Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны ЭЗ вяртаюць памежны кантроль


Дзяржавы Шэнгенскай зоны занепакоеныя праблемамі бясьпекі.

У аўторак Эўрапейская камісія заявіла, што не выключае магчымасьці прадстаўленьня дзяржавам-удзельніцам Шэнгенскага пагадненьня права ўводзіць памежны кантроль на тэрмін да двух гадоў, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Ва ўмовах крызісу, зьвязанага з масавым прытокам мігрантаў, на нарадзе, якая адбылася ў панядзелак у Амстэрдаме, міністры ўнутраных спраў краінаў Эўразьвязу зьвярнуліся да камісіі з просьбай дазволіць ім узмацніць памежны кантроль.

Любая з 26 дзяржаваў-удзельніц Шэнгенскай зоны, у межах якой пры перасячэньні межаў не патрабуецца прад’яўленьне пашпарта, будзе абавязаная інфармаваць камісію адносна праблемаў, якія ўяўляюць пагрозу для бясьпекі. Пасьля гэтага камісія разглядае заяўку аб увядзеньні памежнага кантролю і прымае рашэньне.

У чацьвер Эўракамісія абвясьціла аб тым, што ня лічыць сытуацыю досыць сур’ёзнай для ўвядзеньня абмежаваньняў, але разглядаюцца магчымыя варыянты, прадугледжаныя Артыкулам 26 Шэнгенскага пагадненьня.

У цяперашні час гэты Артыкул 26 дае дзяржавам-сябрам, большасьць зь якіх зьяўляюцца чальцамі Эўразьвязу, права ўводзіць памежны кантроль максымум на два гады ў надзвычайных абставінах.

У сувязі зь міграцыйным крызісам часовыя абмежаваньні ўвялі Аўстрыя, Нямеччына, Данія, Швэцыя і Нарвэгія, якая не зьяўляецца чальцом ЭЗ. Абмежаваньні ўведзеныя на шэсьць месяцаў. Польшча плянуе прыняць аналягічныя меры.

Ўвядзеньне часовага памежнага кантролю выклікала асьцярогі наконт таго, што бязьвізавая Шэнгенская зона — сымбаль адзінства, свабоды і росквіту Эўропы — можа спыніць сваё існаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG