Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы прайшлі масавыя мітынгі ў абарону дэмакратыі


Архіўнае фота

Архіўнае фота

23 студзеня польскі Камітэт па абароне дэмакратыі арганізаваў больш як у 30 польскіх гарадах і на тэрыторыі прадстаўніцтваў краіны за мяжой мітынгі і дэманстрацыі пад лёзунгам «Абарані сваю свабоду».

«Мы хочам паказаць, што не дазволім пазбавіць нас свабоды. Наш сёньняшні лёзунг «Абарані сваю свабоду» зьвязаны з гістарычным заклікам, пад які палякі, ня толькі адныя, выступалі стагодзьдзямі: «За нашу і вашу свабоду!», — заявіў падчас мітынгу ў Варшаве лідэр Камітэту ў абарону дэмакратыі Матэуш Кіёўскі.

Удзельнікі варшаўскай дэманстрацыі, якая скончылася ля прэзыдэнцкага палацу, пратэставалі таксама супраць заплянаваных зьменаў аб пашырэньні паўнамоцтваў спэцслужбаў, у прыватнасьці, дазволу на сачэньне за перапіскай ў Інтэрнэце. Улада аргумэнтуе такі крок неабходнасьцю барацьбы з тэрарызмам.

Акцыі пратэсту прайшлі таксама ў Кракаве, Вроцлаве, Гданьску, а таксама ў польскіх дыпляматычных прадстаўніцтвах у Лёндане, Бэрліне і Парыжы. У некаторых гарадах былі нешматлікія контрдэманстрацыі.

Актывісты Камітэту па абароне дэмакратыі рэгулярна праводзяць шматтысячныя дэманстрацыі супраць дзеяньняў кіроўнай партыі «Права і справядлівасьць», пратэстуючы супраць, як яны сьцьвярджаюць, спроб улады палітызаваць Канстытуцыйны суд і ўплываць на грамадзкія СМІ. Улады абвінавачваньні адкідаюць і заяўляюць, што ажыцьцяўляюць рэформы ў краіне.

XS
SM
MD
LG