Арганізатары Нацыянальнай лятарэі Вялікабрытаніі просяць жыхароў горада Вустэр (графства Хэрэфорд-энд-Вустер) пашукаць, ці не заваляўся ў іх дзесьці лятарэйны квіток.
Як піша «Інтэрфакс», да гэтага часу ня знойдзены пераможца, які ў розыгрышы 9 студзеня выйграў 33 мільёны фунтаў ($47 мільёнаў).
Арганізатары паведамілі, што выйгрышны білет быў набыты ў Вустэры, але яго ўладальнік дагэтуль не аб’явіўся. У шчасьліўчыка ёсьць 180 дзён, каб забраць грошы.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі Нацыянальнай лятарэі просяць усіх удзельнікаў «праверыць пад канапай, у бардачку машыны і на кніжных паліцах».
«Гэта вялікая сума, гэта рэкордны джэк-пот!» — заяўляюць арганізатары.
У гэты раз у лятарэі разыгрываўся прыз у 66 мільёнаў фунтаў, палову атрымала сямейная пара з Шатляндыі.