Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людміла Пуціна зьмяніла прозьвішча — верагодна, выйшла замуж


Людмила Путина

Людмила Путина

Людміла Пуціна, былая жонка прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, пасьля разводу зьмяніла прозьвішча на Ачарэтную (па-расейску — Очеретную). Пра гэта сьведчаць дакумэнты на права ўласнасьці на кватэру ў Пецярбургу, якую сям’я Пуціных атрымала у 1995 годзе. Расьсьледаваньне пра Людмілу Пуціну апублікаваў расейскі «Собеседник».

Паводле выданьня, зьмена прозьвішча былой жонкі расейскага прэзыдэнта зьвязана з тым, што яна выйшла замуж за 37-гадовага кіраўніка Цэнтра разьвіцьця міжасабовых камунікацый (ЦРМК) Артура Ачарэтнага, які раней працаваў у фірме «Арт шоу цэнтар» і арганізоўваў розныя мерапрыемствы, у прыватнасьці , для партыі «Адзіная Расея», Агульнарасейскага народнага фронту і «Газпраму». Акрамя таго, з Ачарэтным зьвязаны выдавецкі дом «Літаратурная вучоба», які, як сьцьвярджае «Собеседник, знаходзіцца «пад негалосным патранатам» былой жонкі Ўладзіміра Пуціна.

Інфармацыю пра тое, што Людміла Пуціна зьмяніла прозьвішча, праверылі і пацьвердзілі ў Фондзе барацьбы з карупцыяй. Пра гэта паведаміў супрацоўнік ФБК Георгій Албураў. Паводле яго, у жніўні 2015 кватэра ў Пецярбургу, якая належала раней Людміле Аляксандраўне Пуцінай, перайшла ва ўласнасьць Людмілы Аляксандраўны Ачарэтнай, чые дата і месца нараджэньня супадаюць з дадзенымі былой жонкі прэзыдэнта Расеі.

Уладзімер Пуцін абвясьціў пра развод са сваёй жонкай у ліпені 2013 году. Тады муж і жонка назвалі гэтае рашэньне «агульным». Людміла Пуціна дадала, што «шлюб завершаны» ў сувязі з тым, што яны практычна ня бачацца. «Уладзімір Уладзіміравіч цалкам пагружаны ў працу, дзеці нашыя вырасьлі, яны жывуць кожны сваім жыцьцём. Увогуле, так склалася, што ў нас у кожнага сваё жыцьцё», — заявіла былая жонка расейскага прэзыдэнта. Уладзімір і Людміла Пуціна пражылі ў шлюбе 30 гадоў.

XS
SM
MD
LG