Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдняя зарплата ў Менску вырасла і ўпала ніжэй за 500 даляраў


У сярэднім за сьнежань беларус атрымаў 7 424 092 рублі, упершыню зь лета зарплаты вырасьлі. У сталіцы нават былі большыя за 500 даляраў, калі лічыць па сьнежаньскім курсе. Па студзеньскім — ужо меней.

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, сьнежаньскія зарплаты беларусаў вырасьлі адносна лістападаўскіх на 8,7%. Дагэтуль сярэдняя зарплата ў беларускіх рублях падала чатыры месяцы запар.

Сярэдняя зарплата ў сьнежні па рэспубліцы склала 7 424 092 рублі — паводле курсу на 31 сьнежня гэта без 20 цэнтаў 400 даляраў. Праўда, паводле курсу на момант публікацыі — ужо толькі 352 даляры.

Зарплаты па сталіцы, самыя высокія па Беларусі, пераступілі мяжу ў 10 млн — у сьнежні сярэдняя зарплата ў Менску склала 10 462 700 рублёў (563 даляры на 31 сьнежня, але 495 даляраў на момант публікацыі). Самая нізкая сярэдняя зарплата зафіксаваная па Магілёўскай вобласьці, 6 163 300 рублёў (332 даляры на 31 сьнежня, 292 — на момант публікацыі).

У канцы 2015 году Мінэканомікі зьнізіла прагноз па сярэдняй заробнай плаце, але дарма: 29 сьнежня прагноз на студзень зьнізілі з 7,212 млн да 6,924 млн, але і ранейшы, і новы прагноз аказаліся меншымі за выніковыя 7,424 млн. На канец году прагназавалася сярэдняя зарплата ў 8,841 млн — праўда, курс даляра ў бюджэт закладзены 18 700 рублёў.

XS
SM
MD
LG