Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна стварае супольную брыгаду з Польшчай і Літвой


Міністры абароны Польшчы, Літвы і Ўкраіны Антоні Мацярэвіч, Юозас Олекас і Сьцяпан Палтарак (зьлева направа) на прэс-канфэрэнцыі ў Любліне, 26 студзеня 2016.

Міністры абароны Польшчы, Літвы і Ўкраіны Антоні Мацярэвіч, Юозас Олекас і Сьцяпан Палтарак (зьлева направа) на прэс-канфэрэнцыі ў Любліне, 26 студзеня 2016.

У польскім горадзе Люблін пачаў працу штаб міжнароднай брыгады, у склад якой увайшлі вайскоўцы зь Літвы, Польшчы і Ўкраіны.

Гэта першая сумесная брыгада, дзе ўкраінскія салдаты будуць служыць разам з вайскоўцамі з краінаў НАТО.

Паводле міністра абароны Ўкраіны Сьцяпана Палтарака, гэтая брыгада стане «лякаматывам», які наблізіць ўкраінскія Ўзброеныя сілы да стандартаў Паўночнаатлянтычнага альянсу.

Адначасова, як адзначаюць экспэрты, ня варта чакаць, што брыгада будзе калі-небудзь задзейнічана ў баявых дзеяньнях на Данбасе.

Брыгада пад назвай «LITPOLUKRBRIG» будзе базавацца ў Любліне. Камандзірам падразьдзяленьня прызначаны польскі афіцэр. Украінец стаў яго намесьнікам. Штогод гэтыя пасады будуць мяняцца паміж краінамі.

Як паведамляюць ва ўкраінскім Генштабе, у складзе брыгады будзе больш за паўтысячы ўкраінскіх вайскоўцаў.

«Стварэньне вайсковага аб’яднаньня заўсёды патрабуе вялікіх сілаў і часу. Трэба было стварыць перадумовы для стварэньня брыгады — мы іх стварылі. Вызначыліся зь месцам і кіраўніцтвам. 2015-2016 гады будуць прысьвечаны фармаваньню штабу і правядзеньню адзінкавай падрыхтоўкі. А ў 2017 годзе мы плянуем выйсьці на маштабныя вучэньні ў складзе брыгады і набыцьцё баявых магчымасьцяў гэтай брыгадай» — заявіў міністар Палтарак.

На думку міністра, брыгада стане важным фактарам гарантаваньня рэгіянальнай бясьпекі на вайсковым узроўні. Раней Сцяпан Палтарак заяўляў, што Ўкраіне трэба 5 гадоў, каб рэфармаваць Узброеныя сілы да стандартаў НАТО. На думку міністра, праца ў сумесным з краінамі-чальцамі альянсу падразьдзяленьні добра паспрыяе гэтаму працэсу.

Цяпер у штабе брыгады служаць 18 украінцаў. Адзін зь іх — Аляксандр Гайн з Роўна. У брыгаду ён трапіў пасьля спэцыяльнага адбору і ўжо адзначае перавагі падрыхтоўкі сумесна з натаўскімі экспэртамі.

Для нас гэта, вядома, велізарны плюс — мець справу з натаўцамі.

«Нашы вайскоўцы, якія прайшлі навучаньне з натаўскімі інструктарамі, ці то мабілізаваныя, ці то кадравікі, значна больш эфэктыўныя ў баі. Гэта значыць, яны лепш выконваюць загады, сярод іх менш стратаў і ў іх вышэйшая матывацыя. Яны бачаць, на каго можна раўняцца. Для нас гэта, вядома, велізарны плюс — мець справу з натаўцамі» — лічыць Гайн.

Пасьля заканчэньня падрыхтоўкі, брыгаду плянуюць выкарыстаць у міратворчых місіях ААН. Гутарка пра дзейнасьць фармаваньня на тэрыторыі Ўкраіны пакуль не вядзецца.

У першы дзень працы штаба міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч заявіў, што «брыгада зьяўляецца выразным сыгналам для ўсіх, хто спрабуе падарваць мір у Эўропе».

Зрэшты, на думку намесьніка дырэктара ўкраінскага Цэнтру дасьледаваньняў арміі, канвэрсіі і раззбраеньня Антона Міхненкі, сыгнал гэты адрасаваны ня толькі Расеі.

Гэта пэўны мэсыдж, у тым ліку і для краін-удзельніц НАТО.

«Гэта пэўны мэсыдж, у тым ліку і для краін-удзельніц НАТО, што ўкраінскія вайскоўцы ўжо дзейнічаюць у складзе сумеснай брыгады з вайскоўцамі з краін НАТО. Калі Ўкраіна супрацоўнічае з вайскоўцамі гэтых краін, то гэта ўжо пэўны палітычны мэсыдж, што Ўкраіна інтэгруецца і прымаюцца практычныя крокі па інтэграцыі са стандартамі НАТО» — лічыць Антон Міхненка.

Дамова аб стварэньні сумеснай украінска-польска-літоўскай брыгады была падпісана ў Варшаве яшчэ 19 верасьня 2014. Усяго ў складзе фармаваньня прадугледжана стварэньне чатырох батальёнаў: па адным з Украіны і Літвы і двух польскіх.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG