Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама меў рацыю: Эканоміка РФ «разорвана в клочья»


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Узважанае слова палітыка заўсёды робіць лепшае ўражаньне, чым кінутае на вецер, непрадуманае.

Маланкавая анэксія Крыму і затым вайна на Данбасе за так званую «Наваросію» паставіла заходніх палітыкаў у надзвычай складанае, нечаканае становішча. Што рабіць? Як супрацьдзейнічаць агрэсіі? Калі агрэсар прыкідваецца авечкай? Робіць наіўныя вочы. Гуляе супраць усіх па прыдуманых ім самім правілах…

Ну, выгналі з клюбу моцных дзяржаў, пачалі, як выглядала, даволі сьціпла санкцыі ўводзіць. Каб нейк паўплываць на дзеяньні Пуціна. Які з маскоўскага боку рогат пачаўся! За жываты хапаліся. Дума, алігархі пуцінскія. Запішыце і мяне ў свой сьпіс неўязных, калі ласка! І мяне таксама! І мяне! Ёрнічалі напоўніцу, каб аўтару анэксіі спадабацца, каб адзначыў поўную ляяльнасьць і адданасьць. На Захадзе былі ў шоку ад такой рэакцыі. Хіба адказныя людзі, тым больш палітыкі, гэтак робяць?

А дзе вы бачылі адказных? Гульня пачалася азартная, а ня ўзважаная палітыка.

Санкцыі мелі напачатку эфэкт хутчэй малазаўважны. Але, верагодна, досыць адчувальны ў пэрспэктыве. Вялікі адплыў капіталаў з Расеі, у тым ліку расейскіх, паніжэньне рэйтынгу РФ у фінансавых і эканамічных адносінах. Аб гэтым адразу загаварылі экспэрты, прадказваючы, што ў бліжэйшай будучыні гэта можа істотна адбіцца на стане расейскай гаспадаркі.

А што Крэмль на гэта? Ён працягвае зухавую гульню: абвяшчае аб сваіх «антысанкцыях»!

Падводзячы першыя вынікі захадаў, зробленых, каб стрымаць Расею, прэзыдэнт Абама зазначыў — у расейскім перакладзе гэта прагучала так: эканоміка РФ «разорвана в клочья». Які сьмех пачаўся ў Маскве, новы прыступ ёрнічаньня. Гэта было дакладна год таму. Віцэ-прэм’ер Рагозін напісаў у мікраблогу на твітэры ў адказ: «Типа “порвал как Тузик тряпку”. Мечтатель».

Барак Абама, нагадаю, у сваім звароце да Кангрэсу ЗША тады сказаў наступнае: «У мінулым годзе, на фоне агрэсіі спадара Пуціна, мы разам з хаўрусьнікамі правялі цяжкую працу па ўвядзеньні санкцый, умацавалі нашу прысутнасьць у прыфрантавых дзяржавах. Некаторыя казалі, што стратэгія Пуціна была майстэрскай дэманстрацыяй стратэгіі і моцы. Але сёньня менавіта Амэрыка зьяўляецца моцнай і згуртавалася са сваімі хаўрусьнікамі, у той час як Расея ізаляваная, а яе эканоміка разарваная ў шматкі».

Прэзыдэнт ЗША дадаў: «Мы прытрымліваемся прынцыпу, што вялікія краіны ня могуць уціскаць маленькія. Мы супрацьстаім расейскай агрэсіі, падтрымліваем дэмакратыю ва Ўкраіне і супакойваем хаўрусьнікаў па НАТО». Абама гаварыў таксама аб тым, што Амэрыка не займаецца пустымі пагрозамі, а дзейнічае ўстойліва і рашуча.

У мінулую восень у расейскіх СМІ раптам паявіліся загалоўкі «Шувалаў абверг словы Абамы». Аказваецца, віцэ-прэм’ер Шувалаў палічыў патрэбным узгадаць словы прэзыдэнта ЗША, каб сьцьвердзіць, што эканоміка «в клочья» зусім і не разарваная, хаця пачуваецца не зусім добра. Затое сытуацыя ў банкаўскім сэктары дастаткова стабільная, пахваліўся крамлёўскі чыноўнік.

Сурочыў Шувалаў. Колькі банкаў закрылася па Расеі за апошні час? А з рублём што сёньня? Крылаты загаловак абляцеў СМІ: «Рубель імкліва падае». Паявіліся адразу хвосткія камэнтары: «Крым і Данбас аказаліся занадта дарагія!» «Жылі-не журыліся: нафта 150 даляраў, сам даляр 35 рублёў. Не, трэба было перасварыцца з усімі суседзямі, зачаць вайну ва Ўкраіне, адцяпаць Крым… Гэта якім вялікім мэнэджэрам (нагадаем: Сталін нядаўна быў абвешчаны ў Расеі «эфэктыўным мэнэджэрам») трэба быць! Аналітыкам, дырэктарам краіны!»

Так, «вынік Луган…ну і КрымНаша — узмоцненае зьніжэньне цаны на нафту», канстатуе наступны камэнтатар. «А Крым усё яшчэ наш? Ну тады п’ём піва і жуем чыпсы далей», жартуе яшчэ адзін.

І сапраўды: вынік геройства Пуціна — даляр 84 расейскія рублі, эўра — 92. Няхай рубель адгуляў затым некалькі «ачкоў», здароўя яму гэта больш не прыбавіла. Ня трэба сьмяяцца з нагоды нездаровай эканомікі, нават калі звонку яна яшчэ трымаецца на нагах. Сьмяецца добра той, хто сьмяецца апошнім. Няўжо каманда ВВП забылася на ўсім вядомую мудрасьць? Выглядае, што так.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG