Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Аляксандра Алесіна зьнялі падпіску аб нявыезьдзе, справу супраць яго прыпынілі


Аляксандар Алесін

КДБ прыпыніў крымінальную справу супраць ваеннага аглядальніка, журналіста Аляксандра Алесіна.

Аляксандар Алесін распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго выклікалі ў КДБ і коратка паведамілі, што справа прыпыненая і ён цяпер вольны ў сваіх перасоўваньнях.

— Мне паведамілі аб прыпыненьні маёй справы ў адпаведнасьці з артыкулам 246 частка 1 пункт 5 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Паводле артыкула, наколькі я разумею, у сувязі зь немагчымасьцю правядзеньня сьледчых дзеяньняў. Цяпер я выязны.

— Справа прыпыненая, але ня спыненая? Як вам патлумачылі?

Такое зьмякчэньне апраўдана і ў пляне паляпшэньне стасункаў зь міжнароднай супольнасьцю і выхаду на міжнародныя прававыя стандарты.

— Мне гэтага не сказалі. Наколькі я разумею, існуе пэўная юрыдычная калізія. Бо старшыня КДБ выступіў у парлямэнце з праектам пастановы пра тое, каб ліквідаваць з КПК артыкул, па якім супраць мяне была пачата справа. У парлямэнце ўсе працэдуры выкананыя, справа за подпісам прэзыдэнта. Магчыма, гэта вырашэньне гэтай калізіі. Прыпынілі, бо, з аднаго боку, працэдура прайшла ў парлямэнце, але ня вырашана канчаткова, бо прэзыдэнт не падпісаў. Але калі няма артыкула, то і справы супраць мяне няма. Такія артыкулы — гэта даволі вострая зброя. І ўсё залежыць ад намераў таго, у чыіх руках гэтая зброя. І могуць пацярпець людзі, якія не парушалі закон. Таму такое зьмякчэньне апраўдана і ў пляне паляпшэньне стасункаў зь міжнароднай супольнасьцю і выхаду на міжнародныя прававыя стандарты. Цяпер і міліцыя ідзе на зьмякчэньне розных санкцыяў у выпадку нязначных адміністрацыйных парушэньняў. То бок гуманізацыя заканадаўства апраўданая і пойдзе толькі на карысьць.

10 сьнежня 2014 году Аляксандар Алесін быў вызвалены са сьледчага ізалятара КДБ, дзе адбыў у «адзіночцы» 21 дзень. Журналіста абвінавацілі ў шпіянажы і распачалі супраць яго крымінальную справу.

Вырашаліся нейкія глябальныя задачы дзяржаўнымі і спэцорганамі, а я трапіў у гэтыя жорны.

«Я апынуўся ўцягнутым у вір. Так бы мовіць, пахмелле ад чужога вяселля. Відаць, проста трапіў пад раздачу. То бок вырашалі нейкія свае задачы, і мне не пашанцавала. Я карыстаўся выключна афіцыйнымі крыніцамі, і нават калі я атрымліваў нейкія камэнтары, гэта была інфармацыя адкрытая. Я лічу, што я не парушаў беларускага заканадаўства і ў сваёй працы не парушыў закон. Вырашаліся нейкія глябальныя задачы дзяржаўнымі і спэцорганамі, а я трапіў у гэтыя жорны».

Аляксандар Алесін кажа, што даваў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы і цяпер, пасьля яе прыпыненьня, ня мае права падаць нейкія падрабязнасьці.

Алесін сказаў, што ягонай працы цяпер нічога не перашкаджае.

«Месяцаў пяць я ўжо больш вольна сябе адчуваў, прыкладна з таго моманту, калі пачалася працэдура па адмене гэтага артыкула. Зносіны са сьледчымі органамі былі ўсё радзей і мелі фармальны характар, а потым і наагул спыніліся. Таму я не адчуваў нейкіх абмежаваньняў у працы, апроч таго, што быў невыязны».

XS
SM
MD
LG