Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы папрасіў прабачэньня ва ўсіх украінцаў за свайго сабрата


Фрагмэнт старонкі сьвятара Віктара Бабія

Фрагмэнт старонкі сьвятара Віктара Бабія

У Беларускай праваслаўнай царкве наогул толькі адна афіцыйная пазыцыя па ўкраінскім пытаньні: маліцца аб міры ва Ўкраіне.

Пра гэта гаворыцца ў камэнтары для Радыё Свабода протаярэя Сергія Лепіна, старшыні сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ.

Прадстаўнік БПЦ адрэагаваў на выказваньні, зробленыя ў сацыяльных сетках праваслаўнымі сьвятарамі, якія вядуць прарасейскую, прасэпаратысцкую і антыўкраінскую прапаганду.

«У Беларускай Праваслаўнай Царкве наогул толькі адна афіцыйная пазыцыя па ўкраінскім пытаньні: маліцца аб міры ва Ўкраіне. Праваслаўныя ваююць у войсках, якія змагаюцца між сабой — гэта асабліва гняце і турбуе нас, але калі ў канфлікт яшчэ будзе ўцягнута і сама царква як грамадзкі інстытут, то міру ў гэтай краіне ад гэтага відавочна не дадасца. Ёсьць адпаведны тэкст малітвы, у якой мы за кожнай літургіяй просім Бога прымірыць усіх людзей, якія жывуць на ўкраінскай зямлі. Падкрэсьліваю чырвоным: на ўкраінскай, а не якой іншай. Гэты тэкст даступны і не зьяўляецца тайнай.

Айцец Віктар сам прыехаў да нас з Данбасу, і, здавалася б, каму яшчэ, як не яму, трэба ўмець шанаваць мір і добрасуседзтва ў нашай краіне. Зразумела, у кожнага сьвятара можа быць сваё асабістае бачаньне тых ці іншых палітычных пытаньняў, аднак гэтае бачаньне ні ў якім разе не павінна выяўляць сябе ў дзейнасьці сьвятара дзеля адзінства абшчыны, міру і згоды царквы. Я ўжо не кажу пра такую лексыку, такія павярхоўныя абагульненьні, спрашчэньні і нізкапробны гумар.

Я прашу прабачэньня ва ўсіх украінцаў, каго абразілі скажэньні этноніма, дапушчаныя маім субратам. Ён перажываў за лёс сваіх бацькоў доўгія месяцы, і, думаю, гэтым тлумачыцца яго нястрыманасьць.

Не трэба ўзводзіць прыватнасьці ў значэньне ўсеагульнасьці і рабіць далёка ідучыя высновы з гэтай сытуацыі. Тым больш ня варта рабіць тое ж, што зрабілі неабдуманыя выказваньні майго калегі: менавіта разгойдваць човен згоды і міру, але зь іншага боку», — заявіў старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу БПЦ протаярэй Сергій Лепін.

Блогер 1863x прайшоўся па акаўнтах беларускіх праваслаўных сьвятароў «УКантакце» і знайшоў шэраг такіх, адкуль вядзецца прарасейская, прасэпаратысцкая і антыўкраінская прапаганда. З пабачанага блогер зрабіў выснову: «праваслаўная царква рыхтуе нас да „русского мира“». Пазьней «Наша Ніва» пагутарыла з адным са згаданых сьвятароў — той і ў гутарцы распавядае пра «кіеўскую хунту» і «украў», якія нібыта вітаюцца, выкідваючы наперад руку пад «Зіг хайль».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG