Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускія сувэніры выстаўлялі ў Нью-Ёрку, як партрэт Джаконды». Як адраджалі народныя промыслы ў Беларусі


Зінаіда Ляўчэня чытае нарысы пра сваіх продкаў

Зінаіда Ляўчэня чытае нарысы пра сваіх продкаў

Напрыканцы 1960-х гадоў у Беларусі ўзяліся адраджаць народныя промыслы. На той момант майстроў, якія б маглі вырабляць нацыянальныя сувэніры, амаль не засталося. Зінаіда Ляўчэня — адна з тых, каму давялося адраджаць занядбанае.

Напрыканцы 1960-х гадоў у Беларусі ўзяліся адраджаць народныя промыслы. На той момант галіна была цалкам занядбаная.

Майстроў, якія б маглі вырабляць нацыянальныя сувэніры, амаль не засталося. А партыйная намэнклятура мела патрэбу ў сувэнірах, каб у замежных камандзіроўках дэманстраваць нацыянальную адметнасьць беларусаў.

Зінаіда Сяргееўна Ляўчэня — адна з тых, каму давялося адраджаць занядбанае. Яна распрацавала тэхналёгію вырабу сувэніраў зь лёну і саломкі.

У 1968 годзе, як выйшла пастанова ўраду БССР пра адраджэньне народных промыслаў у Беларусі, Зінаіда Сяргееўна працавала на Маладэчанскай фабрыцы мастацкіх вырабаў. Гэтае прадпрыемства і стала базавым для вырабу беларускіх сувэніраў. Пазьней у энцыкляпэдычных даведніках напішуць: Зінаіда Ляўчэня — заснавальніца тэхналёгіі вырабу зь лёну і саломкі.

Зінаіда Сяргееўна Ляўчэня

Зінаіда Сяргееўна Ляўчэня

«Тады ж быў такі заняпад. Панавала мяшчанства. У ім не было месца свайму. Усё выкідалі роднае, — апавядае Зінаіда Сяргееўна. — Пра мяне ведалі, што я да ўсялякіх сьвятаў прыбірала цэх, каб адчувалася сьвяточная атмасфэра. Дык выклікалі ў райкам партыі і кажуць: „Табе давядзецца пакінуць пасаду брыгадзіра і заняцца сувэнірамі. Распрацаваць іх мадэлі“. Вось я і распрацавала».

Тады ж пачалі больш езьдзіць за мяжу, тлумачыць суразмоўніца неабходнасьць адраджэньня сувэнірнай вытворчасьці, а везьці туды дэлегацыям не было чаго.

«Хапіліся, а сувэніраў жа няма, бо ўсё загубілі на корані. Тады і ўзяліся за адраджэньне. Гэтак я і стала адраджэнкай. А адраджаць тады даводзілася ўсё з нуля. З галавы выдумляць».

Першыя сувэніры былі недасканалыя і сьмешныя

Зінаіда Сяргееўна нядоўга разважала, які матэрыял трэба браць для беларускага сувэніру. Найбольш прыдатным, на яе перакананьне, быў лён. «Мы ж беларусы сінявокія», — кажа яна.

«Дык і лён жа таксама, як мы, сінявокі. Акурат у той час, у нас на лецішчы, за дарогаю, было жытнёвае поле, а за ім льняное. І далёка-далёка распасьціраліся льняныя, блакітнавокія хвалі. Усё, кажу сабе — зь лёну буду рабіць, бо Беларусь ільняная ды сінявокая».

Саўка і Магрэта – першыя адроджаныя беларускія сувэніры

Саўка і Магрэта – першыя адроджаныя беларускія сувэніры

«Першыя беларускія мае сувэніры, Саўка і Магрэта, былі цалкам зь лёну, — працягвае Зінаіда Сяргееўна. — Недасканалыя былі, сьмешныя. Павезла іх на мастацкую раду. „Усё добра“, — сказалі. Ухвалілі. Гэтак і пайшло, і паехала».

«Як пачалі з сувэнірамі езьдзіць ужо дэлегацыі, дык выклікае мяне неяк зноў сакратар райкаму і кажа: «Ляўчэня, а ці ведаеш, што твае сувэніры ў Нью-Ёрку ў гасьцінцы, як Джаконда, стаяць за шклом?» А я яму адказваю: «Адкуль я ведаю. Вы ж езьдзіце, а ня я...»

Ахвотных вырабляць сувэніры было няшмат

Атрымаўшы партыйнае, як кажа Зінаіда Сяргееўна, даручэньне, яна мусіла падшукваць майстроў-сувэнірнікаў. Рыхтаваць сабе памочнікаў. Ахвотных вырабляць сувэніры, аднак, было няшмат. Ня ўсе былі здатныя да такой працы:

Я тады і сама вучылася, і іх вучыла. Тады ж і не было дзе што ўзяць. Усё з галавы выдумляла.

«Я была і аддзел кадраў, і выхавальнік, і настаўнік. Калі мяне прыціснулі з сувэнірамі, я запыталася: „А ці можна ахвотнікаў узяць з фабрыкі?“. З чатырохсот працаўнікоў пагадзіліся толькі дзевяць чалавек пачынаць са мною адраджаць сувэніры. Я тады і сама вучылася, і іх вучыла. Тады ж і не было дзе што ўзяць. Усё з галавы выдумляла», — згадвае майстрыня.

«Мяне тады дужа славілі, хоць мне было і ніякавата. Я чырванела, ня ведала, куды схавацца. Прыходзілі карэспандэнты. Фатаграфавалі».

Вытворчасьць беларускіх сувэніраў была наладжаная праз год, аднак, як заўважае Зінаіда Сяргееўна, попыт на сувэніры апярэджваў магчымасьці іх вырабу.

«Давялося пашыраць цэх. Працаваць у дзьве зьмены. А я і кладаўшчык, і майстар, і ўсё што хочаш. Заробак у мяне быў восемдзесят рублёў, а мае працаўнікі 120 і 150 рублёў зараблялі».

У сваёй невялікай аднапакаёвай кватэры Зінаіда Сяргееўна гартае альбомы. У іх фотаздымкі працаў, калегаў, узнагародаў. Сярод грамат — савецкі ордэн Працоўнай Славы.

Зінаіда Ляўчэня — кавалер савецкага ордэна Працоўнай Славы

Зінаіда Ляўчэня — кавалер савецкага ордэна Працоўнай Славы

Праглядаючы на фотаздымках першыя беларускія сувэніры, заўважаю, што яны зь відавочным ідэалягічным падтэкстам. Суразмоўніца пагаджаецца.

«З камуністычным, — удакладняе. — Адбываецца, напрыклад, сымпозіюм даярак — кажуць зрабіць даярку зь лёну. Робім яе».

Замежнікі ня верылі, што беларускія сувэніры — ручная праца

Былі замежнікі, згадвае Зінаіда Ляўчэня, якія ня верылі, што беларускія сувэніры — выключна ручная праца. «Каб іх пераканаць, рабілі ляльку паапэрацыйна, а яны ўсё фатаграфавалі. Некаторыя потым дасылалі фотастужкі з кадрамі кожнай апэрацыі».

Фота замежнікаў, якія ня верылі, што беларускі сувэнір – ручная праца

Фота замежнікаў, якія ня верылі, што беларускі сувэнір – ручная праца

Як кажа Зінаіда Сяргееўна, сувэніры, як была наладжаная іх вытворчасьць, упадабалі ня толькі партыйныя функцыянэры, якія бралі іх з сабою, але і простыя людзі. Сувэніры сталі папулярным прэзэнтам — падзякаю за паслугу.

«У кожнай хаце, хто меў дачыненьне да вырабу сувэніраў, яны былі. Працаўніцы дарылі іх і дактарам, настаўнікам, і сваім родным ды блізкім. У кожнага тады былі. Цяпер жа, як мне падаецца, болей купляюць сувэніры турысты, чым звычайныя беларусы», — кажа Зінаіда Сяргееўна.

Сьведчаньне запатрабаванасьці беларускіх сувэніраў. Маскоўская крама просіць даслаць іх

Сьведчаньне запатрабаванасьці беларускіх сувэніраў. Маскоўская крама просіць даслаць іх

Паводле яе, цяперашняя тэхналёгія вырабу беларускіх сувэніраў зьмянілася. Як яна кажа, сталі выкарыстоўваць больш заводзкай тканіны, а яна, на думку суразмоўніцы, якасна саступае таму матэрыялу, зь якога рабілі сувэніры, калі іх толькі адраджалі.

Беларусы не шануюць свайго

Пры канцы гутаркі Зінаіда Сяргееўна паказала журналісту тое, што ня кожнаму выпадае пабачыць. У вялікім альбоме яна апісвае свой жыцьцёвы шлях ды згадвае сваіх продкаў. Кажа, што ўнукам ейныя занатоўкі прыдадуцца. «Радавод трэба ведаць», — пераканана цьвердзіць суразмоўніца.

«Мне падабаецца дакопвацца да глыбіняў, — кажа Зінаіда Сяргееўна. — Мяне многае цікавіць і захапляе. Мне нават старой нітчыны шкада выкінуць», — заўважае яна.

Старонка зь дзёньніка Зінаіды Ляўчэні. На ёй творчая біяграфія майстра

Старонка зь дзёньніка Зінаіды Ляўчэні. На ёй творчая біяграфія майстра

«Мне часам падаецца, што я не такая, як усе, — пасьля непрацяглага роздуму дадае Зінаіда Сяргееўна. — Чамусьці беларусы не шануюць свайго. Тое, чым варта даражыць, без развагаў выкідаюць. У мужавай сястры такі станок быў ткацкі. Лялька, а не станок. А яна яго ў печцы спаліла. Я як даведалася, ледзьве не самлела. Што ты, пытаю, нарабіла? А яна мне: «А на чорта ён мне, месца толькі займаў. Дровы патрэбныя былі», — згадвае гісторыю непавагі да каштоўнага Зінаіда Сяргееўна і адразу ж апавядае яшчэ адну:

«У вартаўніцы брала малако. Гляджу, з-пад печкі ў ейнай хаце тырчыць рукаў. Пытаю ў яе: „Што ў цябе там?“. „Ды гэта я дзірку ад катоў заткнула сьвякрухінай сарочкай“, — адказвае. Выцягнула, а гэта адзежына мо якога дзевятнаццатага стагодзьдзя. Забрала ў яе. „А гэта што ў цябе?“ — паказваю яшчэ на адну рэч. А яна мне адказвае: „Гэта я сяньнік сшыла з даматканага андараку“. І мне гэта ўсё трэба».

«Я ў сваіх успамінах напісала, што ня ведаю, чаму я такая...», — кажа Зінаіда Сяргееўна Ляўчэня.

Зінаіда Ляўчэня — сябра Таварыства беларускай мовы. Наведвае курсы «Мова Нанова». У свае 76 год шмат вандруе, хоць і прызнаецца, што вочы падводзяць. Ня кідае той справы, якой аддала большую частку свайго жыцьця. Будучы майстрам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, яна перадае свае навыкі іншым. Кажа, адрадзіць беларускі сувэнір было наканавана лёсам і імем. Дзявочае прозьвішча Зінаіды Сяргееўны — Кудзелька.

XS
SM
MD
LG