Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Дабравольскі: з «Турызму і адпачынку» — на Данбас, з Данбасу — пад кулакі менскага АМАПу


Павал Дабравольскі

Павал Дабравольскі

Зьбітаму ў залі суду журналісту Tut.by даводзілася бачыць вайну.

У будынку суду Фрунзенскага раёну Менску 5 ці 6 чалавек у цывільным на працягу 20 хвілінаў зьбівалі журналіста Tut.by Паўла Дабравольскага і актывістаў Паўла Сяргея і Максіма Шыціка. За зьбіцьцё склалі пратаколы за «непавагу да суду» і «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням», далі штрафы — але ня тым, хто біў, а тым, каго білі.

Зранку 26 студзеня Павал Дабравольскі адчувае сябе горш, чым увечары, кажа ён карэспандэнту Свабоды:

«Мабыць, гэта таму, што раніца, ня ведаю, што будзе крыху пазьней. Але паглядзеў — сінякоў дадалося, галава ўчора не кружылася, як цяпер. Ну, і чамусьці ня мог заснуць, варочаўся-варочаўся».

«Мяне зьбіваюць, а мне яшчэ і плаціць?»

Павал мае намер адстойваць свае правы. Пасьля зьбіцьця ён напісаў заяву ў міліцыю пра зьбіцьцё, яе накіруюць у Сьледчы камітэт.

Справа ня ў грошах, трэба проста неяк супраціўляцца, бо за што плаціць? Мяне зьбіваюць, а мне яшчэ і плаціць?

«Сёньня пайду здыму пабоі, празь дзень забяром копію пастановы суду. Будзем гэта абскарджваць, бо калі мы сплоцім гэты штраф, то пацьвердзім, што я напаў. Справа ня ў грошах, трэба проста неяк супраціўляцца, бо за што плаціць? Мяне зьбіваюць, а мне яшчэ і плаціць?

Мяне яшчэ зьдзівіла, што ўсё запісана са словаў, што я лаяўся, што я біў. Судзьдзя проста запісала паказаньні „сьведак“, проста зь іх словаў прыняла сваё рашэньне. Пакажыце гэта на відэа, на аўдыё! Калі ня зможаце даказаць, што гэта паклёп, ёсьць артыкул на гэты конт.

Гэтая ўся хлусьня выявілася яшчэ да суду. Я гэта ўпершыню пабачыў яшчэ ў Фрунзэнскім РУУС — напісалі пратакол, зачытваюць мне, кажуць: „Будзеш падпісваць?“ Я гэта слухаю — проста рот разяваецца, як я нападаў, мацюкаўся. Трымалі тры гадзіны і напісалі такую лухту».

Сярод абвінавачаньняў Паўлу быў і напад на АМАПаўцаў. Павал з гэтымі абвінавачаньнямі не згаджаецца і кажа, што кулакамі махаць ня любіць. Раней ён ня меў судзімасьцяў і прыводаў у міліцыю:

«Памятаю з пастановы суду, мне яшчэ неяк зьменшылі штраф, бо ў мяне не было нічога такога раней. А адразу зачыталі нават болей за 9 мільёнаў».

Журфак, турызм, адпачынак, Данбас

Павал Дабравольскі скончыў журфак БДУ, але пачаў працаваць яшчэ падчас навучаньня:

Лілія Кобзік, рэдактар „Турызму і адпачынку“, паклікала ў сваю газэту працаваць у штат, калі я быў на чацьвёртым курсе, але да гэтага я пісаў туды па-за штатам.

«Лілія Кобзік, рэдактар „Турызму і адпачынку“, паклікала ў сваю газэту працаваць у штат, калі я быў на чацьвёртым курсе, але да гэтага я пісаў туды па-за штатам. Недзе з 2010-га зь імі супрацоўнічаў, з 2012-га ў штаце. А са студзеня 2013-га па сьнежань 2014-га працаваў на ej.by — напісаў туды сам і адразу ўзялі, не пыталіся нават пра адукацыю. Паглядзелі, што я магу, быў нейкі выпрабавальны тэрмін, але скончыўся хутка, і я пачаў працаваць».

На старонках Паўла ў сацсетках як месца навучаньня пазначаны таксама Тэхаскі ўнівэрсытэт у Остыне — ён тлумачыць, гэта адны са шматлікіх курсаў, ды ня ўсе з тых курсаў «распазнаюцца» сацсеткамі, таму дадаў толькі гэтыя:

«Курсы праводзіліся па тры месяцы кожны на розныя тэмы. Маю некалькі сэртыфікатаў, цэлая тэчка ёсьць з дыплёмамі. Насамрэч яны далі значна больш за журфак».

Пасьля працы ў Беларусі Павал пераехаў у Кіеў, дзе і плянаваў застацца, бо знайшоў добрую працу. На ёй давялося рэгулярна рабіць матэрыялы з Майдану і вайны на Данбасе. Адзін з матэрыялаў, «Унутраны сьвет ДНР», заняў другое месца на аўстрыйскім конкурсе Writing for CEE 2015.

«У студзені 15-га я трапіў на стажыроўку ў кіеўскую рэдакцыю „Новое время“. Гэта самая моцная рэдакцыя Ўкраіны. Ня самае моцнае СМІ, але менавіта як рэдакцыя, бо як СМІ яны яшчэ на першае месца ня выйшлі. Але гэта была каманда Korrespondent.net, якая цалкам звольнілася пасьля зьмены ўладальніка, плюс туды прыйшлі журналісты зь Lenta.ru, Forbes... Пабыў там два месяцы, прапанавалі застацца ў іх працаваць, але былі цяжкасьці з афармленьнем віду на жыхарства, якія супалі з прапановай працы на Tut.by — таму вярнуўся ў Менск. І з 1 жніўня стала працую на Tut.by».

Пра Плошчу і архітэктуру

На Tut.by за Паўлам, кажа ён, не замацаваныя пэўныя тэмы і напрамкі, даводзіцца працаваць з рознымі, і гэта яму падабаецца.

Журналістыка, яна павінна быць нэўтральнай, асьвятляць усе бакі!

«Самы першы матэрыял, які быў надрукаваны на Tut.by, — гэта было інтэрвію з сэпаратысцкім мэрам Луганску Манолісам Пілававым. Тое быў візыт у сэпаратысцкую частку Данбасу, яго ня ўсе прывіталі, нават у рэдакцыі „Нового времени“ гэтае інтэрвію адмовіліся друкаваць. Але гэта журналістыка, яна павінна быць нэўтральнай, асьвятляць усе бакі!

Калі была прэзыдэнцкая кампанія, шмат пісаў на тэму палітыкі, з розных пікетаў, з шэсьця ад Свабоды да Якуба Коласа, зь мітынгу на Кастрычніцкай, жывыя эфіры ладзілі. Цяпер, калі палітыкі ўжо меней... А яна ў нас эпізадычная, ня тое, што ва Ўкраіне... Цяпер пісаў больш на тэму гарадзкога жыцьця».

Сярод сьвежых матэрыялаў Дабравольскага на Tut.by — рэпартаж пра сьледчы экспэрымэнт, якога чакалі тры гады, гутарка пра рост забруджаньня паветра ў беларускіх гарадах, дасьледаваньне барацьбы з «архітэктурнымі празьмернасьцямі» ў Менску 1950-х.

XS
SM
MD
LG