Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць вернікаў Беларусі — «праваслаўныя атэісты»


Большасьць беларусаў кажуць, што вераць у Бога — сьведчаць вынікі сацапытаньня.

Большасьць жыхароў Беларусі кажуць, што вераць у Бога. Пра гэта сьведчаць дадзеныя нацыянальнага сацыялягічнага апытаньня дарослага насельніцтва рэспублікі, праведзенага Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам. Як паведамляе БЕЛТА, у ходзе сацыялягічнага дасьледаваньня адзначылі, што вераць у Бога 63,5% апытаных жыхароў рэспублікі, яшчэ 5% — у звышнатуральныя сілы.

Не змаглі адназначна вызначыць сваё стаўленьне да веры 22% апытаных, а 8,5% адказалі, што не зьяўляюцца вернікамі.

Разам з тым абсалютная большасьць насельніцтва рэспублікі адносіць сябе да дзьвюх канфэсіяў — праваслаўнай (83%) і каталіцкай (9,5%). Да іншых рэлігійных канфэсіяў аднесьлі сябе 2% рэспандэнтаў. Ня лічаць сябе прыхільнікамі канфэсіяў 5% грамадзян.

Згодна з адказамі ўдзельнікаў апытаньня, якія аднесьлі сябе да якой-небудзь рэлігійнай канфэсіі, найбольш важнымі для вернікаў зьяўляецца прытрымліваньне рэлігійных запаведзяў (87%) і малітва (82%).

Спавядацца, наведваць службы ў храме і прычашчацца лічаць неабходным у сярэднім 73% апытаных, выконваць пасты і чытаць сьвяшчэнныя кнігі — 65%.

Большасьць рэспандэнтаў, якія лічаць сябе прыхільнікамі якой-небудзь рэлігіі (63%) адзначаюць рэлігійныя сьвяты. Актыўна паводзяць сябе ў рэлігійным пляне толькі 9% рэспандэнтаў, што аднесьлі сябе да якой-небудзь рэлігіі: стала бяруць удзел у набажэнствах (6%), адпраўленьні ўсіх абрадаў і сакрамэнтаў (3%).

Аляксандар Лукашэнка аднойчы назваў сябе «праваслаўным атэістам», пазьней яго апраўдваў былы кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павал. Маўляў, Лукашэнка — нармальны праваслаўны чалавек, і хацеў сказаць адно што «ня вельмі практыкуючы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG