Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верагодна, Пуцін ухваліў забойства Літвіненкі


Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Свабода прааналізавала апублікаваны даклад брытанскага судзьдзі пра прычыны сьмерці Аляксандра Літвіненкі.

Забойства былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі зьдзейсьнілі дэпутат Дзярждумы Расеі Андрэй Лугавы і прадпрымальнік Дзьмітры Коўтун. Апэрацыя па ліквідацыі Літвіненкі была асабіста ўхваленая дырэктарам службы Мікалаем Патрушавым і, «верагодна», прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, гаворыцца ў заключным дакладзе судзьдзі Робэрта Оўэна, які праводзіў публічнае расьсьледаваньне забойства Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе.

21 студзеня даклад абнародавалі ў Палаце абшчын парлямэнту Вялікабрытаніі і апублікавалі.

Удава Аляксандра Літвіненкі заклікала да ўвядзеньня візавых і эканамічных санкцыяў супраць прэзыдэнта Пуціна і кіраўніка расейскага Савета бясьпекі Мікалая Патрушава:

«Учора я атрымала ліст ад міністра ўнутраных спраў [Вялікабрытаніі] з абяцаньнямі далейшых дзеяньняў. Неймаверна, каб прэм’ер-міністар нічога не зрабіў у сьвятле выкрывальных высноваў сэра Робэрта Оўэна», — гаворыцца ў заяве Марыны Літвіненкі.

Марына і Анатоль Літвіненка
Марына і Анатоль Літвіненка

Сын Аляксандра Літвіненкі Анатоль заявіў, што, паводле яго меркаваньня, забойцаў яго бацькі пакрывае расейская дзяржава.

«Гэта было вельмі складанае злачынства, з выкарыстаньнем надзвычай складанай прылады забойства, — сказаў ён у інтэрвію Sky News. — Забойцы былі пад абаронай расейскай дзяржавы».

Брытанскія ўлады ўжо дамагаліся экстрадыцыі з Расеі Лугавога і Коўтуна, аднак гэтыя спробы не прывялі да посьпеху. Сярод здагадак аб матывах забойства Літвіненкі асноўнае месца займае вэрсія пра знойдзеныя ім доказы сувязяў блізкіх да расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна чыноўнікаў з арганізаванай злачыннасьцю.

Паводле меркаваньня сябра Аляксандра Літвіненкі і суаўтара кнігі пра яго забойства Аляксандра Гольдфарба, Вялікабрытанія можа запатрабаваць ад Расеі выдачы Лугавога і Коўтуна праз ААН і ўвесьці новыя санкцыі супраць Масквы:

Аляксандар Гольдфарб
Аляксандар Гольдфарб

«Выснова пра тое, што за гэтым стаіць расейская дзяржава, была даўно агучаная, зь першых дзён, але цяпер яна будзе мець сымбаль юрыдычна ўстаноўленага факту. Гэта азначае, мабыць, тое, што брытанскі ўрад павінен нейкім чынам адрэагаваць на гэта заключэньне. Вайну яны пачынаць з-за гэтага ня будуць, і ня думаю, што яны будуць адклікаць амбасадара, але яны могуць, напрыклад, зьвярнуцца ў Раду Бясьпекі ААН з рэзалюцыяй — запатрабаваць ад Расеі выдачы выканаўцаў, Лугавога і Коўтуна. Яны могуць запатрабаваць ад Расеі прызнаць адказнасьць, перадаць у брытанскую паліцыю ўсе наяўныя ў іх схаваныя зьвесткі і выплаціць кампэнсацыю Марыне Літвіненцы. Яны могуць, нарэшце, увесьці санкцыі супраць тых асобаў, якія, на думку суда, мелі дачыненьне да гэтага забойства. Да прыкладу, калі палёній выраблены на прадпрыемствах Расатама, то кіраўніцтва Расатама, ядзернага цэнтра ў Сарове, былы Арзамас-16, павінна быць адзначана ў гэтых санкцыях».

Аляксандар Гольдфарб кажа, што роля Лугавога і Коўтуна ў гэтым забойстве даказаная абсалютна адназначна.

«Гэта вынікае зь велізарнай колькасьці крыміналістычных дадзеных, якія сабрала і апублікавала паліцыя. Што гэта для іх значыць? Я думаю, што яны будуць рады гэтай навіне, таму што цяпер яны ня проста забойцы, а выведнікі, якія дзейнічалі на загад любімай дзяржавы. Таму я думаю, што для іх гэта добрая навіна. Ордэр на іх арышт быў выдадзены ўжо гадоў восем таму, і яны як не маглі езьдзіць за мяжу, так і ня змогуць. Як толькі яны зьявяцца, іх тут жа арыштуюць і даставяць у Вялікабрытанію. Што гэта для іх значыць ўнутры Расеі? Ды нічога, я думаю. Пры тым стане, які цяпер пануе ў Расеі, яны як былі народнымі героямі, так і застануцца».

Пытаньне пра тое, ці даваў Пуцін асабіста загад забіваць Літвіненку ці не даваў, мабыць, ніколі ня знойдзе свайго адказу, таму што доказаў на гэтую тэму няма.

«Пра што, дарэчы, казалі ў судзе экспэрты — што, па ўсёй верагоднасьці, такая апэрацыя не магла адбыцца безь яго ведама, таму што ніхто ня стаў бы аддаваць такі загад, не прыкрыўшыся. Пуцін, мабыць, ведаў. Што гэта будзе значыць для яго асабіста? Ну, гэта залежыць ад рашэньня ўжо не суда, а брытанскага ўраду, пытаньні зьнешняй палітыкі да кампэтэнцыі суда дачыненьня ня маюць», — лічыць Аляксандар Гольдфарб.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG