Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 38. «Независимость раздражает»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Беларусы, іхная большасьць, балюча перажывалі наступленьне незалежнасьці. Яны атрымалі раптоўную траўму сваёй савецкай душы.

Хаця калі пад ціскам вонкавых абставін (паколькі такі дакумэнт прыняла Расейская Фэдэрацыя) была прынятая дэклярацыя аб сувэрэнітэце Беларусі, гэта нічога не мяняла. 1990 год. Дакумэнт быў менавіта дэкляратыўны. Але мінуў яшчэ год і сувэрэнітэт стаў рэчаіснасьцю. Сёлета будзем адзначаць 25-годзьдзе. Аднак зусім у іншы дзень (калі нехта яшчэ памятае), што да Дня незалежнасьці ніякага дачыненьня ня мае. Аднак — усё па парадку.

Цяжка было беларусам зьмірыцца з навіной, усё ў душы пратэставала. Мы ж не літоўцы якія-небудзь, не прыбалты ці «западэнцы», якія ў лес вечна глядзелі, мы добранадзейныя грамадзяне, нам незалежнасьці так званай ня трэба. У труне яе бачылі!

Калі ў Горадні на вуліцы Савецкай вывесілі два бел-чырвона-белыя, дзяржаўныя сьцягі, на іх не глядзелі. Мяне моцна ўразіла: ніхто не хацеў галавы ўзьняць. Таму што сьцяг гэты бээнэфаўскі, нацыяналістычны. Чаму нармальныя людзі павінны пад ім жыць? Зажурыліся беларусы, быццам на даху ўлады – зграя чорных крумкачоў, а не прыгожы, сьветлы, аптымістычны сьцяг.

Як прыгаломшаныя хадзілі. Быццам молатам пляснулі па патыліцы. Незалежнасьць стала як няшчасьце. І хто яе прыдумаў? Чаму на нашы галовы? Жылі як людзі, а цяпер што? Што будзе? Няхай бы ўжо кіравала партыя, наш рулявы. У Маскве мужыкі вырашылі ўсё захаваць, генэралы. Дык ім па руках!

Якое няшчасьце! Рэспубліка ж перад тым прагаласавала на рэфэрэндуме за СССР, за яго захаваньне! Асабліва дысцыплінавана Гомельская вобласьць. Самая пацярпелая ад выбуху на АЭС імя Леніна! Хаця хто ведае: можа якраз радыяцыя была вінаватая.

І прапаганда якая была ў газэтах БССР: трэба галасаваць за Савецкі Саюз! Інакш, пісалі, і таго ня будзе, і гэтага. Хаця ўжо нічога не было, толькі сам СССР рыпеў паціхеньку, дыхаючы на ладан. Асабліва мне запомніўся крык душы мэханізатара ў адной раёнцы: Савецкі Саюз неабходна захаваць, тады застанецца надзея, што некалі ў будучыні нарэшце вырашыцца пытаньне з запчасткамі для трактара, якіх заўсёды хранічна не хапала, пераконваў рабацяга.

Вось бачыце: беларусы за СССР, а іх прымушаюць выйсьці за дзьверы, у свабоднае плаваньне адпраўляюць. Мала таго, удар нажом у сэрца любімай савецкай радзімы наносіцца ў Белавескай пушчы! Здрада, ганьба, злачынства! Беларусам ніколі ня змыць зь сябе такой плямы!

Ну хто іх прасіў даваць нам незалежнасьць? Куды яна нам, што рабіць зь ёю, куды пакласьці? На хлеб не намажаш! Піць горкую заставалася. Але не разгонісься — па талёнах!

Як жа карцела абясцэніць, дэвальваваць паняцьце незалежнасьць, само слова! Дзяржаўныя СМІ, камуністычныя, палітыкі — навыперадкі. І цяперашняе начальства ў тым ліку.

Вось, што дае незалежнасьць: у Літве, ва Ўкраіне. Бачыце? Наеліся яны? Незалежнасьці сваёй? Антысаветчыкі! І вы хочаце сьледам за БНФ гэтага?

Як на цьвярозую галаву, ганіць незалежнасьць — дрымучая, ірацыянальная прага: усё роўна, што зьдзеквацца з жаданьня дыхаць чыстым паветрам.

Вось што значыць: далі бясплатна. Бяз кроплі крыві. Сваёй крывёю заплацілі авансам і за беларусаў літоўцы. Так здарылася. Яны змагаліся за сваю незалежнасьць, але яе тады маглі атрымаць альбо ўсе, альбо ніхто. Але ня ўсе хацелі! Вось гэтая бяда і звалілася на паслухмяных жыхароў БССР. Што зробіш, не пашанцавала! А як было хораша сядзець у сваім балоце і адно рапартаваць Маскве аб выкананьні пляну!

Але аднойчы, значна пазьней, вымазанае ў гразі, затаптанае слова нечакана павесілі на цэнтральным праспэкце. У сталіцы. Маўляў, перадумалі, ня будзем на сьметнік гісторыі зусім выкідаць, можа яшчэ прыдасца. Пагарду зьмянілі на міласьць.

Нагадаю: наш Дзень Незалежнасьці начальства ніколі не адзначала, выказваючы сваю няўвагу падзеі, дзякуючы якой зьявілася на мапе Рэспубліка Беларусь. Бо не яно было аўтарам. І каб скасаваць наогул сьвяточны дзень абвяшчэньня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, прыдумала сваё сьвята. У іншы дзень і зь іншай назвай: усім адзначаць! Літаўры, танкі тракамі грукочуць, гербы залоцяцца на сонцы.

Ну й што: плакаць, сьмяяцца? Гэта ж усё роўна, што памяняць пастамэнтамі вялізныя статуі на плошчы і праспэкце. Дзіўна, што начальства гэтага не разумее. Ну няхай паспрабуе ўявіць, што калі паставіць Леніна насупраць «Чалюскінцаў», ці пагодзіцца ён з подпісам «Калінін» на пастамэнце?

А цяпер мы чуем раптам, пасьля пуцінскіх подзьвігаў, што «независимость — навсегда», хаця «многих раздражает». Каго? Лепшага друга крамлёўскага? А каго перад гэтым раздражняла — забыліся ўжо?..

Ды які цяпер толк у гэтых словах? Калі дваццаць гадоў народу паўтаралася, што скасаваньне СССР было злачынствам. (Вынікамі якога само начальства вельмі ахвотна карысталася.) І што незалежнасьць — гэта дрэнна, заганна, што гэта выдумка БНФ. У народу ў галаве так і замацавалася. Ня стане яе, ніхто плакаць ня будзе, па такой малаважнай рэчы. На хлеб жа не намажаш.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG