Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы раптам зацікавіліся адмычкамі для дзьвярэй? Няўжо з-за крызісу?


У Беларусь з замежных інтэрнэт-крамаў апошнім часам нечакана пайшлі наборы адмычак для дзьвярэй.

Прычым беларусы замаўляюць там наборы прафэсійныя, якія дазваляюць адчыніць любыя дзьверы нават непадрыхтаванаму чалавеку.

Разам зь міліцыяй мы вывучаем заказчыкаў гэтых прадметаў і спрабуем разабрацца, навошта ім гэта патрэбна.

«Дзіўна, наколькі прафэсійныя наборы. Нават у дамушнікаў такіх няма.

Разам зь міліцыяй мы вывучаем заказчыкаў гэтых прадметаў і спрабуем разабрацца, навошта ім гэта патрэбна», — заявіў сёньня журналістам на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько.

Паводле спадара Сянько, беларусы за год амаль удвая павялічылі колькасьць пакупак у замежных інтэрнэт-крамах. Калі ў 2014-м годзе колькасьць міжнародных адпраўленьняў з пакупкамі, якія прыйшлі ў Беларусь, складала 6,3 мільёна, то летась іх было ўжо 11,8 мільёна. Колькасьць міжнародных паштовых адпраўленьняў з таварамі ў Беларусь нарастае вельмі высокімі тэмпамі. Беларусы актыўна робяць закупы ў інтэрнэт-крамах Кітая, Ганконгу, ЗША.

Юры Сянько заявіў, што мытнікі трацяць на праверку пасылак з інтэрнэт-крамаў толькі адны суткі. Неабходнасьць праверкі паштовых пасылак старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту абгрунтаваў тым, што ёсьць шмат спробаў перамяшчэньня такім чынам наркатычных і псыхатропных рэчываў, асабліва насеньня канапель.

Спадар Сянько сказаў, што закупы ў інтэрнэт-крамах час ад часу прыводзяць да пэўных непаразуменьняў:

Мы рэагуем толькі тады, калі пад выглядам асабістых пакупак людзі купляюць камэрцыйныя партыі тавараў.

«Бываюць выпадкі, калі замест тэлефона альбо айфона ў пасылцы ляжыць кавалачак тратуарнай пліткі. Тут папрацавалі махляры. Гэта магло адбыцца і падчас адпраўкі тавару, а магло здарыцца і падчас перасылкі, бо транзыт вельмі доўгі.

Задача нашай службы — у гэтым лявінным патоку не згубіць кантроль за тымі прадметамі, якія перасылаюць у Беларусь. Калі гаворка ідзе пра замову тавараў для асабістага карыстаньня ў адзінкавай колькасьці, то ніякіх пытаньняў няма. Мы рэагуем толькі тады, калі пад выглядам асабістых пакупак людзі купляюць камэрцыйныя партыі тавараў».

У якасьці прыкладу старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту назваў сытуацыю ў Віцебску, дзе адзін з жыхароў шматпавярховага дома дамовіўся з усімі сваімі суседзямі па пад’езьдзе і на кожнага зь іх выпісаў тавар нібыта для іх саміх, а насамрэч — сабе дзеля перапродажу.

XS
SM
MD
LG