Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграміста Нацпарка «Белавеская пушча» спрабавалі забраць на вайсковыя зборы проста з працоўнага месца


У рэдакцыю зьвярнуўся 25-гадовы Аляксандр Анішчук, які распавядае, што яго спрабавалі забраць на вайсковыя зборы па пратэрмінаванай позьве. Іншых «рэзэрвістаў» нібыта адвезьлі на вучэньні на мяжу з Украінай.

Аляксандр працуе праграмістам нацыянальнага парка «Белавеская пушча». Нацпарк адносіцца да ведамства Ўпраўленьня справамі прэзыдэнта. 20 студзеня да яго на працу прыйшлі старшыня сельскага савету гарадзкога пасёлка Каменюкі Сяргей Багалейша і былы ўчастковы.

«20 студзеня я прыходжу на працу. Сьледам за мной у кабінэт уваходзіць наш былы ўчастковы і старшыня сельскага савета. Кажуць: паехалі з намі. Я кажу: у мяне праца, я не магу адлучыцца», — распавядае Аляксандр.

У выніку размоваў былы ўчастковы зьездзіў у ваенкамат за позвай і прывез яе да Аляксандра на працу, — працягвае хлапец: «І кажа „распішыся“. Я гляджу: на ёй напісана, што зьявіцца трэба 20 студзеня у 6.30 ранку. А на гадзіньніку 8.15»

Калі Аляксандр запатрабаваў уручыць яму позву ў адпаведнасьці з заканадаўствам, то ўчастковы нібыта проста пры ім выправіў час у позьве на 8.30.

Тым ня менш, Аляксандр на самой позьве напісаў час яе ўручэньня і просьбу ўручыць позву ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Завезьці Аляксандра ў ваенкамат спрабавалі і на наступны дзень. Урэшце, ад яго запрасілі тлумачальную запіску пра няяўку. У ёй хлапец патлумачыў, што позва была пратэрмінаваная, а на працы мусяць знайсьці спэцыяліста, які будзе працаваць за яго.

«Пасьля ваенком мне звоніць і кажа, што мы падаем на цябе дакумэнты ў пракуратуру, „да сустрэчы ў судзе“, — распавядае Анішчук. — Дык я хачу ведаць, хто ў гэтай сытуацыі мае рацыю. Ці маюць права мне ўручаць такую позву?»

«Мая задача была толькі ўручыць яму позву, а далей дакумэнты ідуць у ваенкамат. Яны вырашаюць, што зь ім рабіць, — тлумачыць старшыня сельскага савету Сяргей Багалейша. — Мы ўручылі позву, а далей будуць разьбірацца. Калі ў нашых дзеяньнях ёсьць нейкія парушэньні, мы будзем несьці адказнасьць. Калі ў ягоных — ён будзе несьці адказнасьць».

Сяргей Багалейша кажа, што хлапца папярэджвалі за тыдзень, што будуць выклікаць «на вайсковыя вучэньні» і нават прыходзілі да яго ў інтэрнат, але ён ад іх «хаваўся». Але Алесь гэта абвяргае: «Мне толькі аднойчы пазванілі і папрасілі прыйсьці ў сельскі савет, без тлумачэньняў — чаму. А я працую да шасьці і ня змог пайсьці, — кажа ён. — Пра позву мне ніхто не казаў. А ў інтэрнаце я ж не заўсёды бываю».

Сам Алесь прайшоў ужо тэрміновую службу ў войску. Працу ў Каменюках знайшоў самастойна, пераехаў туды з Берасьця і жыве ў інтэрнаце.

Паводле «Палажэньня аб парадку праходжаньня вайсковых і спэцыяльных збораў», прынятым пастановай № 78 савета міністраў РБ 27 студзеня 2004 году, папярэдзіць прызыўніка абавязаныя за 10 дзён да пачатку правядзеньня вайсковых збораў. Такое ж папярэджаньне мае атрымаць і працадаўца рэзэрвіста. Алесь Анішчук заяўляе, што на працы яго ніхто не папярэджваў і сам ён пытаўся ў аддзеле кадраў, ці быў на яго запыт, але яму адказалі адмоўна.

Радыё Свабода сочыць за разьвіцьцём сытуацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG