Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску навучаюць «Дыджэяў» і «Мэнэджэраў Адраджэньня». Найлепшы стане магістрам «Ордэна дыджэяў»


Павал Севярынец

Павал Севярынец

У памяшканьні менскай «Арт-сядзібы» 26 студзеня пачнецца чарговы сэзон навучальных курсаў «Дыджэяў Адраджэньня».

У курсах маюць узяць удзел каля сарака чалавек, якія атрымаюць досьвед працы дыджэяў і мэнэджэраў у справе беларускага нацыянальнага адраджэньня.

Адзін з ініцыятараў курсаў, заснавальнік партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і былы маладафронтавец Павал Севярынец з гэтай нагоды распавёў Свабодзе:

— Гэта ўжо адзінаццатыя курсы, якія распачаліся ад 1999 году сіламі «Маладога фронту». Іх задача — рыхтаваць грамадзкіх лідэраў у справе беларусізацыі. Перадусім — маладых людзей, якія б маглі праводзіць канцэрты, вечарыны і віктарыны: як працаваць з аўдыторыяй, як быць пераканаўчым у справе пашырэньня і папулярызацыі беларускасьці. Гэтыя курсы перапыняліся толькі на час маіх «адседак» у Малым Сітне і Купліне. Ужо летась гэтыя курсы былі абноўленыя і мадэрнізаваныя, а сёлета ў нас распачынаецца падрыхтоўка ня толькі «дыджэяў» адраджэньня — гэта значыць лідэраў, але яшчэ і «мэнэджэраў». Гэта значыць, што «дыджэі» будуць непасрэдна працаваць з аўдыторыяй, а «мэнэджэры» будуць павінны займацца арганізацыйнымі справамі ў падрыхтоўцы такіх заняткаў.

— Што ўяўляе сабой праграма падрыхтоўкі і якія людзі звычайна праходзяць навучаньне, як шмат?

Калі чалавек жадае і мае мінімальную аснову беларушчыны, то ён становіцца заўважным грамадзкім лідэрам амаль адразу.

— Зараз заняткі распачнуць прыкладна сорак чалавек, бо курсы будуць праходзіць на пляцоўцы «Арт-сядзібы». Там крыху большае памяшканьне і ёсьць такая магчымасьць. Раней гэта было на сядзібе Партыі БНФ, і магчымасьцяў было менш, то і людзей таксама. Курсы ўяўляюць сабой штотыднёвы двухгадзінны занятак, хатняе заданьне і самападрыхтоўку — гэтак навучаньне трывае цягам дванаццаці тыдняў. Тэмы заняткаў: індывідуальная і масавая псыхалёгія, асоба, асновы нацыянальнага руху, тэорыя, гісторыя і практыка беларусізацыі, тэхналёгія публічных выступаў і дзеяньняў. Мы навучаем працы ў сацыяльных сетках і ў правядзеньні акцыяў нацыянальнага маштабу. Ёсьць і элемэнты экстрыму, калі мы даем чалавеку грошы на квіток і называем нейкае месца ў Беларусі, куды ён мае дабрацца і цягам сутак правесьці там беларускую імпрэзу. Калі чалавек жадае і мае мінімальную аснову беларушчыны, то ён становіцца заўважным грамадзкім лідэрам амаль адразу. Да прыкладу, адзін зь вядомых грамадзкіх актывістаў Алесь Мазанік ужо падчас выпрабаваньняў правёў дзясяткі віктарынаў па школах. А Павал Дзюсекаў, каб стаць пераможцам, правёў дзевяноста «Шоў беларушчыны». Курс трывае да траўня, і падчас выніковага летніка лепшыя дыджэі будуць уганараваныя, а пераможца будзе абвешчаны магістрам «Ордэна дыджэяў» — гэта арганізацыя з выпускнікоў дыджэяў, якія былі падрыхтаваныя ад 1999 году.

— Колькі такіх выпускнікоў і як людзі рэалізоўваюць атрыманыя на курсах веды, уменьні і навыкі?

На сёньня беларушчына — гэта не камэрцыя і ня бізнэс, гэта пакліканьне душы.

— Усяго сто дзевяць чалавек было падрыхтавана. Сярод іх такія вядомыя грамадзкія актывісты, як Наста Палажанка-Дашкевіч, Андрэй Кім, Артур Фінькевіч, Алег Корбан, Тацяна Шапуцька, Кастусь Шыталь, Дзяніс Садоўскі і шмат іншых. Гэта цэлае пакаленьне грамадзкіх лідэраў, якія яскрава выявілі сябе ў дзейнасьці беларускага, грамадзкага, хрысьціянскага руху. Гэта ўсё робіцца сіламі патрыётаў на грамадзкіх асновах. На сёньня беларушчына — гэта не камэрцыя і ня бізнэс, гэта пакліканьне душы. Гэта занятак для беларускіх патрыётаў. У нас, на жаль, жніво вялікае, але работнікаў мала.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG