Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Графіцістаў судзяць за надпіс «Беларусь мае быць беларускай». Ужывую

Маці Касінерава распавяла, як хлопец зьмяніў прозьвішча

Маці Вячаслава Касінерава абураецца тым, што сына зьбілі пры затрыманьні і зламалі яму сківіцу. Невядома, як гэта адабʼецца на здароўі хлапца, кажа жанчына. У яе таксама рабілі ператрус, усё перарылі. Сынам яна ганарыцца. Распавяла, чаму ён зьмяніў прозьвішча. Узяў гістарычнае прозьвішча Касінераў, не захацеў браць прозьвішча бацькі, зь якім пасварыўся пасьля разводу бацькоў і падзелу кватэры.

Пасьля маці ў якасьці сьведкі выклікалі бацьку Касінерава, Леаніда Тарошчына, але ён адмовіўся сьведчыць, скарыстаўшыся правам блізкага сваяка. Цяпер суд вывучае пісьмовыя матэрыялы справы.

Пачаўся допыт сьведак

Ігар Часнок, індывідуальны прадпрымальнік. Супрацоўнічае з пацярпелым Русланам Масьленьнікавым. Яму паведамілі пра пашкоджаныя білборды ў раёне вуліц Рафіева і Гарэцкага, ён бачыў на білбордах плямы сіняй фарбы з падцёкамі. Дэмантаваў білборды і знайшоў пад імі кавалкі тонкага шкла, зафарбаваныя сіняй фарбай, а таксама цокалі лямпачак. Аддаў гэта разам з палатном банэраў міліцыянтам.

Сьведка Марыя Тарошчына — маці Вячаслава Касінерава. Распавяла, што спачатку сын працаваў у музэі, але там плацяць вельмі мала, 2,5 мільёны, таму ён уладкаваўся грузчыкам, каб больш зарабляць. У яго жонка і малая дачка. «Вельмі спакойны і добры малады чалавек, гісторык, шмат ведае і чытае, займаецца спортам».

Пацярпелы ня хоча пакараньня графіцістаў

Судзьдзя Скуратовіч знайшла ў справе заяву пацярпелага: «А гэта што?». Той патлумачыў, што гэта толькі заява, каб знайшлі і кампэнсавалі страты. Усяго яму кампэнсавалі 2 мільёны рублёў.

Пацярпелы паўтарыў, што ня хоча, каб хлопцаў прыцягвалі да крымінальнай адказнасьці.

Адкуль узялася рэкляма міліцыятаў

Пачалі дапытваць пацярпелага — прадпрымальніка Руслана Масьленьнікава, які займаецца вонкавай рэклямай.

Пацярпелы патлумачыў, якім чынам на ягоных білбордах аказалася сацыяльная рэкляма, — выявы міліцыянтаў. Паводле закону, калі няма рэклямы, можна зьмяшчаць сацыяльную рэкляму і з гэтага не бяруць падатак. У той момант была сацыяльная рэкляма міліцыі, і ён яе скарыстаў.

Касінераў распавёў пра сваё затрыманьне

«Яно адбывалася вельмі жорстка. Мяне затрымлівалі супрацоўнікі СОБРу, зламалі сківіцу, пасьля месяц еў праз трубачку. Пісаў заявы, але нікога за гэта не пакаралі. Везьлі ў кайданках на падлозе і не дазвалялі сесьці. Чаму такая жорсткасьць?»

На гэта пракурор пытаецца, а як мусілі рэагаваць людзі на тое, што яны заплямілі білборды? Касінераў мяркуе, што заплямленыя білборды ніхто не заўважыў.

Працэс аднавіўся

Пачаўся допыт Вячаслава Касінерава. Ён дае тлумачэньні па эпізодзе аб закідваньні лямпачкамі з фарбай сацыяльных банэраў з выявамі міліцыянтаў.

Хацелі спачатку закідаць расісцкія надпісы, падрыхтаваліся, але не знайшлі тое месца, якое было пазначана ў інтэрнэце і таму, убачыўшы банэры з выявамі міліцыянтаў, вырашылі іх закідаць:

«У нас былі пэўныя прэтэнзіі, недавер да міліцыі. Кідалі абодва, хто ў які патрапіў, ня памятаю, я мяркую, што патрапіў». Паводле Касінерава, усяго было 6 лямпачак, ён дакладна кідаў 2, а колькі кідаў Жаромскі, ня памятае. Пасьля гэтага селі на ровары і, праехаўшы мэтраў 100, заўважылі такі самы білборд".

Па абедзе захады бясьпекі ўмацавалі — шукаюць новыя банэры

У перапынку на судзе былі павялічаныя захады бясьпекі, відаць, у сувязі з дэманстрацыяй на працэсе банэра супраць палітычных рэпрэсіяў.

Цяпер усіх мужчын, якія ідуць на працэс, уключна з абвінавачанымі, даглядаюць больш пільна і патрабуюць задраць кашулі ды паказаць, што пад імі. Шукаюць новыя банэры.

Хлопцаў прыйшлі падтрымаць іх сябры

У Менску судзяць графіцістаў. Ім пагражае да 6 год турмы. Першае відэа
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00

Лёс актывістаў з транспарантам невядомы

Затрыманыя актывісты, які разгарнулі ў судзе транспарант супраць палітычных рэпрэсіяў у судзе, — Павал Сяргей і Максім Шыцік. Даведацца пра іх лёс пакуль не атрымліваецца. Іх тэлефоны не адказваюць.

На працэсе абвешчаны перапынак да 14 гадзінаў.

Судовы дыялёг аб сымбалях Беларусі

Пракурор: Адкуль вы вырашылі, што сымбалі «кніга, гантэля і бусел» азначаюць веды, сілу і Беларусь?

Пякарскі: Бо гэта агульнавядомыя сымбалі, яны ўсім зразумелыя. Беларусь мусіць разьвівацца на глебе ведаў, здароўя і любові да Бацькаўшчыны.

Падсудны адмаўляе, што ён фатаграфаваў свае малюнкі і выкладаў іх у інтэрнэт. Паводле Пякарскага, не рабіў гэтага і Жаромскі.

Як працавалі над графіці

Максім Пякарскі патлумачыў, што малюнак «Беларусь мусіць быць беларускай» яны намалявалі на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі на вуліцы Альшэўскага. Убачылі гэта месца, што там нікога няма і нікому гэта не пашкодзіць, таму вырашылі там маляваць. Падрыхтавалі фарбы, пэндзлі, у два этапы намалявалі: спачатку фон, потым надпіс і малюнкі. «Калі заканчвалі маляваць фон, убачылі чалавека, які выгульваў сабаку, вырашылі, каб яму не перашкаджаць, спыніць працу. На наступны дзень працягнулі і скончылі».

Максім Пякарскі патлумачыў, што хацеў перадаць сваімі малюнкамі: ён выказаўся за тое, каб Беларусь захавала свой сувэрэнітэт, захавала мову і самабытную культуру.

Пякарскі сказаў, што гэта была ягоная ідэя малюнку на вуліцы Лынькова «Рэвалюцыя сьвядомасьці. Яна ўжо ідзе». Элемэнты малюнку ён убачыў у інтэрнэце.

Пачаўся допыт Пякарскага

Максім Пякарскі адказвае па-беларуску.

Пякарскага ягоныя сябры называюць добрым мастаком. Ён пра сяброў кажа, што заўсёды быў зь імі ў добрых адносінах. Сваёй віны Пякарскі не прызнаў ні па адным з 2 эпізодаў.

«Максымум — гэта адміністрацыйнае парушэньне».

Чаму «Беларусь мусіць быць беларускай»?

Адвакат: У чым быў сэнс лёзунгу «Беларусь мусіць быць беларускай»?

Жаромскі сказаў, што Беларусь атрымала незалежнасьць і мусіць стаць такой, каб захавацца. Тое, што на лёзунгу былі перакрэсьленыя свастыка і серп з молатам, паводле Жаромскага, азначае, што Беларусь мусіць разьвітацца з камуністычным і таталітарным мінулым.

Пра сябе Вадзім Жаромскі сказаў, што не ўжывае алькаголь і тытунь, наркотыкі, вядзе здаровы лад жыцьця, цікавіцца гісторыяй Беларусі.

«Малюнкі, якія я маляваў, не нясуць ніякага адмоўнага мэсэджу. Тыя, хто іх бачыў, адчуваюць задавальненьне», — лічыць абвінавачаны.

Як зафарбавалі міліцыянтаў

Пракурор цікавіцца, ці малюе Жаромскі на сьценах у сябе дома. «Не», — кажа Жаромскі. Пасьля гэтага ён паведаміў, што яны хацелі зафарбаваць надпісы нэафашыстоўскага зьместу, якія ўбачылі на сьцяне аднаго дому ў Менску.

Дзеля гэтага вырашылі выкарыстаць электралямпачкі. Адкруцілі цокалі, залілі ўнутр сіняй фарбы, заляпілі адтуліну плястылінам. Падрыхтавалі гэтак некалькі лямпачак, селі з Касінеравым на ровары і паехалі да тых надпісаў. Але іх не знайшлі і калі ўбачылі бігборды з выявамі міліцыянтаў, вырашылі іх пашкодзіць. Жаромскі свой матыў патлумачыў тым, што 10 гадоў таму яго затрымлівала міліцыя і дрэнна зь ім абышлася. Яны закідалі той бігборд, потым паехалі далей, убачылі іншы, яго закідалі і разьехаліся па дамах. Пракурор удакладняе, ці даваў Жаромскі такія ж паказаньні на сьледзтве. Жаромскі паведаміў, што збольшага казаў тое самае.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG