Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Канадзкая беларуска задае беларускі трэнд у вышыўцы


Ірына Варабей

Ірына Варабей

Ірына Варабей эмігравала зь Беларусі ў Канаду, дзе знайшла ідэальныя ўмовы, каб вышываць. Там ужо 10 гадоў існуе яе мастацка-дызайнэрская кампанія Spirit of Belarus, якая прапагандуе беларускую вышыўку сярод заходніх аматараў.

Са сп-няй Ірынай мы пагутарылі пра тое, чаму папулярнасьць вышыўкі вяртаецца ў наш хуткасны час, ці можна вышыўкай зарабіць і ці дарэчы, што вышыўка з ручніка патрапіла на дзяржаўны сьцяг. У гутарцы мы таксама закранулі тэмы сялянскасьці і шляхетнасьці гэтага занятку, узгадалі беларускую тэхніку, якая больш старажытная чым крыжык, і тэхніку, назву якой нібыта даў кароль Ягайла.

Сьцягвайце падарунак ад Ірыны Варабей — схемы беларускай вышыўкі!

Спадарыня Ірына, ці можна паверыць, што нехта зьехаў зь Беларусі ў далёкую Канаду, каб проста вышываць?

Мая галоўная мэта была не вышываць, калі я ехала ў Канаду. Я нават і ня думала, кім я ў Канадзе стану і чым я тут займуся. Ехалі проста з таго эканамічнага крызісу, які ў нас быў у 90-я. Але чалавек ня можа жыць бяз мары. Мы ехалі па лепшае жыцьцё, а ў думках мне хацелася вышываць. Паверыце вы ці не, але я везла цэлую валізку беларускіх абрусаў, для таго каб іх тут вышыць і, можа, прадаць.

У вас было ўяўленьне, што гэта можа быць валютны тавар?

Так, я ведала ўжо, што вышыўка папулярная ў Канадзе, у Амэрыцы. Тады ў 90-х гадах ужо прыходзілі да нас, на наш кніжны рынак часопісы з Захаду са схемамі вышывальнымі, з карцінамі для вышыўкі. І хацелася ўсё гэта вышываць, у мяне ўжо тады рукі сьвярбелі, што буду вышываць. Я ў дзяцінстве спрабавала сама ствараць схемы для вышыўкі — на паперцы, клятчатым аркушы — і я ведала, што магу ствараць такія схемы.

І тут вам гэты шлях ад вышывальніцы да стваральніцы схем удалося прайсьці...

І ў Канадзе я пачала вышываць па гатовых схемах. Ужо ў першыя дні я прыйшла ў вышывальную краму, ахнула там, ледзь не заплакала і ўсяго-усяго набыла. Бачыла, што прапаноўваецца шмат матываў — тут віктарыянскія, тут афрыканскія, тут індзейскія, тут расейскія, украінскія нават — і тут мяне заняло: чаму беларускага нічога няма і ніхто ня ведае нават?

Прыблізна з такімі пачуцьцямі я гляджу на карціну, якую вышыла мая маладая мама. У нас дома вісіць яе выдатная праца — маскоўскі Крэмль. Відаць, гэта вышывалася па схемах, якія калісьці друкаваў часопіс «Работніца і сялянка». Колькі ўменьня і гадзінаў працы гэтаму было аддадзена, а мне ня хочацца гэтую карціну забраць з сабой — здаецца, вось каб там быў партрэт Купалы або...

Вышыты Мірскі замак

Вышыты Мірскі замак

Чырвоны касьцёл? Так, я сама жыла ў тыя гады. 60-я і 70-я — маё дзяцінства, калі я спасьцігала гэтае вышываньне. Мая мама таксама вышывала. Я памятаю, што бегала яна са сваімі сёстрамі, шукалі нейкія ніткі асаблівага адценьня. У маёй цёці таксама віселі вышытыя карціны па ўсёй хаце. А потым гэта занепадала: не было нітак, не было схемаў, не было ўсяго гэтага начыньня. Некаторыя рэчы, якія я маю тут, я нават ня ведаю як назваць — бо ўжываю толькі ангельскія назвы. Потым мама закінула вышыўку, пачала вязаць. Вязаньне прыносіла нейкі прыбытак, можна было зарабіць капейчыну. А вышываньне было чыстай забавай. І тут на Захадзе быў прыблізна такі самы адыход — цікавасьць занепадала, жанчыны як кажуць апраналіся ў крамнае, але потым ручная вышыўка вярнулася на сонца — тут існуюць гільдыі вышывальніц, праводзяцца курсы, сэмінары, выставы, у каледжах выкладаюць вышыўку...

Калі вы закладалі свой сайт і кампанію Spirit of Belarus, то казалі, што вашай матывацыяй было знайсьці і стварыць для іміджу краіны ўстойлівы візуальны вобраз. У прынцыпе гэта задача-выклік. Як вы ацэньвае свой посьпех, наколькі вы наблізіліся да магчымага варыянту адказу?

Напэўна наблізілася. Таму што, калі я бачу вынік працы, калі на фэстывалях людзі прыходзяць і пазнаюць, што гэта беларускае, то думаю, што задача выкананая.

І ўсё ж у чым гэты сымбаль увасоблены — у вышыўцы, ў нейкім элемэнце арнамэнту?

Сурвэтка "Грамавік". Тэхніка Trianglepoint - вышыўка трохкутнікам

Сурвэтка "Грамавік". Тэхніка Trianglepoint - вышыўка трохкутнікам

Ведаеце, калі я разважаю над вашымі пытаньнямі, я бачу, што ў нас розныя ўяўленьні, мы ўкладваем розныя паняцьці ў словы вышыўка і арнамэнт. Ва ўяўленьні беларускім мы асацыюем вышыўку з арнамэнтам, гэта ў нас амаль што сынонімы. Калі вышыўка — дык арнамэнт. На захадзе зусім іншае ўяўленьне аб вышыўцы, яна не атаясамліваецца з арнамэнтам, у іх слова арнамэнт азначае зусім іншае. Тут часта вышыўка — гэта карціны створаныя ніткай. У іх таксама няма такога выразу як нацыянальны арнамэнт. У нас жа ёсьць — беларускі нацыянальны арнамэнт, казахскі арнамэнт, эстонскі арнамэнт...

Гэта, магчыма, мае карані ў тым, што вышыўка нарадзілася як ужытковае мастацтва. А як вы ставіцеся да таго, што той самы нацыянальны арнамэнт быў зьмешчаны на дзяржаўны сьцяг Беларусі? Ці прыходзілася вам гэты факт прыводзіць канадцам, расказваючы пра Беларусь?

Размова зь любым канадыйцам пачынаецца сапраўды аднолькава: ты адкуль? — зь Беларусі — а дзе гэта? Але ў апошнія гады гэта мяняецца. Прынамсі тут на фэстывалях мяне ўжо ведаюць. Так, я гавару і пра тое, што вышыўка, геамэтрычныя ўзоры — на нашым дзяржаўным сьцягу. На дзяржаўным, не на нацыянальным.

А той варыянт, які быў выбраны на сьцяг, ён адпавядае яго ўжываньню, яго функцыі?

"Калядная каза". Сanvaswork, blackwork, string art, беларуская нізанка і вышыўка пацеркамі.

"Калядная каза". Сanvaswork, blackwork, string art, беларуская нізанка і вышыўка пацеркамі.

Калі вы хочаце спытацца пра значэньне сымболікі — то загнутыя ромбікі, напрыклад, азначаюць багацьце, яны навеяныя рагамі жывёлы, якая была валютай уў старадаўнія часы. Рогі могуць таксама сымбалізаваць рукі якой-небудзь багіні — абярэга. А таксама чытала ў інтэрнэце крытыку, што быццам гэты арнамэнт не адпавядае яго ролі, што быццам яго на паховінах ужывалі, што у ім матывы сьмерці... Але я арыентуюся на значэньне сымбаляў па кніжцы Міхаіла Кацара. Па Кацару, як яму сялянкі расказвалі, у нашых узорах нічога цёмнага, нічога зьвязанага са сьмерцю няма. Усе нашы ўзоры — гэта размова з Богам, гэта малітва, гэта ўхваленьне, гэта просьба. Таму, які б узор ты ні ўзяў на гэты сьцяг, я думаю, любы ўзор можа адпавядаць. Гэта проста сымбаль нашай культуры, нашага сьветапогляду.

А цяпер пра тое, чаму вы не вышываеце строі, не бераце заказы...

Таму што задача маёй кампаніі — не аўтэнтычная вышыўка. Яе задача — данесьці веды пра Беларусь тут у заходнім сьвеце. Вышыўка строяў — гэта рамяство, я займаюся мастацтвам. Калі гаварыць пра бізнэс — я ствараю і прадаю схемы для вышыўкі. Схемы я ствараю паводле сваіх твораў. Калі жанчына іх купляе, прыносіць дадому і пачынае вышываць — яна ведае, што гэта беларускае, яна дазнаецца пра краіну Беларусь, потым яна вышывае гэта з думкамі пра Беларусь.

А як вы гледзіце на проста шалёны выбух папулярнасьці вышыванкі ў Беларусі — што вышываны матыў пашыраецца ва ўсе сфэры — яго возяць на капотах машын, носяць на мабільніках?

Нармальна гляджу. Я марыла пра гэта, калі я пачынала сваю кампанію гадоў 10 таму. Я марыла, каб усе жанчыны ўзялі іголкі ў рукі і пачалі вышываць, каб несьлі ў сьвет нашу адметнасьць.

Ці здаралася з вамі такое, што вышываньне вам дапамагае нешта вельмі добра запомніць, проста зашыць у памяць?

На канадыйскім фэстывалі "Юрта міру

На канадыйскім фэстывалі "Юрта міру

О так, калі я вышываю, напрыклад, другі раз нейкі ўзор, я ўспамінаю, што было першы раз. Калі я пачала вышываць у Канадзе, я пачала ўспамінаць мае беларускія сны. Аднойчы я нават патрапіла ў Таронта на вуліцу, якую я сьніла ў Беларусі. Іголка сапраўды нібы антэна ловіць хвалі сусьвету, вашы ўнутраныя імпульсы і зашывае іх у тканіну. Таму ўсе рукамі вышываныя рэчы напоўненыя энэргетыкай. Калі вы хочаце мець беларускі строй, раю не купляць у краме — бо ў строй укладзеныя ня толькі сакральныя сымбалі, але і энэргія чалавека, які вышываў. Гэта вельмі істотна.

Можа быць, вы крыху прыадкрыеце, ці можа вышываньне пракарміць як бізнэс, асабліва на Захадзе?

Усе вышывальніцы ведаюць, што проста вышываньнем і продажам схем пракарміцца нельга. Некаторыя прадаюць свае работы, але гэта не асноўны іх бізнэс. Чым можна трохі зарабіць — гэта курсамі. Тыя, хто мае курс, могуць добра зарабіць. Ёсьць такія выкладчыкі, якія езьдзяць па сэмінарах, маюць воркшопы.

Колькі плаціць студэнт на такіх курсах?

20 даляраў за гадзіну. Калі да вас прыйшло пяць студэнтаў, гэта ўжо будзе 100 даляраў за гадзіну.

Вядома, што вы хочаце замацаваць у міжнародным ужытку такі тэрмін як беларуская нізáнка. Як бы вы патлумачылі асаблівасьць гэтай тэхнікі для аматара?

Часам яе яшчэ называюць і процяг, і нацяг. Нітка стварае ўзор ня крыжыкам, але такім працягнутым штрыхом. Адзін ручнік такой работы мне паслаў Янка Запруднік. І калі мяне ўсе тут пыталіся, якія адметныя беларускія тэхнікі існуюць — я вырашыла, а чаму ня гэта? Я выбрала варыянт назвы нізанка, бо яго лепш можна перадаць лацінкай: Belarusian nizanka. Хачу, каб ён замацаваўся гэтак сама, як скажам украінская мярэжка. І калі я пайду, калі нават згубяцца мае працы, гэты тэрмін застанецца ў міжнародным ужытку. За ім будзе стаяць мая Беларусь.

Вы б маглі вярнуцца ў Беларусь лідэрам, такім вышывальніцкім гуру...

Ага, сабраць аўдыторыю вакол сябе, цэлыя залі, нешта прамаўляць. Не, я сваё жыцьцё такім ня бачу. Я хачу проста быць прыкладам, сваімі работамі паказаць шлях іншым, як можна вышываць, браць іголку ў рукі і проста адчуваць асалоду ад гэтага занятку. Можа нехта зьяднаецца ў клюбы ў нас, я хачу, каб і ў нас зьявіліся нейкія гільдыі, клюбы, арганізацыі, часопісы, сэмінары. Спадзяюся, што знойдуцца больш таленавітыя, чым я, і пойдуць далей і далей пашыраць гэта мастацтва маляваньня ніткамі.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG