Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўская дворнічыха ашукала 30 чалавек і незаконна авалодала мільярдам рублёў


Будынак Крычаўскага раённага суду. Ля ўваходу частка пацярпелых
Будынак Крычаўскага раённага суду. Ля ўваходу частка пацярпелых

У Крычаве тры дзясяткі чалавек сталі ахвярамі махлярства адной з жыхарак райцэнтру. Валянціна Дзенісенка ўгаворвала людзей і афармляла на іх для сябе крэдыты. Гэтак яна набрала крэдытаў амаль на мільярд рублёў.

Раённы суд пакараў махлярку на дзевяць гадоў турмы агульнага рэжыму. Паводле прысуду, яна нанесла шкоду банкам. Тыя, на каго афармляліся крэдыты, у судзе выступалі як сьведкі. Іх не прызналі пацярпелымі, хаця яны гэтага і дамагаюцца.

Людзі, на якіх махлярка аформіла крэдыты, былі ўпэўненыя, што іх не ашукаюць, аднак праз пэўны час пачалі прыходзіць лісты, якімі банкі нагадвалі крэдытаатрымальнікам пра іхныя абавязкі. Асуджаная за махлярства жанчына працавала звычайным дворнікам у раённым камунгасе.

Яна прасіла сваіх знаёмых, каб бралі на сваё імя для яе крэдыты. Казала, што будзе сама выплачваць, але нічога не плаціла. Умела пераконваць людзей і ёй верылі.

«Яна прасіла сваіх знаёмых, каб яны бралі на сваё імя для яе крэдыты. Казала, што будзе сама выплачваць, але нічога не плаціла. Умела пераконваць людзей і ёй верылі»,— апавядае гісторыю махлярства жыхарка Крычава, якая прысутнічала амаль на ўсіх пасяджэньнях працэсу.

«Жанчыну гэту асудзілі на дзевяць гадоў з канфіскацыяй маёмасьці», — дадае суразмоўніца. — Сваю віну яна прызнала. Прасіла суд строга яе не караць. Пакаялася. Абяцала ўсё сплаціць. Людзей жа не прызналі пацярпелымі. Яны выступалі на судзе як сьведкі».

Двое ахвяраў ашуканства суду не дачакаліся — памерлі

Пакуль вялося сьледзтва, двое ахвяраў ашуканкі памерлі. Адзін зь іх скончыў жыцьцё самагубствам, а ў другога здарыўся інфаркт. На судзе пра гэтых людзей згадвалі. Па Крычаве папаўзла пагалоска. Людзі зацікавіліся, што магло стацца прычынай скону.

Як вынікала з матэрыялаў справы, грашыма ад крэдытаў асуджаная дапамагала дачцэ расплачвацца за трохпакаёвую кватэру. Пасьпела зрабіць рамонт у сваёй хаце. Заробак у жанчыны быў блізу трох мільёнаў.

У справе фігуравалі аддзяленьні Ідэя-банк, Хоўм-банк, Дэльта-банк, а таксама СТБ.

«Гэтыя камэрцыйныя банкі не патрабавалі даведак пра заробак і матэрыяльны стан людзей, на якіх афармляліся крэдыты. На гэты момант аддзяленьні гэтых банкаў закрытыя. Адна маладая жанчына набрала для махляркі ажно пяць крэдытаў. І яна нідзе не працуе, бо ў дэкрэтным адпачынку. У яе адно дзіця малое, а другое неўзабаве народзіцца. Цяпер маці гэтай жанчыны з пэнсіі выплачвае тыя крэдыты», — зазначае крычаўлянка, якая назірала за судовым працэсам.

У фае суда падчас працэсу. Гэткай мітусьні суд ня бачыў даўно
У фае суда падчас працэсу. Гэткай мітусьні суд ня бачыў даўно

На аднаго з дваццаці пяці жыхароў Крычава асуджаная ўзяла крэдыт у суседніх Клімавічах. Мужчына ўжо меў на сабе крэдыт і ня ў час за яго разьлічваўся, аднак, нягледзячы на кепскую крэдытную гісторыю, махлярка здолела неяк аформіць на яго для сябе 25 мільёнаў рублёў. Пра гэтую банкаўскую пазыку жонка ахвяры ашуканства даведалася толькі праз год, калі пачалі тэлефанаваць з банка.

Пасьля таго, як цяпер ужо асуджанай жанчыне нагадалі пра ейнае абяцаньне плаціць, на некалькі месяцаў тэлефанаваньні прыпыніліся, а потым зноў банк пачаў нагадваць пра пратэрмінаваныя выплаты.

«Муж да яе ўсё хадзіў, а яна абяцала плаціць, аднак званкі з банку не перапыняліся, — апавядае жонка ахвяры. — Тады я за мужа і ў міліцыю. Там высьветлілі, што яна ўжо напісала запіску, у якой былі пазначаныя тыя, хто браў для яе крэдыты. Было дваццаць пяць чалавек. Сярод пазначаных быў і муж. Гэта было ў лістападзе 2014 году».

Ахвяры ашуканства — людзі зь мізэрным дастаткам і пачуцьцём неабароненасьці

Суразмоўніца доўга апавядала пра намаганьні ахвяраў ашуканкі распачаць супраць яе крымінальную справу. Аднак, як яна сьцьвярджае, крычаўскія праваахоўныя органы ўсё марудзілі, нягледзячы на заявы тых, хто палічыў сябе пацярпелым. Справа зрушылася зь месца, калі людзі даслалі ліст начальніку Магілёўскага абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў. Людзям афіцыйна паведамілі, што махлярка ўзятая пад варту 28 траўня 2015 году. Падчас сьледзтва ахвяры ашуканства працягвалі дамагацца, каб іх прызналі пацярпелымі, але марна.

Людзі не былі задаволеныя выракам суду. Дужа абураліся. Крычалі на асуджаную, што яна нахабніца, што ў яе няма сумленьня і што бог яе пакарае.

«І хаця яна прызнала сябе вінаватай, і ў яе знайшлі ў хаце крэдытныя карткі і дамовы на людзей, усё роўна ёй не прысудзілі плаціць крэдыты. Людзі мусяць іх плаціць, — адзначае жонка ахвяры махляркі. — Людзі не былі задаволеныя выракам суду. Дужа абураліся. Крычалі на асуджаную, што яна нахабніца, што ў яе няма сумленьня і што бог яе пакарае. І міліцыя была, але яна ня ўмешвалася. Дужа злыя былі людзі».

Паводле суразмоўніцы, махлярка магла ўбіцца ў ласку і дамагчыся свайго. Некаторых яна матэрыяльна заахвочвала, каб пагаджаліся стаць для яе крэдытаатрымальнікамі. Давала ім на рукі пэўныя сумы грошай. У бальшыні сваёй тыя, хто падпаў пад уплыў махляркі, былі малаадукаванымі, зь мізэрным дастаткам людзьмі, якія адчувалі сябе неабароненымі.

Раённы суд: пацярпелі банкі!

Некаторыя з ахвяраў напісалі ліст у Вярхоўны суд, каб той умяшаўся ў справу і вызначыў, ці справядліва абышліся зь імі, не надаўшы ім статусу пацярпелых. Адказу адтуль пакуль няма. Няма адказу і з адміністрацыі прэзыдэнта, куды таксама паскардзіліся крычаўцы.

Людзі зьвярталіся ў раённую газэту, каб у ёй зьявіўся матэрыял пра дзейнасьць махляркі і суд над ёю, аднак, як сьцьвярджаюць крычаўцы, такой публікацыі не было.

Тым часам, як удалося высьветліць, некаторыя з ахвяраў працягваюць выплачваць крэдыт, які пайшоў не на іхнія патрэбы.

У крычаўскім судзе паведамілі, што Валянціну Дзенісенку, гэтак завуць прызнаную у махлярстве жанчыну, асудзілі 22 студзеня. Асобы, на якіх афармляліся крэдыты, сапраўды праходзілі ў справе як сьведкі.

Яны свой абавязак у выглядзе дачы паказаньняў па справе выканалі. А калі ў іх ёсьць прэтэнзіі, то няхай зьвяртаюцца ў парадку грамадзянскай судавытворчасьці.

«Яны свой абавязак у выглядзе дачы паказаньняў па справе выканалі. А калі ў іх ёсьць прэтэнзіі, то няхай зьвяртаюцца ў парадку грамадзянскай судавытворчасьці. Ім гэта неаднаразова тлумачылі ў судзе — і пісьмова, і вусна. Дзенісенка ж асуджаная. Ёй ставіцца ў віну авалодваньне грашовымі сродкамі банкаў і прычыненьне шкоды банкам у суме блізу аднаго мільярда рублёў», — зазначылі ў Крычаўскім раённым судзе.

Крычаўскія пацярпелыя ад махлярства пакуль шукалі справядлівасьці, то даведаліся, што ў падобнай жа сытуацыі апынуліся паўтара дзясяткі людзей у суседнім Мсьціславе. Пра гэта ім паведаміў, як яны сьцьвярджаюць, крычаўскі адвакат, які бараніў махляра з Мсьціслава. Мсьціслаўскаму ашуканцу прысудзілі, каб ён сплачваў узятыя махляром крэдыты.

Адвакаты, да якіх журналіст зьвяртаўся па камэнтар, адзначалі заблытанасьць справы. З аднаго боку, калі ёсьць дамова між банкам, казалі экспэрты, і крэдытаатрымальнікам, то кліент мусіць выконваць свае абавязкі. З другога боку, калі банк прызнаны пацярпелым, то дамова мусіць страціць сілу.

«Калі ў выраку напісана, што страты нанесеныя банкам, то з кліентаў іхныя абавязкі па выплатах зьнятыя. Гэтыя значыць, што крэдыты атрыманыя падманам», — патлумачыў адзін з адвакатаў. Тым ня менш ён параіў гэтае пытаньне ўдакладніць у саміх банках.

Паводле экспэртаў, такога кшталту махлярства — сьведчаньне прававой непісьменнасьці людзей, залішні давер ды матэрыяльная галеча, якая абумоўленая заняпадам эканомікі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG