Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У лесе лепш, чым у Менску» — экс-дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» пераехаў жыць у пушчу


Яшчэ паўтара года таму Віктара Фенчука ведалі як дырэктара самай буйной прыродаахоўнай арганізацыі Беларусі — «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

Але ў верасьні 2014-га ён зьмяніў менскі офіс на лесьнічоўку ў Белавескай пушчы. Пра перавагі вясковага жыцьця, непаразуменьні з пушчанскімі лесьнікамі ён расказаў журналістам.

Каб офіс быў у лесе — у Менску такога не ўявіць

Родам зь Берасьця, Віктар Фянчук жыў у Менску з 2007 году, калі ён узначаліў грамадзкую арганізацыю Беларусі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ). А ў 2014 годзе ён пераяжджае ў Каменюкі — вёску на ўезьдзе ў Белавескую пушчу, за пару кілямэтраў ад мяжы з Польшчай.

Віктар Фянчук жыве й працуе ўжо паўтара года «Тэарэтычна можна было працаваць і зь Менску, — кажа Фянчук. — Але больш эфэктыўна, калі ты на месцы».

Жывучы за 350 км ад Менску, ён адчувае сябе нашмат больш прадуктыўным, чым раней.

«Тут заўважаеш спакой, якога няма ў Менску, і пасьпяваеш болей зрабіць, — кажа Фянчук. — Няма розных фактараў, якія адцягваюць увагу ад справы».

На другім паверсе лясгаса — «офіс» праграмы ў падтрымку запаведнасьці Белавескай пушчы

На другім паверсе лясгаса — «офіс» праграмы ў падтрымку запаведнасьці Белавескай пушчы

З 2014 году пачалася сумесная праграма ў падтрымку запаведнасьці, якую выконваюць «Ахова птушак Бацькаўшчыны», Нацыянальны парк «Белавеская пушча» пры падтрымцы Франкфурцкага заалягічнага таварыства (Нямеччына). А таму свой пераезд у пушчу, дзе Віктар Фянчук узначаліў міжнародны праект, ён ня лічыць паніжэньнем.

Былы гараджанін жыве ў звычайнай вясковай хаце ў Каменюках — самым буйным паселішчы ў пушчы, дзе месьціцца адміністрацыя нацпарку.

Дарога на працу праходзіць праз пушчу

Дарога на працу праходзіць праз пушчу

Першы час ён працаваў з дому, пакуль у 2015 годзе ў праграмы не зьявіўся свой «офіс» — на другім паверсе лясгасу ў вёсцы Ляцкія, што ў самым цэнтры Белавескай пушчы.

«У Менску такога ня можа быць, каб офіс быў у лесе, — кажа Фянчук. — Штораз ты едзеш на працу празь лес, зь якім твая праца акурат і зьвязаная. Гэта гармонія паміж жыцьцём і справай твайго жыцьця».

Кляса на 9 чалавек — у Менску гэта была б прыватная школа

У Каменюках Віктар Фянчук наймае паўдома ў старой вясковай хаце. Там няма ні цэнтральнага ацяпленьня, ні водаправоду.

«У горадзе мы так прызвычаіліся да камфортных умоваў, што ўжо не шануем іх, — кажа ён. — І тут пачынаеш па-іншаму ставіцца да ўсіх выгодаў».

Сыны Віктара Фенчука праводзяць час вакацыяў за працоўным месцам таты

Сыны Віктара Фенчука праводзяць час вакацыяў за працоўным месцам таты

Разам зь ім у Каменюкі пераехаў малодшы сын. Віктар кажа, што ён вельмі актыўны, а таму вялікая адкрытая прастора, дзе побач яшчэ шмат лясоў — лепшыя ўмовы, чым у горадзе.

«Яму тут вельмі добра. У вясковай школе 9 чалавек у клясе. У Менску гэта была б прыватная школа».

Гасьцёўня й месца для разьмяшчэньня валянтэраў у Ляцкіх

Гасьцёўня й месца для разьмяшчэньня валянтэраў у Ляцкіх

Таксама Віктар адзначае, што некаторыя рэчы ў Каменюках больш даступныя, чым у Менску. Напрыклад, у аграгарадку ёсьць спарткомплекс, можна займацца спортам і ў школьнай залі. А каб пакатацца на лыжах, ня трэба нікуды ехаць — вакол вёскі тут поўна палёў. І цэны ў мясцовых крамах нашмат ніжэйшыя за сталічныя.

«Але я гэта не ідэалізую, — кажа Фянчук. — Рамантыка рамантыкай, але хацелася б, каб цывілізацыя была больш даступная і ў вёсках».

Мы даказалі, што старыя дрэвы патрэбныя лесу

Разам зь Віктарам Фенчуком на праграме ў падтрымку запаведнасьці працуюць яшчэ тры чалавекі: адзін у Менску й два мясцовыя жыхары ў пушчы.

Аляксандар Пекач, мясцовы жыхар, таксама працуе на міжнароднай праграме

Аляксандар Пекач, мясцовы жыхар, таксама працуе на міжнароднай праграме

У 2013 годзе ў Белавескай пушчы ў два разы была павялічана запаведная частка лесу. Гэта значыць, што на 60 тысячах гектараў, якія вызначыла кіраўніцтва нацыянальнага парку, забаронена любая гаспадарчая дзейнасьць чалавека. Нават паваленыя дрэвы там не прыбіраюць: усё павінна адбывацца натуральна, як у прыродзе.

Каб падтрымаць прыродаахоўную дзейнасьць у Белавескай пушчы, запаведнік уключылі ў сьпіс тэрыторыяў, на якія распаўсюджваецца праграма Франкфурцкага заалягічнага таварыства.

Праграма доўгатэрміновая. У яе ўваходзяць і навуковыя дасьледаваньні, і практычныя працы, як, напрыклад, аднаўленьне гідралягічнага рэжыму балотаў ці высечка інвазійнага чырвонага дубу. Вынікі некаторых дасьледаваньняў Віктар Фянчук ужо можа агучыць.

«Мы вешалі радыёперадатчыкі на кажаноў і высьветлілі, што яны часта сядаюць на старыя дрэвы і стараўзроставы дрэвастан, дзе разьмешчаны іх калёніі. Значыць, яны асабліва важныя амаль для ўсіх відаў кажаноў, дзе тыя шукаюць ежу, і старыя дрэвы нельга высякаць».

Тры прадстаўнікі праграмы ў падтрымку запаведнасьці ў Белавескай пушчы самі выконваюць толькі частку працаў. Большасьць дасьледаваньняў для іх праводзяць супрацоўнікі нацпарку, валянтэры АПБ і інстытуты Акадэміі навук.

Ваўка ня трэба баяцца, бо самы страшны зьвер — гэта чалавек

Адзін зь вялікіх праектаў, якім займаецца Віктар і каманда праграмы — дасьледаваньне арэалу жыцьцядзейнасьці ваўкоў. Для гэтага ў пушчы расстаўленыя 25 фотапастак. А летась на пяць ваўкоў начапілі радыёперадатчыкі, каб адсочваць іхнія перасоўваньні па лесе.

Аляксандар Пекач з аднаго позірку вызначае сьляды розных жывёлаў на сьвежым сьнезе

Аляксандар Пекач з аднаго позірку вызначае сьляды розных жывёлаў на сьвежым сьнезе

Раніцай, калі журналісты прыехалі ў пушчу, Аляксандар Пекач, супрацоўнік праграмы, акурат выбраўся ў лес, каб зьняць здымкі з фотапастак.

Хлопцу 25 год. Ён зь сям’і лесьніка і нарадзіўся ў Белавескай пушчы. Пасьля школы паступіў у Беларускі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт на факультэт лясной гаспадаркі. Чатыры гады таму вярнуўся ў пушчу. Зь мінулага году працуе на праграме разам зь Віктарам Фенчуком.

«А куды яшчэ паедзеш? — пытаецца Аляксандар. — Іншага такога месца няма на плянэце, і ня хочацца зьяжджаць адсюль».

Каб дабрацца ад дарогі да пасткі, трэба прайсьці па лесе ад 500 да 1000 мэтраў. На шляху да адной зь іх Аляксандар паказвае на сьляды ваўка.

Сьвежыя ваўчыныя сьляды не палохаюць навукоўцаў. Пекач кажа, што драпежнікі ўжо даўно не нападаюць на людзей.

«Ваўка ня трэба баяцца, — кажа Аляксандар. — Цяпер воўк жыве ў такіх мясьцінах, дзе чалавек ня ходзіць. Бо самы страшны зьвер — гэта чалавек».

«Улоў» з фотапасткі

«Улоў» з фотапасткі

Па першых зьвестках, якія маюць дасьледчыкі, на тэрыторыі пушчы можа знаходзіцца ад 5 да 10 ваўчыных зграяў. Від лічыцца шкодным, а таму на яго дазволена паляваньне.

Летась, напрыклад, тут забілі 20 асобінаў. Аднак пасьля таго, як на пяць ваўкоў надзелі дарагія ашыйнікі з GPS-радарамі, Белавеская пушча ўпершыню ў сучаснай гісторыі ўвяла мараторый на паляваньне на ваўкоў. Праўда, толькі пасьля таго, як аднаго ваўка з GPS-ашыйнікам забілі.

У Белавескай пушчы «непрыгожы лес», бо ён натуральны

Фотапастка № 4, да якой прывёў Пекач, разьмешчана на лясным ручаі Саломенка. Фотакамэры правяраюць раз на 15 дзён. Фотапастка рэагуе толькі на зьмену цеплавога поля, каб не фатаграфаваць, як падае лісьце ці як галінкі хістаюцца пад ветрам.

Заданьне: знайдзіце фотапастку на фота

Заданьне: знайдзіце фотапастку на фота

Гэтым разам у пастку трапілі 8 жывёлаў. Пекач дастае флэшку з фотапасткі і капіруе фотаздымкі на ноўтбук. Пра тое, каб аўтаматызаваць працэс і атрымліваць фота наўпрост на кампутар у офісе, ён нават ня думае.

«Ты ж тады ня будзеш па лесе хадзіць, ня будзеш нічога ведаць», — кажа Пекач.

Менавіта паходы па пушчы для яго — самая цікавая частка працы. Ён узгадвае, як летась, ідучы да фотапасткі, ледзь не сутыкнуўся з ваўкамі — разьмінуўся зь імі на паўгадзіны.

«Я пайшоў па іхніх сьлядах, — кажа Аляксандар. — Ішоў тры кілямэтры і знайшоў іхнюю здабычу — аленя».

Чым больш зарослы лес, тым большая верагоднасьць, што там паселяцца жывёлы

Чым больш зарослы лес, тым большая верагоднасьць, што там паселяцца жывёлы

Так мае праходзіць натуральны адбор у прыродзе — ваўкі загрызаюць аленя, а потым гэтай іхняй здабычай харчуюцца яшчэ зь дзясятак відаў жывёлаў: лісіцы, янотападобныя сабакі, арлан-белахвост, крумкачы. Каб паказаць, што жывёлы могуць жыць без умяшаньня чалавека, і створана гэтая праграма.

«Людзям старой загартоўкі цяжка патлумачыць, што ў запаведнай частцы ня трэба наводзіць парадак, — кажа Фянчук. — Яны прызвычаіліся, што нясуць за гэта адказнасьць. Кажуць, што „за польскім часам“ іх пагналі б з працы за такі нячышчаны лес».

У запаведнай частцы пушчы нельга ня толькі праводзіць высечкі, але й прыбіраць старыя паваленыя дрэвы

У запаведнай частцы пушчы нельга ня толькі праводзіць высечкі, але й прыбіраць старыя паваленыя дрэвы

Але ж менавіта ў такім «засьмечаным» лесе й селяцца многія віды жывёлаў. Як, напрыклад, вялікі арлец — від птушкі з Чырвонай кнігі, які вельмі хутка зьнікае акурат праз тое, што чалавек асвойвае ўсё больш лясоў.

«Людзям трэба прыгожыя лясы, бо яны мала ведаюць пра прыроду, — кажа Аляксандар. — Але ж тое, што вы бачыце пад Менскам, — гэта парк, а ня лес. А ў Белавескую пушчу прыяжджаюць з усяго сьвету, бо такога вялікага натуральнага лесу няма нават у Канадзе».

У XXI стагодзьдзі межаў ня можа быць

Хоць праграма распаўсюджваецца толькі на беларускую частку, але неўзабаве могуць пачацца сумесныя з польскімі дасьледчыкамі працы па вывучэньні кажаноў, ваўкоў і рысяў.

Сьвежыя сьляды ваўка

Сьвежыя сьляды ваўка

У міждзяржаўных стасунках адно з актуальных пытаньняў — адкрыцьцё межаў. Да 1980-х гадоў дзяржаўная мяжа тут была ўмоўная. Але потым, калі ў Польшчы ўзмацніўся рух «Салідарнасьці», зь беларускага боку паставілі высокі плот. Для птушак і рысяў ён не складае перашкоды. Часам ваўкі робяць падкопы пад ім. Але зубры, ласі й алені, якія раней мігравалі паміж краінамі, былі вымушаныя зьмяніць свае звычкі.

«Памежнікі раней нават вялі ўлік сьлядоў, — кажа Віктар. — Лічылі, колькі якіх жывёлаў і ў які бок пераходзіла мяжу».

Цяпер ізноў ідуць размовы пра тое, каб выдзеліць хоць бы калідоры ў дзяржаўнай мяжы даўжынёй 500–1000 мэтраў. Такіх прагалаў, лічаць навукоўцы, хапіла б для аднаўленьня міграцыйных плыняў жывёлаў. А памежнікі забясьпечвалі б непарушнасьць дзяржаўнай мяжы сучаснымі сродкамі.

Польскія навукоўцы ня хочуць адкрываць межы ў пушчы, каб ня зьмешваць сваіх зуброў зь беларускімі

Польскія навукоўцы ня хочуць адкрываць межы ў пушчы, каб ня зьмешваць сваіх зуброў зь беларускімі

Аднак гэтым разам за захаваньне мяжы выступаюць палякі. Пару гадоў таму яны знайшлі доказы таго, што ў зуброў зь беларускай часткі ёсьць дамешак крыві каўкаскага зубра. І толькі на польскім баку захаваўся белавескі зубар без прымесяў.

«Але я ўпэўнены, што ў XXI стагодзьдзі межаў ня можа быць, і рана ці позна яны будуць зьнесеныя», — кажа Фянчук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG