Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччыну запрасілі ўзяць удзел у дэакупацыі Крыму


Прапануецца стварыць міжнародную групу з Украіны, ЗША, Брытаніі і Турэччыны, якая б спрыяла вяртаньню Крыму ў склад Украіны.

Упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны па справах крымскататарскага народу Мустафа Джамілеў абмеркаваў у Страсбургу (Францыя) зь міністрам замежных справаў Турэччыны Мэўлютам Чавушаглу прапанову па стварэньні адмысловага міжнароднага фармату, які паспрыяе дэакупацыі Крыму, паведамляе «Крым. Рэаліі» са спасылкай на прэс-службу Джамілева.

У групу прапануюць увайсьці краінам Будапэшцкага мэмарандуму-1994 (які гарантаваў Украіне бясьпеку пасьля адмовы ад ядзернай зброі і быў падпісаны Украінай, Расеяй, ЗША і Вялікабрытаніяй), а таксама Турэччыне як «адной з уплывовых чарнаморскіх краінаў». Паводле афіцыйнага паведамленьня, прапанова была падтрыманая Чавушаглу, пытаньне мае быць дэталёва разгледжанае ў лютым, калі міністар наведае Кіеў.

Джамілеў знаходзіцца ў Францыі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы, пытаньням Крыму будуць прысьвечаныя некалькі мерапрыемстваў і «круглых сталоў».

Вярхоўная Рада Ўкраіны абвясьціла пачаткам часовай акупацыі Крыму 20 лютага 2014 году. Расея ўжо лічыць Крым суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі (дакладней, двума суб’ектамі — Рэспублікай Крым і горадам фэдэральнага значэньня Севастопалем). Заходнія краіны не прызналі далучэньня Крыму да Расеі, у сувязі з чым увялі супраць Масквы шэраг санкцыяў. Так, з Крымам забаронена працаваць амэрыканскім кампаніям, таму паўвостраў застаецца, напрыклад, без плацёжнай сыстэмы PayPal ці сэрвісаў Apple і Google.

У Будапэшце ў 1994 годзе Расеяй, ЗША, Вялікабрытаніяй быў падпісаны Мэмарандум аб забесьпячэньні сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і бясьпекі ня толькі Ўкраіны, але і Беларусі.

XS
SM
MD
LG