Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль хацеў «утылізаваць» нас у вайне ва Ўкраіне — лідэр расейскіх нацыяналістаў


Дзьмітрый Дзёмушкін на «Рускім маршы», 2014 год.

Дзьмітрый Дзёмушкін на «Рускім маршы», 2014 год.

Палітычны рух расейскіх нацыяналістаў разгромлены спэцслужбамі па загадзе з Крамля — упэўнены Дзьмітрый Дзёмушкін, лідэр некалькіх забароненых нацыяналістычных аб’яднаньняў і арганізатар «Рускіх маршаў».

Цяпер Дзёмушкін спрабуе аспрэчыць у судах забарону руху «Русские», які ён узначальваў. Ён называе сябе апошнім лідэрам нацыяналістаў, якія засталіся на волі і ня зьехалі з Расеі. Астатнія яго вядомыя аднадумцы або арыштаваныя (як Аляксандр Бялоў-Поткін), або пакінулі краіну, баючыся рэпрэсій. Чаму ж расейскія нацыяналісты, якія яшчэ нядаўна ляяльна ставіліся да ўлады, апынуліся ўцягнутыя ў жорсткае супрацьстаяньне? Пра гэта Дзьмітрый Дзёмушкін распавёў Радыё Свабода.

РС: У ліпені мінулага году вы казалі пра тое, што пытаньне аб вашым арышце будзе вырашана на працягу некалькіх дзён. Прайшло ўжо 7 месяцаў, вы на волі. Чаму тады вы былі ўпэўненыя, што вас арыштуюць? Чаму, як вам здаецца, яны не адважыліся вас арыштаваць? Ці лічыце, што пагроза арышту захоўваецца?

Дзьмітрый Дзёмушкін: Пачнем з таго, што з сакавіка мяне затрымлівалі 12 раз са спэцназам супрацоўнікі МУС і ФСБ, гэта значыць, часьцей чым раз на месяц. Самі супрацоўнікі цэнтральнага апарату ФСБ падкрэсьліваюць, што ў бліжэйшы час пытаньне са мной будзе вырашана. На мяне распачата адна крымінальная справа, я знаходжуся пад падпіскай аб нявыезьдзе. Паводле маёй інфармацыі, рыхтуюць і другую справу, каб узяць мяне пад варту і, як і Аляксандра Бялова, трымаць у спэцблёку «Матроскай цішыні» ФСБ. Гэта проста пытаньне часу.

РС: Гэта значыць, вы гатовыя да арышту? Чакаеце з хвіліны на хвіліну?

Яны мяне пераконвалі прыняць удзел ва ўкраінскіх падзеях: разгарнуць нацыяналістаў туды паехаць.

Дзёмушкін: Не з хвіліны на хвіліну, але чакаю. Глядзіце самі: 12 затрыманьняў з сакавіка, апошняе было перад Новым годам. У мяне нават рэчы сабраныя, каб ня бегаць. Мне прапаноўвалі зьехаць, доўга спрабавалі выціснуць з краіны, нават грошы прапаноўвалі, каб я ў Кіеў зьехаў. Але я выбраў, што тут застануся. Наўпроставы канфлікт зь імі пачаўся ў пачатку сакавіка, да гэтага была сустрэча ў мяне з віцэ-прэм’ерам Рагозіным, дзе яны мяне пераконвалі прыняць удзел ва ўкраінскіх падзеях: разгарнуць нацыяналістаў туды паехаць. Яшчэ да рэфэрэндуму ў Крыме была гутарка. Я разумеў, куды гэта ўсё ідзе, і энтузіязму ня выказаў, каб накіроўваць людзей ваяваць. Яны мне прапаноўвалі пэўную пасаду, але я таксама адмовіўся, сказаў, што не хачу туды ніякіх хлопцаў пасылаць, крыві на руках маіх ня будзе.

РС: І ўсё гэта толькі з-за таго, што вы не падтрымалі ДНР і не адправілі туды сваіх хлопцаў? Ці толькі ў гэтым справа? Напэўна, гэта толькі невялікая частка прэтэнзій да вас?

Дзёмушкін: Не, ніякіх асаблівых прэтэнзій на той момант агучана не было. Больш за тое, яны ўвялі нас ва ўсе грамадзкія рады, нават вяліся перамовы аб некалькіх пасадах, на якіх мы павінны працаваць, і некалькі напрамкаў па міжнацыянальных пытаньнях аддавалася. Але ў мяне заўсёды была пазыцыя прынцыповая — не супрацоўнічаць. Я адкрыта магу з чыстым сумленьнем казаць, што я ніколі за 20 гадоў не супрацоўнічаў ні з ФСБ, ні з МУС. Я ніколі не падпісаў ні адной паперкі аб супрацоўніцтве. Яны кожны раз, усе гэтыя гады, спрабавалі падсадзіць мяне на падпіску, але заўсёды атрымлівалі адмову, калі я 20 гадоў не працаваў, то пачынаць мне позна. Яны мне заўсёды тлумачылі, што ўсе, хто ў нас займаецца палітыкай у краіне, абавязкова павінны ўсё ўзгадняць зь імі. Я ім адказваў: значыць, я палітыкай не займаюся.

РС: Дык гэта помста за Данбас або за тое, што вы адмаўляецеся супрацоўнічаць з ФСБ? Ці яшчэ нешта?

Усе, хто тады адмовіўся ўдзельнічаць у гэтай бойні і накіроўваць туды маладых хлопцаў, альбо зьбеглі, альбо былі арыштаваныя, я апошні застаўся на волі і ў РФ.

Дзёмушкін: Я магу толькі паразважаць, гэта пытаньне да супрацоўнікаў іх службы. Але я ведаю, што ўсе людзі, якія занялі такую самую пазыцыю, альбо былі вымушаныя пакінуць краіну, альбо сядзяць у сьледчым ізалятары «Матроская цішыня», як Аляксандр Бялоў. Яму ставяць у віну крадзеж 16 мільярдаў даляраў, экстрэмісцкую супольнасьць з мэтай зьвяржэньня ўлады Назарбаева ў Казахстане, проста лухта зялёная. Іх абсалютна не бянтэжаць такія артыкулы. Усе, хто тады адмовіўся ўдзельнічаць у гэтай бойні і накіроўваць туды маладых хлопцаў, альбо зьбеглі, альбо былі арыштаваныя, я апошні застаўся на волі і ў РФ. Таму з Украінай гэта было зьвязана. Вядома, былі і іншыя абставіны, бо нельга пастаянна крычаць пра ўкраінскіх фашыстаў і абсалютна не змагацца з нацыяналістамі ўнутры самой Расеі. Таму першыя асобы далі каманду правесьці чыстку і тут.

Задача была відавочная: сабраць усіх пасіянарных людзей, якія тут прадстаўляюць нацыяналізм, і адправіць на гэтую вайну, каб яны там пазабівалі адзін аднаго.

Натуральна, я разумеў, задача была відавочная: сабраць усіх пасіянарных людзей, якія тут прадстаўляюць нацыяналізм, і адправіць на гэтую вайну, каб яны там пазабівалі адзін аднаго. У любым выпадку арганізаваных, згуртаваных, узброеных, з вопытам баявых дзеяньняў назад бы ў Расею ніхто не пусьціў. Заданьне было гэтых людзей там зьнішчыць, утылізаваць. Я разумеў гэта з самага пачатку. На сустрэчы з віцэ-прэм’ерам Рагозіным я яму проста ў твар сказаў: «Дзьмітрый Алегавіч, мы ўжо знаёмыя 15 гадоў, давайце я вам раскажу, што будзе. Вы ж не дазволіце ім прыехаць назад, калі мы ўсе там згуртуемся, калі нават выжывем». Ён усьміхнуўся, і мы адзін аднаго зразумелі. Таму гэта была відавочная сытуацыя, што проста рыхтуюць на забой вялікую колькасьць народу, Крэмль вырашаў адразу некалькі сваіх заданьняў, а рускія нацыяналісты сплылі б крывёй, праліўшы кроў і ў самой Украіне. Я асабіста ў сябе спыніў чалавек сто, якія туды ехаць зьбіраліся. Думаю, што некалькі тысяч нацыяналістаў туды не паехалі, убачыўшы маю пазыцыю, паглядзеўшы велізарную колькасьць інтэрвію, артыкулаў і тлумачэньняў, якія я даваў і лідэрам, і фанацкім, і субкультурным супольнасьцям. У выніку ўсе сталі на мой бок, масавага ад’езду нацыяналістаў у «Наваросію» не адбылося. Я спыніў і тых, хто на другі бок спрабаваў паехаць ваяваць, мне гэта ўдалося. Калі б не праца, якой я шчыльна займаўся з супольнасьцямі, значна больш людзей туды паехала б, і цяпер іх не было б, хутчэй за ўсё...

Мне ўдалося прачытаць пару аналітычных запісак, якімі сілавікі палохаюць кіраўніцтва краіны, адну мне паказаў чалавек з адміністрацыі прэзыдэнта, яна тычылася ўсіх палітычных сіл апазыцыі, мне ён даў пачытаць разьдзел, які тычыўся непасрэдна нацыяналістаў. Я зразумеў, што калі там наладжаны паток падобных страшылак, якія кладуцца на стол прэзыдэнта, то нас усіх чакаюць рэпрэсіі аж да зьнішчэньня. Тады зразумела і чаму была дадзена такая каманда зачысьціць нацыяналізм. Калі агульнымі словамі, то іх сэнс зводзіцца да запалохваньня прэзыдэнта украінскім досьведам — што ударным зьвяном на вуліцы зьяўляюцца нацыяналісты, футбольныя фанаты і правыя субкультуры. Яны пішуць, што ў выпадку, калі злучацца адносна мірныя пратэсты на Балотнай плошчы, якія былі ў 2011 годзе, дзе выйшла больш за сотні тысяч звычайных гараджан супраць фальсыфікацыі выбараў, і пратэсты на Манежнай плошчы, дзе біліся 10 тысяч нацыяналістаў і фанатаў, якія чатыры разы зносілі кардоны МУС і ўнутраных войскаў, — калі гэтыя два плыні злучацца, паводле іх ацэнак у запісцы Пуціну, можа адбыцца эскаляцыя канфлікту з непрадказальнымі наступствамі, і сіл МУС можа апынуцца недастаткова, нацыяналісты могуць стаць дэтанатарам, ударным зьвяном.

Цалкам інтэрвію чытаць тут.

XS
SM
MD
LG