Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дамоклаў меч гібрыднай вайны


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

«Узмацніліся супярэчнасьці паміж Расейскай Фэдэрацыяй і дзяржавамі — чальцамі НАТО, калі не сказаць больш. І паміж імі апынуліся мы, як паміж молатам і кавадлам», — заявіў днямі прэзыдэнт Лукашэнка на пасяджэньні Рады бясьпекі па пытаньні разгляду ваеннай дактрыны Беларусі.

На гэтай нарадзе Аляксандр Лукашэнка прыгадаў становішча Беларусі «паміж молатам і кавадлам» другі раз за адзін тыдзень, папярэдняя параўнаньне тычылася зьмены правілаў гандлю паміж ЭЗ, Украінай і Расеяй.

З тлумачэньняў кіраўніка дзяржавы, дадзеных на нарадзе па ваеннай дактрыне, вынікала, што, калі мадыфікаваць мэтафару, то гаворка ідзе хутчэй аб становішчы паміж двума молатамі, згодна з новымі поглядамі беларускай улады пагрозы Беларусі зыходзяць з абодвух бакоў. «Актыўнае выкарыстаньне мэханізмаў „каляровых рэвалюцый“ для зьвяржэньня законнай улады прывяло да павелічэньня колькасьці ўзброеных канфліктаў. Пры гэтым усё часьцей дасягненьне палітычных мэтаў адбываецца шляхам падрыву дзяржавы знутры» — адзначыў беларускі лідэр.

Ну гэта зразумела пра заходні «молат». Напэўна, пра яго. А вось наступная цытата пра каго? «Прэзыдэнт зьвярнуў асаблівую ўвагу на тое, што паўсталі новыя зьявы, якія патрабуюць адэкватнага рэагаваньня. Так, на зьмену традыцыйным формам вайны прыйшлі іншыя, у тым ліку так званыя гібрыдныя. У іх значна павысілася роля інфармацыйных рычагоў узьдзеяньня на фармаваньне грамадзкай думкі ў той ці іншай дзяржаве».

І хто ж, цікава, вядзе гібрыдныя вайны, калі расейскіх войскаў у Данбасе няма, а Крым быў далучаны да РФ шляхам вольнага волевыяўленьня мясцовага насельніцтва?

І хто ж, цікава, вядзе гібрыдныя вайны, на якія трэба «адэкватна рэагаваць», калі, як паведамляе расейскае тэлебачаньне, расейскіх войскаў у Данбасе няма, а Крым быў далучаны да РФ шляхам вольнага волевыяўленьня мясцовага насельніцтва? І цікава — якія замежныя дзяржавы валодаюць «сур’ёзнымі рычагамі інфармацыйнага ўзьдзеяньня» ў беларускай дзяржаве?

Варта адзначыць, што падобныя прамовы гучалі ня раз і раней, яшчэ ў красавіку 2014 года Аляксандр Лукашэнка казаў пра тое, што «калі сюды прыйдзе Пуцін, то невядома, на чыім баку будуць ваяваць рускія». Але цяпер аб такім сцэнары гаворыцца не ў палымянай прамове, а на інструктыўнай нарадзе з нагоды ваеннай дактрыны краіны. Людзі ў пагонах — ня філёзафы, якія з зачараваньнем абмяркоўваюць цудоўную складанасьць сьвету. Яны дзейнічаюць згодна з дакладнымі паняцьцямі — саюзьнік, праціўнік, пагроза. І вось ім тлумачаць, што саюзьнік — ён вядома саюзьнік, але як бы і пагроза таксама.

Прыкладна пра тое ж казаў з нагоды новай ваеннай дактрыны і дзяржсакратар Рады бясьпекі РБ Станіслаў Зась, ён адзначыў два пункты: гібрыдная вайна і супрацьдзеяньне інфармацыйнаму ўзьдзеяньню на беларускае насельніцтва.

Ці азначаюць словы пра гібрыдныя войны, што кіраўніцтва Беларусі баіцца, што «зялёныя чалавечкі» у хуткім часе зьявяцца ў Віцебскай або Магілёўскай абласьцях? Не, не азначаюць. У доўгатэрміновай ваеннай стратэгіі, як ні ў якой іншай сфэры, дзейнічае прынцып «пагроза мацней за выкананьне». Чаму, напрыклад, Расея рэзка выступае супраць сяброўства Грузіі і Украіны ў НАТО, чаму разглядае такую пэрспэктыву, як пагрозу сваёй бясьпецы? Ці таму, што тады танкі НАТО апынуцца пад Растовам, таму што скароціцца падлётны час натаўскіх ракет да Масквы? І таму таксама, але не галоўным чынам таму.

Калі краіна не ў НАТО, то яна разумее, што ў выпадку ваеннага канфлікту вялікая рызыка, што яна застанецца з праціўнікам сам на сам.

Калі краіна — чалец НАТО, на яе распаўсюджваюцца гарантыі пятага артыкула статуту Альянсу, згодна зь якім напад на любога чальца саюзу разглядаецца астатнімі, як напад на ўсіх і кожнага. А не — то не. Калі краіна не ў НАТО, то яна разумее, што ў выпадку ваеннага канфлікту вялікая рызыка, што яна застанецца з праціўнікам сам на сам. Ну можа не зусім сам на сам, але дапамагаць ёй і абараняць яе трэція краіны будуць па меры магчымасьці і жаданьні. Як, уласна кажучы, і адбылося ў дачыненьні да Грузіі ў 2008 годзе і Украіны з 2014 году па цяперашні час.

Улічваючы гэтую нярадасную пэрспэктыву, такія краіны будуць вымушаныя ўлічваць інтарэсы магутнага і ваяўнічага суседа ў большай ступені, чым ўлічвалі б, калі б знаходзіліся пад «парасонам» НАТО. Не выпадкова Турэччына пасьля інцыдэнту са зьбітым СУ-24 першае, што зрабіла — зьвярнулася ў НАТО для пацьверджаньня канчатковых гарантыяў сваёй бясьпекі.

Адсутнасьць такіх гарантыяў моцна абмяжоўвае незалежнасьць палітыкі суседзяў Расеі. Пры гэтым ў прынцыпе Расеі нават не абавязкова зьвяртацца да «апошняга аргумэнта каралёў» і нават пагражаць ім, сам па сабе факт ваеннай магутнасьці РФ у гэтым сытуацыі прымушае яе суседзяў выключаць для сябе некаторыя варыянты палітыкі. І не толькі ў ваеннай сфэры і ў сфэры бясьпекі — у самых розных сфэрах.

На першы погляд, у дачыненьні да Грузіі і Ўкраіны гэтая прэвэнтыўная палітыка «дамоклава мяча» не спрацавала, меч на гэтыя краіны абрынуўся. Ну так тым больш пераканаўча выглядае гэты «дамоклаў меч», які вісіць над галовамі іншых суседзяў Расеі. Ды і ў дачыненьні да гэтых дзьвюх краінаў жыцьцё не канчаецца сёньняшнім днём. Тыя зьмены, якія адбыліся ў зьнешняй палітыцы Грузіі пасьля Саакашвілі, тлумачацца не ў апошнюю чаргу ўсё той жа наяўнасьцю небясьпечнага суседа і адсутнасьцю гарантыяў бясьпекі.

Расея прадэманстравала ва Ўкраіне, што мае і магчымасьць, і гатоўнасьць у пэўных абставінах зьвярнуцца да гібрыднай вайны.

Але гэтая лёгіка дзейнічае і ў іншы бок. Расея прадэманстравала ва Ўкраіне, што мае і магчымасьць, і гатоўнасьць у пэўных абставінах зьвярнуцца да гібрыднай вайны. Пры гэтым варта прыгадаць, што ва ўзаемаадносінах паміж Беларусьсю і РФ здараліся вострыя моманты: адключэньне газу ў 2004 годзе, якое Лукашэнка тады назваў «тэрарызмам на вышэйшым узроўні», нафтавая «вайна» ў пачатку 2007 году, малочная «вайна» 2009 году, газавая «вайна» і «хросныя бацькі» 2010 году. Ва ўсіх гэтых канфліктах беларускі бок дзейнічаў даволі рэзка. А ці дзейнічаў бы так, як дзейнічаў, ведаючы, што ў Расеі ў дадатак да эканамічных, палітычных і іншым рычагоў ёсьць у запасе і рычаг гібрыднай вайны? А вось не факт. Па меншай меры на беларускую ўладу моцна ціснула б нявызначанасьць наконт таго, што ў расейцаў на розуме, дзе тая мяжа, за якой яны ўжывуць і гэты «аргумэнт». У «тэрарызьме на вышэйшым узроўні» расейскую дзяржаўную машыну можна было адносна бязбоязна выкрываць тады, калі яна, згодна з вядомым анэкдотам, мела толькі дзьве «пэдалі» — газ і ...нафту. Калі дадалася яшчэ адна «пэдалька», як бы падобнымі дакорамі што-небудзь сабе не напрарочыць.

Што такіх канфліктаў не будзе ў будучыні, гарантыі не дасьць ніхто. І што ж Беларусь можа супрацьпаставіць абмежавальнаму фактару, якім чынам можа вярнуць сабе хоць бы той узровень свабоды манэўру, які яна мела ў канфліктах, пералічаных вышэй? Адказ у самым агульным выглядзе — паказаць зубы, даць зразумець дарагому саюзьніку, што зьвярніся ён да «апошняга аргумэнта», так і Беларусі знойдзецца, чым адказаць, і што Расеі гібрыдная вайна з Беларусьсю будзе каштаваць значна даражэй, чым Крамлю ўяўляецца.

Нацыяналістычны паклёп — скажа нехта з чытачоў. — Ды і ў думках няма ў Расеі нападаць на Беларусь ні гібрыдна, ні неяк інакш. Выдатна, дык і Беларусь не зьбіраецца адбіваць напад, якога ў Расеі няма і ў думках. Дзе напісана або сказана, што зьбіраецца? Нідзе. Але на выпадак, калі ў гіпатэтычным канфлікце ў будучыні, падобным на канфлікты 2004, 2007, 2009, 2010 гадоў, такая шалёная думка раптам зьявіцца, праводзяцца або абазначаюцца некаторыя мерапрыемствы, каб яна як прыйшла, так і сышла.

Ужо наколькі ўмацуецца беларускае войска, узброенае новай ваеннай дактрынай — адказ на гэта неадназначны. Але ён і для Крамля неадназначны. Гэтая нявызначанасьць крыху абмяжоўвае і для яго поле магчымых залішне рашучых дзеяньняў.

Новыя акцэнты ў ваеннай дактрыне, словы пра «молат і кавадла» не азначаюць, што Беларусь рыхтуюць да крутога геапалітычнага развароту, што заўтра Захад стане сябрам, а Расея — ворагам. Па-першае, такі разварот як раз і прывёў бы да сцэнару, якога хацелася б пазьбегнуць — да расейскай гібрыднай вайны. Па-другое, беларуская ўлада разглядае «каляровую рэвалюцыю», як такую ж пагрозу, як «зялёных чалавечкаў».

Так што мэта — усяго толькі зрабіць больш трывалай нітку, на якой вісіць расейскі дамоклаў меч.

Перадрук з парталу TUT.BY.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG