Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: Расея будзе ўсяляк супрацьдзейнічаць сіле, якая пацягне Беларусь у Эўропу


Аляксандар Алесін

Аляксандар Алесін

На паседжаньні Рады бясьпекі 22 студзеня Аляксандр Лукашэнка зацьвердзіў новую вайсковую дактрыну. Дакумэнт у выглядзе праекту закону яшчэ мусіць разглядацца і прымацца Нацыянальным сходам Беларусі.

Што ўжо цяпер можна сказаць пра навізну і актуальнасьць зьменаў у вайсковую дактрыну краіны? Незалежны ваенны экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што скарэктаваць вайсковую дактрыну Аляксандра Лукашэнку вымусіла рэзкая зьмена сытуацыі з бясьпекай вакол Беларусі.

— Шмат новага ў такіх дакумэнтах чакаць ня варта, тут важныя акцэнты, і некаторыя зь іх сапраўды загучалі па-новаму. Бо сапраўды зьмянілася абстаноўка вакол нашай краіны. З аднаго боку Расея абвастрыла гэтую абстаноўку, калі рэзка адрэагавала на зьмену курсу Ўкраіны, яе пераарыентацыю на саюз з НАТО, з другога боку, і НАТО ў нашым рэгіён пачаў большую актыўнасьць. Расея адрэагавала на гэта абвастрэньнем адносін з Польшчай, з краінамі Прыбалтыкі, як вынік ужо кіраўніцтва Польшчы заклікае да павялічэньня сілаў НАТО на тэрыторыі краіны і ўзмацненьня ўласных узброеных сілаў. То бок відавочна эскаляцыя ваенна-палітычнай напружанасьці. Вышэйшыя афіцыйныя асобы з краін НАТО і Расеі яшчэ не называюць гэта новай халоднай вайной, але, на маю думку, яна ўжо ідзе. На гэта Беларусь мусіць рэагаваць, адсюль і зьяўленьне новай Ваеннай дактрыны.

— Паводле гэтай новай дактрыны вайна больш верагодна?

— Аляксандр Лукашэнка наўпрост кажа, што пры пэўных абставінах Беларусь мусіць будзе ўжыць вайсковую сілу. Нешта сапраўды новае? Акрамя больш рашучага тону, істотных зьменаў ня бачу. Мы і па старой дактрыне, паводле дамоваў з саюзнай нам Расеяй і ў межах АДКБ мусілі ў выпадку канфлікту Расеі з Захадам выступіць на баку Расеі, прычым ня мае значэньня, хто першым пачне канфлікт — гэта застаецца і зараз. Але што да нюансаў пагрозы нацыянальнай бясьпекі, дык нейкія зьмены заўважаны. Канешне, Лукашэнка зноў бачыць асноўную пагрозу суверэнітэту ў зьнешняй правакацыі каляровых рэвалюцый, гэта для яго найбольш балючая тэма. Але і больш выразна агучаная пагроза гібрыднай вайны кшталту той, праз якую была захоплена частка Ўкраіны. Бачна, што сытуацыя ва Ўкраіне ў галаве Лукашэнкі не на апошнім месцы. Ён таксама занепакоены зьяўленьнем у нас экстрэмістаў, якія атрымалі ваенны досьвед падчас падзеяў ва Ўкраіне, прычым незалежна ад колераў іх ідэалёгіі.

— У выпадку глябальнага канфлікту Расеі з Захадам, як вы мяркуеце, Беларусь акажацца на баку Расеі. Гэта будзе ўсё ж яе выбар, ці выбар Расеі, якая яго навязвае іншым? І ці ёсьць магчымасьць для Беларусі яго пазьбегнуць, не чакаючы, калі будзе запозна?

— Безумоўна гэта найперш будзе выбар Расеі, але цяперашняя Беларусь гэтаму ня можа нічога супрацьпаставіць. На яе ўжо аказваецца вялікі ціск за тое, што спрабуе падтрымліваць узважаныя адносіны з Захадам, якія найбольш адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам. Паглядзіце, як толькі Беларусь крыху нармалізуе гэтыя адносіны, адразу ў Расеі падымаецца прапагандысцкая хваля, што Беларусь — гэта «траянскі конь», што з ёй будзе як з Украінай, нібыта ўцячэ на Захад. Такіх сілаў у Расеі хапае, праз іх ціснуць ня толькі

Беларусь — гэта «траянскі конь», што з ёй будзе як з Украінай, нібыта ўцячэ на Захад

на ўладу Лукашэнкі, але і на сьвядомасьць простых людзей. З другога боку, з адыходам Беларусі на Захад у Расеі сапраўды агаляецца яе заходняя мяжа. Гэтак гістарычна склалася: Расея вялікая, але яе сэрца ўсяго ў некалькіх сотнях кілямэтраў на ўсход ад Эўропы і таму яна будзе рабіць усё, каб не агаліць гэты флянг на сваім захадзе. Падзеі ва Ўкраіне, тое што адбылося пасьля Майдану, ёсьць рэакцыяй на паварот Украіны ад стратэгічнага хаўрусу з Расеяй да сяброўства з НАТО. Калі ў Беларусі зьявіцца сіла, якая будзе перацягваць яе да Эўропы, Расея гэтак сама будзе ўсяляк гэтаму супроцьдзейнінічаць. Тут мусяць гэта ўлічваць.

— Новая вайсковая дактрына больш увагі надзяляе ваенна-прамысловаму комплексу. Ці ня дойдзе гэтак да мілітарызацыі эканомікі, да таго, што большасьць пачне працаваць на «абаронку», замест трактароў будзем зьбіраць танкі, як у былым СССР?

— Мяркую, такія засьцярогі лішнія. На маю думку дзяржава зможа актывізаваць ваенна-прамысловае разьвіцьцё толькі праз дапамогу прыватным прадпрыемствам у гэтай галіне, якія ёсьць і пасьпяхова працуюць. Дапамагчы такім прадпрыемствам, як «Тэатраэрд», «Мінатор-сэрвіс» ці іншым, якіх хапае, не гледзячы на дамінаваньне дзяржаўных вытворцаў, працаваць больш эфэктыўнай. Гаворка пра юрыдычную дапамогу, нейкія захады ў абароне іх інтарэсаў на міжнародных рынках узбраеньня. Але што да мілітарызацыі дзяржаўнага сэктару эканомікі, тут у Беларусі шмат абмежаваньняў: трэба падтрымліваць пэнсіянэраў, сацыялку, трэба ўтрымліваць міліцыю, службы бясьпекі, войска. Такога грузу шмат і таму вялікіх сродкаў на мілітарызацыю эканомікі проста ня знойдзеш.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG