Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Тарасаў: «Я б расцэньваў гэтую дэвальвацыю як неабходнае зло»


За адзін дзень 21 студзеня беларускі рубель дэвальваваўся на 5,4%. У чым прычыны абвалу нацыянальнай валюты? Што павінны былі б рабіць улады ў такой сытуацыі? Якія наступствы падзеньня абменнага курсу рубля?

Удзельнікі:

  • фінансавы аглядальнік інтэрнэт-праекту «Белрынак» Уладзімер Тарасаў;
  • дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

У чым прычыны абвалу нацыянальнай валюты?

Валер Карбалевіч: «У чацьвер 21 студзеня за адзін дзень рубель дэвальваваўся адносна даляра на 5,39%, дасягнуўшы лічбы 21 564 рублі. Нагадаю, дзеля сьмеху, што паводле плянаў уладаў, замацаваных у афіцыйных дакумэнтах, сярэднегадавы курс даляра ў 2016 г. прагназаваўся ў 18 700 рублёў. (Праўда, у пятніцу, 22 студзеня рубель умацаваўся на 2,5%.) У чым прычыны абвалу?»

Уладзімер Тарасаў: «Бачу дзьве галоўныя прычыны. Першая — унутраная прычына. Быў адкладзены ціск на беларускі рубель. Гэты ціск сфармаваўся ў канцы мінулага году. Тады склалася вялікае адмоўнае замежнагандлёвае сальда. Плюс насельніцтва стала больш купляць і менш прадаваць валюту. Але беларускі рубель не слабеў у такой ступені. Бо беларускія банкі з пэўных прычын прадавалі валюту найперш на біржы. А з новага году аб’ём продажу валюты на біржы рэзка зьнізіўся, і рубель пайшоў уніз.

Другая прычына вонкавая. Падзеньне цэнаў на нафту прывяло да абвалу расейскага рубля. А паколькі наш рынак моцна зьвязаны з расейскім, то гэта прывяло да падзеньня і беларускага рубля».

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: «Другую вонкавую прычыну, якую назваў сп. Тарасаў, я лічу галоўнай прычынай падзеньня курсу беларускага рубля. Існуе такая традыцыя, што для беларускага гандлю лепшы квартал — гэта першы, а самы горшы — гэта апошні квартал.

Расейскі рубель стаў адыгрываць усё большую ролю ў курсаўтварэньні беларускага рубля. Беларусі нельга ўмацоўваць наш рубель адносна расейскага, бо ў такім выпадку наш экспарт у Расею будзе мець вялікія праблемы».

Што павінны былі б рабіць улады ў такой сытуацыі?

Карбалевіч: «Наколькі адэкватныя ў такой сытуацыі дзеяньні ўладаў? Што яны павінны былі б рабіць? Ці ў такой сытуацыі бязьдзеяньне — гэта аптымальны варыянт?

Але калі ўжо ўрад, Нацбанк нічога ня могуць зрабіць, то хоць бы нешта тлумачылі людзям. Напрыклад, прэзыдэнт праводзіць тэрміновую нараду, людзі бачаць, што ўлады стараюцца, і гэта быў бы пэўны сэанс псыхатэрапіі. А так — уражаньне, што насельніцтва кінутае на волю лёсу.

Чубрык: «Няма сэнсу спрабаваць спыніць падзеньне беларускага рубля. Бо малыя золатавалютныя рэзэрвы. І траціць іх, асабліва з улікам таго, што нам трэба абслугоўваць замежныя даўгі, было б няправільна.

Можна было б падвысіць стаўкі па банкаўскіх дэпазытах. Але ўвесь мінулы год Нацбанк ішоў па шляху зьніжэньня гэтых ставак. Да таго ж хутка гэта не спрацуе. Таму лепш штучна не ўплываць на працэс.

Другі момант. Цяжка цяпер штосьці тлумачыць насельніцтву. Бо людзі мала давяраюць заявам. Яна б паверылі нейкім справам, якія б прывялі да паляпшэньня эканамічнай сытуацыі. Напрыклад, калі б стабілізаваўся абменны курс рубля, зьнізілася інфляцыя, зьявілася станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу — вось тады б насельніцтва ўсё гэта ўспрыняло станоўча і стала б больш давяраць нацыянальнай валюце».

Тарасаў: «З гледзішча дзеяньняў думаю, што цяперашняя пазыцыя Нацбанку — самая правільная. Дэвальвацыя беларускага рубля выгадная нашай эканоміцы. На мой погляд, беларускі рубель усё яшчэ трохі пераацэнены адносна расейскай валюты.

Што тычыцца нейкіх тлумачэньняў з боку Нацбанку, то гэтая палка мае два канцы. З аднаго боку, ён мог бы паспрабаваць неяк супакоіць народ. А зь іншага боку, гэта прыцягнула б дадатковую ўвагу людзей да праблемаў валютнага рынку. Бо шмат жа хто з насельніцтва ня сочыць за сытуацыяй на валютным рынку. А тут яны б пачулі па ТБ, што нешта там адбываецца, і гэта можа выклікаць дадатковы ажыятаж».

Якія наступствы падзеньня абменнага курсу рубля?

Валеры Карбалевіч

Валеры Карбалевіч

Карбалевіч: «Якія наступствы гэтай паскоранай студзеньскай дэвальвацыі беларускага рубля? Як гэта ўплывае на эканоміку, на ўзровень дабрабыту людзей? Ці ня можа ўзьнікнуць нейкая паніка сярод насельніцтва? Можна ўзгадаць, што ў студзені 2014 году ўзьніклі чэргі ў абменьніках. Пакуль, здаецца, усё спакойна. Людзі адаптаваліся?»

Чубрык: «За мінулы год беларусы істотна зьбяднелі, даходы зьменшыліся, насельніцтва пачало выкарыстоўваць ашчаджэньні, каб падтрымаць узровень спажываньня. Няма за што скупляць валюту, як гэта было раней.

Адно з наступстваў дэвальвацыі — гэта страта даверу да нацыянальнай валюты. Мінулым годам Нацбанк спрабаваў умацаваць такі давер. Цяпер уся гэтая праца сышла на нішто.

Будзе падзеньне заробкаў і пэнсіяў у далярах. Гэта прывядзе да падзеньня спажывецкага імпарту. А гэта, у сваю чаргу, дасьць невялікі стымул для ўнутранай вытворчасьці. Дэвальвацыя ўтрымае наш экспарт ад далейшага падзеньня».

Тарасаў: «Я б расцэньваў гэтую дэвальвацыю як неабходнае зло. Яна прывядзе да падзеньня ўзроўню дабрабыту людзей, да зьніжэньня даходаў. Затое дэвальвацыя дазволіць нашай прамысловасьці ўтрымацца на тым жа ўзроўні. Хоць і вялікага эфэкту ад дэвальвацыі таксама ня будзе.

Я таксама лічу малаверагодным узьнікненьне нейкай панікі. Людзі, якія схільныя панікаваць, даўно ўжо перавялі свае грашовыя запасы ў валюту. Статыстыка паказвае, што валютныя дэпазыты ў банках у некалькі разоў перавышаюць рублёвыя».

XS
SM
MD
LG