйнае ўрачыстае пасяджэньне Бундэстагу, прысьвечанае гэтаму дню. Сёлета прамову ў нямецкім парлямэнце ў памяць аб ахвярах масавага зьнішчэньня габрэяў скажа Рут Клюгер, якая перажыла Галакост падлеткам. Яна нарадзілася ў Вене, а ў гады нацызму стала разам са сваёй маці вязьнем Аўшвіцу. Цяпер ёй, грамадзянцы ЗША і амэрыканскай пісьменьніцы, 84 гады.

Напярэдадні чарговай гадавіны вызваленьня канцлягеру Аўшвіц у Нямецкім гістарычным музэі ў Бэрліне адкрылася выстава твораў мастацтва, таемна створаных вязьнямі ў нацысцкіх лягерах і турмах, а таксама ў габрэйскіх гета. Яна называецца «Мастацтва (з) Галакосту». Выступаючы на адкрыцьці выставы канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель гаварыла аб неабходнасьці вечна захоўваць памяць пра Галакост. Яна таксама адзначыла: «Мы ў Нямеччыне ніколі не павінны забываць, што наша сяброўства з Ізраілем ня ёсьць нешта само сабой зразумелым, а зьяўляецца цудам».

У Беларусі прадстаўнікі некалькіх грамадзкіх габрэйскіх арганізацый сабраліся 26 студзеня ў Менску каля помніка дэпартаваным габрэям. Там адбылася акцыя запальваньня памінальнай сьвечкі. Пасьля ў Цэнтры прагрэсіўнага юдаізму прайшоў малебен.

XS
SM
MD
LG