Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не прызнае пашпарты «ДНР»


Пашпарты «грамадзян» так званай «Данецкай народнай рэспублікі», аб пачатку выдачы якіх абвясьціў лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў Аляксандр Захарчанка, ня будуць прызнавацца беларускімі памежнікамі, а ўехаць па іх у Беларусь будзе немагчыма. Такіх «дакумэнтаў» няма ў атлясе пашпартоў Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, паведамляе «Інтэрфакс».

— Каб ставіць пытаньне аб прызнаньні пашпартоў «грамадзян ДНР», патрэбныя адпаведныя рашэньні на больш высокім узроўні, напрыклад, на ўзроўні Міністэрства замежных справаў, — распавёў журналістам прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Цішчанка. — Я ня чуў, каб нешта падобнае адбывалася. Магу сказаць толькі тое, што ў нашым атлясе пашпартоў цяпер пашпартоў ДНР няма.

Сёньня Кіраўнік так званай «ДНР» Аляксандр Захарчанка прадэманстраваў журналістам ўзор пашпарта ДНР.

«Пашпарт мае сем ступеняў абароны і на наступным тыдні пачынаецца хаджэньне гэтых пашпартоў. Такім чынам кожны грамадзянін ДНР будзе валодаць гэтым дакумэнтам», — сказаў ён.

Паводле Захарчанкі, увядзеньне ўнутраных пашпартоў зьяўляецца «вымушанай мерай», бо Украіна зьбіраецца мяняць свае пашпарты на біямэтрычныя, тым самым «спрабуючы пазбавіць жыхароў ДНР якіх-небудзь дакумэнтаў».

«На Ўкраіну з гэтым пашпартам не паедзеш, ды і няма чаго там рабіць. Жыць там холадна, голадна, а ў Расею па ім езьдзіць можна», — заявіў Захарчанка.

Яшчэ летась у траўні Захарчанка заяўляў, што Кіраўніцтва самаабвешчанай ДНР запусьціць працэс выдачы нацыянальных пашпартоў толькі пасьля прызнаньня краіны.

«Пашпарты павінны быць ня проста выдадзены, а прызнаныя. Друкаваць пашпарты мы будзем тады, калі будзем ўпэўненыя, што нас прызнаюць. Марнаваць бяздумна народныя грошы нельга», — тлумачыў Захарчанка.

У сваю чаргу Ўкраіна адзначае, што не забараняе выдачу дакумэнтаў жыхарам Данбасу, якія пражываюць на тэрыторыі ДНР і ЛНР. Тамтэйшыя жыхары могуць свабодна аформіць і атрымаць пашпарт грамадзяніна Ўкраіны або замежны пашпарт у любым пашпартным сэрвісе Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG