Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка Рубцова пра жыцьцё ў нямецкім лягеры ўцекачоў: «Тут вэрхал, затое не баісься, што муж ня прыйдзе дамоў, бо яго арыштуюць»


Юры Рубцоў разам з жонкай Ядвігай, архіўнае фота

Юры Рубцоў разам з жонкай Ядвігай, архіўнае фота

Ужо амаль 3 месяцы ў намётавым лягеры ўцекачоў у нямецкім Нюрнбэргу жывуць былы палітвязень Юры Рубцоў і ягоная жонка Ядвіга.

У Беларусі Юры Рубцоў вядомы публічнымі пратэстамі супроць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, майкамі з надпісам «Лукашэнка, сыходзь!», а таксама тату з тым жа тэкстам, якое ён зрабіў сабе, калі адбываў «хімію». У кастрычніку мінулага году Юры Рубцоў зьехаў з жонкай у Нямеччыну, дзе нечакана для ўсіх папрасіў палітычнага прытулку. Перад Калядамі Рубцоў дзяліўся з чытачамі сайту Свабоды назіраньнямі за падрыхтоўкай у лягеры да калядных сьвятаў, а таксама распавядаў пра няпростыя ўзаемаадносіны з уцекачамі з Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі. Яшчэ прычынай цікаўнасьці Свабоды да Юрыя Рубцова было тое, што ён трапіў у шпіталь. Прамінуў месяц. Што новага ў жыцьці чалавека з татуіроўкай «Лукашэнка, сыходзь»?

Юры Рубцоў адказаў на пытаньні карэспандэнта Свабоды праз Фэйсбук.

— Мы жывыя і здаровыя, пакуль ніякіх зьменаў у нашым лёсе няма. Па-ранейшаму мы ў намётавым лягеры. Але тут пачалі разьмяркоўваць людзей па кватэрах, ужо каля 20 сем’яў пераехалі ў іншыя месцы з больш камфортнымі ўмовамі для жыцьця. Зразумела, найперш гэта сем’і зь дзецьмі і хворымі людзьмі. Мы ж пакуль чакаем сваёй чаргі, і колькі чакаць, невядома. А наконт здароўя ўсё нармальна, наколькі можа быць у чалавека з хранічным радыкулітам.

— Якая абстаноўка цяпер у лягеры? Ці адбіліся на ёй падзеі ў Кёльне? І яшчэ вы сказалі, што сем’і ўцекачоў пераводзяць з лягера ў кватэры — а хто будзе плаціць за гэтыя кватэры?

— У адрозьненьне ад Кёльна тут, у Нюрнбэргу, усё спакойна, хоць я і не асабліва веру ва ўсе зьвесткі, якія распаўсюджваліся пра Кёльн. Але нейкія захады і ў нас былі зробленыя. Тых людзей, якія былі заўважаныя ў бойках, перавялі ў іншы лягер. А што да аплаты кватэр — дык нам было цяжка ўсьвядоміць, але ў Нямеччыне ўцекачам даюць асобнае жытло, за якое плаціць альбо фэдэральны ўрад, альбо ўрад

у Нямеччыне ўцекачам даюць асобнае жытло, за якое плаціць альбо фэдэральны ўрад, альбо ўрад зямлі

зямлі. Аказваецца, на «гніючым» Захадзе ня ўсё гэтак дрэнна, як талдычыць беларуская прапаганда. Больш за тое, акрамя бясплатнага жыльля кожнаму ўцекачу выдзяляюць грашовыя сродкі, мінімум удвая большыя за сярэдні заробак у Беларусі. А ў той жа Расеі, самай багатай краіне сьвету паводле прыродных выкапняў, дагэтуль не забясьпечылі жыльлём усіх вэтэранаў Айчыннай вайны. Вось такі тут парадокс, які я тлумачу наяўнасьцю ў краіне дэмакратыі і рынкавых адносін. Бо гэта стымулюе прагрэс у вытворчасьці і дае магчымасьць разумным людзям прыходзіць да кіраўніцтва як прадпрыемстваў і кампаніяў, гэтак і ва ўрад. Ідзе такі натуральны адбор, які без шуміхі выключае карупцыю і выпадковыя прызначэньні. А ў Беларусі гэты адбор штучна спынены.

— Ці адчулі вы на сабе ў горадзе, што пасьля падзеяў у Кёльне зьмянілася стаўленьне гараджанаў да ўцекачоў?

— Зьменаў асаблівых не заўважыў, хоць адносіны былі самыя розныя: ад добразычлівасьці да нянавісьці. Заўважыў таксама, што ў некаторых мясцовых узьнікае нянавісьць пасьля прапагандысцкіх матэрыялаў па расейскім тэлебачаньні, якое тут працягвае трансьлявацца. Прыкладам, сюжэт расейскага журналіста пра расейскамоўную дзяўчынку, якую нібыта згвалцілі ўцекачы. Але гэта была фальшыўка, прычым адмыслова прыдуманая. Спадзяюся, у Нямеччыне пачнуць судовы працэс адносна гэтага карэспандэнта, які наўмысна ўвёў у зман грамадзянаў краіны.

— У вас зьявіліся знаёмыя сярод уцекачоў-беларусаў? Як яны сябе паводзяць, якімі праблемамі заклапочаныя? Ці ёсьць у людзей сум па доме, жаданьне вярнуцца?

— Мае ўражаньні тычацца ня толькі ўласна беларусаў, але выхадцаў з былога Саюзу. У мяне зьнікла жаданьне кантактаваць зь некаторымі, калі даведаўся пра іхнія мэты і спробы ператварыць працэс атрыманьня палітычнага прытулку ў бізнэс. Ёсьць тыя, хто ня лічыць гэта ганьбай альбо ганарыцца, што па-ціхаму крадзе ў крамах. Прыкладам, ёсьць у лягеры такі чалавек з уцекачоў з Саюзу, якога ўзялі на працу сачыць, каб тэхнічнае абсталяваньне было ў парадку. Сам ён, жывучы ў Нямеччыне на ўсім, як кажуць, гатовым, працягвае ганьбіць тут усе і

Нягледзячы на вэрхал у нашым намёце, яна тут высыпаецца, а ў Гомелі 20 разоў за ноч прачыналася. Тут, кажа, я не турбуюся, што ты ня вернесься дамоў, бо цябе арыштуюць

захапляцца Расеяй, Пуціным. І пры гэтым сваю працу па рамонце ацяпленьня як трэба зрабіць ня можа. І такія людзі трапляюцца.

Даволі шмат і тых, каго вызначыць неяк цяжка, бо людзі не раскрываюцца. Вось нядаўна ў мяне была сустрэча з расейскамоўнай парай, як выявілася, з Украіны. Паспрабаваў іх распытаць пра жыцьцё тут, дык адказваць ня сталі, яўна баяцца, застаўся ў іх нейкі страх. Вядома, сум па доме таксама застаўся, і ў нас з жонкай, як ва ўсіх, гэта ёсьць. Можа, у жонкі нават болей, бо я прызвычаіўся, калі 4 гады бязвыезна адпрацаваў у Маскве. Але, зь іншага боку, вось як мне жонка сказала: што нягледзячы на вэрхал у нашым намёце, яна тут высыпаецца, а ў Гомелі 20 разоў за ноч прачыналася. Тут, кажа, я не турбуюся, што ты ня вернесься дамоў, бо цябе арыштуюць.

Ня ведаю, да лепшага гэта ўсё ці не — пакажа час. Зь нямецкай мовай у мяне стала лепш. Хадзіў на курсы нямецкай мовы, але гэта былі курсы для турэцкамоўных, таму я амаль нічога не разумеў. Але паступова набраўся словаў. Магу ўжо і да ста палічыць, і нешта выказаць. Пакуль цяжка разумець беглую нямецкую мову, але, спадзяюся, у будучыні і з гэтым вырашыцца.

Што да маёй грамадзкай актыўнасьці, дык і тут спрабую пераканаць некаторых у памылковасьці іхніх мэтадаў барацьбы. Мяркую, дыктатура ня спыніцца перад тым, каб страляць у людзей, калі вырашыць, што гэта трэба.

І таму неразумна робяць тыя, хто ва ўмовах дыктатуры заклікае людзей на плошчу, бо і на яго ляжа адказнасьць за ахвяры, якія магчымыя. Пераменаў трэба дамагацца мірным шляхам, вывучаць псыхалёгію і сацыялёгію, каб добра ведаць законы паводзін людзей і празь іх дапамагаць людзям. Узяць тыя ж 10 запаветаў — яны ж мірна завалодалі розумам людзей, ня войнамі. Не забі, ня ўкрадзь. Я няверуючы чалавек, але прызнаю гэтыя запаветы.

— Магчыма, вы нездарма расчараваныя ў суайчыньніках. Але адкуль у іх антызаходнія настроі? Чаму шмат хто верыць таму, што кажа Пуцін? І ці няма тут сувязі з тым, што ў крамах яны абкрадаюць немцаў, якія ім дапамагаюць?

— Практычна ўсе жыхары былога СССР думаюць аднолькава. Што — так, Пуцін не асабліва добры, але ва ўсім вінаватыя ЗША, і калі б не Расея забрала Крым, дык там былі б ЗША. Гэта ў іхніх галовах сядзіць назаўсёды, убітае туды савецкімі мэдыямі, і мне зразумела, што прызнаць сваю памылку ім ужо немагчыма.

Што да крадзяжу ў нямецкіх крамах, дык тут я не адмысловец, чаму гэта адбываецца. Заўважу толькі, што ў іхных крамах няма ахоўнікаў, гэтых «сэк’юрыкаў», якіх у нас трымаюць на кожным квадратным мэтры.

Практычна ўсе жыхары былога СССР думаюць аднолькава. Што — так, Пуцін не асабліва добры, але ва ўсім вінаватыя ЗША

Тавары пазначаюцца электронным кодам, які аўтаматычна здымаецца на касе. Мяркую, у злодзеяў, якія займаюцца абкраданьнем крамаў, няма праблемаў, каб сарваць гэтыя коды і вынесьці тавар.

Зразумела, што некаторыя трапляюцца, як днямі трапіўся беларус з Полацку. Што зь ім было далей? Выклікалі паліцыю, зафіксавалі здарэньне. Быў суд, далі штраф у 100 эўра. На што асуджаны сказаў, што плаціць ня будзе, а лепш адбудзе 10 дзён у кутузцы. Такая гісторыя.

Дарэчы, крадуць ня толькі харчы, але і вопратку. Мне былі прапановы выбраць у краме гарнітур, прымераць яго, паказаць злодзеям, а потым яны яго скрадуць і прададуць мне за трэць кошту. Зразумела, я адмовіў, і больш да мяне з такімі прапановамі не падыходзілі.

— Вы асабіста ведаеце гэтага ўцекача з Полацку? Можа, яму банальна не хапае грошай на пражыцьцё? Чаму ён крадзе?

— Ведаю яго, але асабліва не кантактую. Мне вельмі не падабаюцца ягоныя выказваньні пра людзей зь Сярэдняй Азіі, да таго ж абурае ягоная прага да нажывы. Ён жа, як і ўсе, атрымлівае невялікую па заходніх мерках, але немалую па нашых грашовую дапамогу, і адкладае частку на тое, каб потым на радзіме сказаць, што гэта зарабіў. Я бачыў яго ў чарзе на бясплатную вопратку, у лягеры кормяць бясплатна, і пры гэтым ён яшчэ і крадзе! Ён з пагардай глядзіць на ўсіх, хто не падзяляе ягоныя погляды на жыцьцё, і праклінае немцаў за тое, што зьмянілі апараты па продажы цыгарэтаў. Ён там нешта «хімічыў» і гэтак зарабляў

Ёсьць супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, якія просяць прытулку ў Нямеччыне, хоць у асноўным гэта былыя падначаленыя Януковіча

яшчэ колькі грошай, а цяпер гэта скончылася, і ён вельмі незадаволены. Гэтыя яго выказваньні мяне абурылі канчаткова!

Ды такіх тут хапае! Ёсьць тыя, хто па чарзе просяць палітычнага прытулку ў розных краінах Эўразьвязу, ужо ня меней за чатырох такіх сустракаў. Ёсьць проста тыя, хто хоча тут падлячыцца за кошт эўрапейцаў. Чаму нямецкія ўлады іх не адсочваюць — ня ведаю. Магчыма, таму, што з-за наплыву мігрантаў павялічыўся час на разгляд заяваў, а гэта ім толькі на карысьць.

Ёсьць супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны, якія просяць прытулку ў Нямеччыне, хоць у асноўным гэта былыя падначаленыя Януковіча, якія цесна супрацоўнічалі з ФСБ Расеі. Калі іх пытаесься, чаму яны ня просяць прытулку ў Расеі, дык у адказ круцяць пальцам каля скроні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG