Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генадзь Давыдзька як вянец рэжыму


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Афарызмы рэдка гавораць праўду. Падобнымі да праўды іх робяць прыгожае слова, парадаксальная думка, падмена паняткаў.

«Праўда – гэта хлусьня, у якую паверылі» – напісаў у сваёй кнізе кіраўнік тэлебачаньня Генадзь Давыдзька. Насамрэч, галоўны прапагандыст рэжыму даў вызначэньне ня праўды, а прапаганды. Інакш, скажам, і максіму пра патрэбу казаць праўду варта было б прызнаць хлусьнёй, але ўжо не ў маштабе адной кніжкі ці тэлебачаньня, а ў маштабе ўсёй грамадзкай маралі.

«Человек – не венец, а пи…ец природы» – кажа Давыдзька. І тут на памяць прыходзяць іншыя, клясычныя выказваньні пра тое, чым чалавек адрозьніваецца ад жывёлы. Варыяцыяў шмат (мова, гістарычная памяць, эстэтычны густ…), але сутнасьць зводзіцца да слова «культура».

Помню, як рэзала слых назва перадачы, якую вёў на БТ Давыдзька – «Страсьці па культуры». Як могуць быць страсьці па тым, што складае тваю сутнасьць, тваю асобу, тваё ўнутранае сьвятло? Культура – не жанчына, ня твор мастацтва і ня грошы, каб вакол яе разгараліся страсьці. Цяпер жа высьвятляецца, што культура – гэта «пи…ец». (Між іншым, гугл гэтае слова з расейскай на беларускую перакладае цалкам прымальным – гамон.) Вось вам адкрыты пратэст супраць таго, каб адрозьніваць чалавека ад жывёлы.

Ня дзіва, што столькі фэкальных і шырэй – фізіялягічных матываў у кнізе Давыдзькі. Выглядае, што сама ідэалёгія галоўнага ідэоляга Лукашэнкі – гэта фізіялёгія. Так доўга шукалі яны «нацыянальную ідэю», а дайшлі да самага нізу.

Зрэшты, нічога выключнага ў афарызмах Давыдзькі няма. Згадваю апошнюю тронную прамову Лукашэнкі, дзе ўсе дасягненьні ўлады зьвяліся да словаў «белорусы хорошо рожают и кушают». Ніякай табе культуры ці асобы, ніякага ўнутранага сьвятла. Ды і ў кантэксьце гісторыі аўтарытарных рэжымаў усіх часоў і народаў – спрэс тое самае змаганьне з адрозьненьнем чалавека ад жывёлы: згасіць сьвятло культуры ў чалавеку, пагрузіць яго ў цемру няведаньня, прышчапіць псыхалёгію раба.

Выключная тут хіба што шчырасьць, зь якой рассыпае сваю мудрасьць чыноўнік, – тое, пра што старэйшыя людзі сказалі б – ані сораму, анічога сьвятога:

«Сабака пры добрым гаспадары можа пражыць пятнаццаць гадоў. Чалавек жа пры добрым гаспадары можа пражыць не адно, а некалькі сабачых жыцьцяў».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG