Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бард Сілка напісаў песьні «для глуханямых»


Стась Сілка

Стась Сілка

Наваполацкі сьпявак Стась Сілка, адзін зь пераможцаў «Бардаўскай восені—2015», распавядае, як разьвіваецца музычная культура ў правінцыі.

Увечары 30 студзеня ў бары «Beer&Wine» наваполацкі сьпявак Стась Сілка дасьць свой першы канцэрт у Менску. Папярэднія канцэрты, якія музыка даў па ўсёй Беларусі, сабралі слухачоў, а ў Менску Сілку падтрымае добра вядомы Алесь Дзянісаў (Dzieciuki, «Людзі на балоце», «Кальян»), а таксама ўладальнікі гран-пры леташняй «Бардаўскай восені» — дуэт «Хмарка на траве».

Сілка ўзяўся як бы зь ніадкуль: да нядаўняга часу ён ня меў прафэсійных запісаў сваіх песень, дый сьвежыя «Песьні для глуханямых», па словах музыкі, запісаныя ў «вельмі андэграўндных» умовах, а ўвесь ягоны «піяр» — хіба старонка «ЎКантакце». Але летась ён ужо трапіў у лік пераможцаў «Бардаўскай восені—2015» і быў намінантам на «Адкрыцьцё году» ў прэміі «Героі году».

Сяргей Будкін, кіраўнік Tuzin.fm, сказаў пра творчасьць барда:

Сяргей Будкін

Сяргей Будкін

«Вартыя павагі спробы маладых выканаўцаў пісаць па-беларуску, нават калі гэта крыва перакладзена з расейскай, выпакутавана са слоўнікам, нацягнута і штучна, прыблізна і каньюнктурна ад таго, што дужа хочацца выступіць на якім-небудзь паважаным фэсьце ці паўдзельнічаць у конкурсе. Але гэта не пра Сілку. Ягонае беларускае слова — пражытае, прадуманае і цалкам натуральнае. Ён, ясна, не вялікі паэта. Ён якраз тэкставік, яго словы выдатна кладуцца пад простыя акорды і трапляюць у самую душу. І маладых людзей, якія з такой далікатнасьцю і павагаю працуюць са словам у музыцы, трэба яшчэ добра пашукаць».

На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

«Ня ведаю, як гэта робіцца, — распавядае Свабодзе Стась пра тое, як „прабіцца“ на сцэну. — Спачатку я пісаў сам і выступаў сам. Празь некаторыя сустрэчы пачаў знаёміцца з астатнімі мясцовымі выканаўцамі. Пачынаў з кватэрнічкаў самых дробных, на 5–10 чалавек, проста прыходзілі сябры. Пасьля атрымалася, што зьехаў у Віцебск вучыцца ва ўнівэрсытэце, там канцэрты пачалі адбывацца пры дапамозе знаёмых. І так адбываюцца і надалей. Нехта недзе пра мяне чуў — „ну, давайце запросім“.

У Наваполацку досыць актыўнае музычнае жыцьцё, але андэграўнднае. Сыстэматычна адбываюцца канцэрты ў клюбах, барах, а вялікіх канцэртаў амаль не бывае. Раз на год, звычайна на пачатку верасьня, бывае вялікі рок-канцэрт, сьвята такое робіцца.

Натуральна, гарады маленькія і ведаем адзін аднаго, але такой вялікай тусоўкі, як тое, што было напрыканцы 80-х, ужо няма. У 90-х былі спробы зладзіць рок-клюб, дзе разам займаліся, рэпэтавалі, мелі агульныя кропкі. Але цяпер кожны цягне сваё. Дый музыка розная, ад электроншчыны да цяжкага мэталу. Цяпер гэта больш асобныя выканаўцы».

Хоць Стась ня лічыць сябе бардам і больш любіць азначэньне «бард-рок», ён выступае адзін, сам сьпявае пад гітару:

«Наўрад ці гэта мая прынцыповая пазыцыя. Хутчэй я проста пакуль ня ведаю, як я хачу, каб гучала мая музыка. Таму зьбіраць музыкаў, каб сядзець на рэпэтыцыях і тупіць, жаданьня няма. Калі буду прыблізна ведаць, чаго хачу ад музыкі, то змагу неяк абіраць музыкаў ці хаця б інструмэнты. Тады мо зьявіцца гурт, але я ня ведаю, ці буду я там галоўным. Калі не абрасту гуртом, буду граць як цяпер».

Цяпер Сілка выконвае «Песьні для глуханямых» з аўтарскімі словамі і на ўласную музыку. Што гэта за музыка і што яна значыць, ён не бярэцца казаць — проста выконвае:

«Ніколі не займаўся аналізам сваёй творчасьці, таму ня ведаю, на што ўпор больш ідзе. Песьні — пра ўсё і ні пра што. Ёсьць досыць канкрэтныя песьні, як „Руіны“ — такая антываенная атрымалася, бо быў стан спэцыфічны, нейкага страху. Астатнія — можа, як бы тое банальна ні гучала, кожны знойдзе сваё. „Песьні для глуханямых“ — ня ведаю. Калі называў альбом, нешта там, напэўна, было. Пыталіся, ці ня вострасацыяльная гэтая тэма, ці не палітычны намёк. Баюся, што не. Гэта іронія нейкая, сьцёб. Мо проста дзеля таго, каб вы спыталі».

Стась скончыў унівэрсытэт па спэцыяльнасьці «мэнэджэр па турызьме», цяпер будзе працаваць у экалягічным музэі ў Полацку. І надалей зьбіраецца паралельна граць і працаваць:

«Толькі музыкай зарабляць не ўдаецца, нават у добрых, топавых артыстаў не атрымліваецца зарабляць музыкай як сьлед. Кожны мае асноўную працу, ці выкладае што, ці тамадой на карпаратывах...»

Але і на музыцы ён пакуль наўрад ці зарабляе — нават ня думае выдаваць «Песьні для глуханямых» на дыску і прадаваць за грошы:

«Якасьць песень, што былі запісаныя... Было б няёмка прасіць у кагосьці за іх грошы, таму я іх выдаў проста ў інтэрнэт і не шкадую пра гэта. Калі будзе магчымасьць, запішуся ў добрай студыі, але пакуль няма такіх магчымасьцяў. Думаю, займуся запісам наступнага альбому, калі буду ведаць, як хачу, каб гучала мая музыка, мо зь іншымі музыкамі».

На канцэртах жа, падобна, Стась выкладваецца напоўніцу. І сам ня ведае, як на яго рэагуюць:

«Цяпер ежджу па Беларусі, быў канцэрт у Віцебску, у Маладзечне, Баранавічах. У Менску 30-га, я думаю, будзе збольшага такая прэзэнтацыя мяне. Ёсьць у Менску шмат розных знаёмых, сяброў, якія ўжо чулі ня раз, але больш разьлік будзе на новых людзей. Потым будзе канцэрт у Магілёве, далей пакуль не плянаваў. На канцэртах бывае па-рознаму, нехта проста сядзіць і слухае, нехта відавочна выпірае наперад, уважліва ўслухоўваецца, у Віцебску мо і падпяваюць. Але я ня ведаю, ня бачу... Я сьпяваю з заплюшчанымі вачыма, ня бачу, што там падчас маіх канцэртаў».

XS
SM
MD
LG