Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня 22 студзеня. другая гадавіна сьмерці Жызьнеўскага, беларуская ноч бібліятэк


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

АФІША

Сваякі Міхала Жызьнеўскага, героя «Нябеснай сотні», у дзень яго сьмерці зьбяруцца ўшанаваць памяць на могілках у вёсцы Сьцяг Працы ў Гомельскім раёне (а13-й гадзіне). Акцыя рыхтуецца і ў Гомелі.

Ноч бібліятэк у сталіцы пачнецца ад 19 гадзін і пройдзе пад зоркай беларускасьці. Юры Зісер, Ганна Бонд, Аляксандр Куль , Саша Раманава і іншыя госьці прачытаюць урыўкі са сваіх любімых беларускіх кніг і замежных аўтараў у перакладзе на беларускую. Сустрэчы праводзяцца у памяшканьнях бібліятэкі імя Пушкіна і навуковай бібліятэкі БНТУ.

У Паставах у дзіцячай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя кніг Міхаіла Плавінскага «Бітва на Нямізе» і «Скарбы, курганы, замкі і іх дасьледчыкі» (пачатак а 18-й).

У Дзяржынску адкрыецца выстава мастакоў Фёдара Ладуцькі і Андрэя Лычкоўскага. У часе адкрыцьця пройдзе майстар-кляс, можна будзе замовіць свой партрэт або павучыцца пісаць нацюрморт. (Гісторыка-краязнаўчы музэй, пачатак а 15-й).

У гісторыі:

1558 — у гэты дзень пачалася Лівонская вайна, якая доўжылася 25 гадоў. Вайну вяла Маскоўская дзяржава супраць Лівонскага ордэну, ВКЛ (потым Рэчы Паспалітай), Швэцыі за кантроль над Лівоніяй, то бок выйсьцем да Балтыйскага мора.

1863 — пачатак паўстаньня 1863-1864 гадоў супраць расійскіх уладаў. Адным з кіраўніком паўстаньня быў Кастусь Каліноўскі.

1980 — затрыманы і адпраўлены ў высылку акадэмік Андрэй Сахараў, расейскі і савецкі фізік, праваабаронца і палітычны дзяяч.

У гэты дзень нарадзіліся:

1561 — Фрэнсіс Бэкан, ангельскі філёзаф, навукоўца і грамадзкі дзяяч.

1890 — Ільдэфонс Бобіч, каталіцкі сьвятар, прыхільнік беларусізацыі касьцёлу.

1898 — Сяргей Эйзенштэйн, савецкі рэжысёр, сцэнарыст, тэарэтык кіно і пэдагог.

1935 — Віктар Ракаў, беларускі паэт. Ягоная паэзія прысьвечана вёсцы, бацькоўскай зямлі, сялянскай працы, а таксама Магілёўшчыне, зь якой паходзіў паэт.

1935 — Аляксандр Мень, праваслаўны сьвятар, багаслоў, аўтар кніг па багаслоўі, гісторыі хрысьціянства і іншых рэлігій.

У гэты дзень памерлі:

1901 — Вікторыя, каралева Вялікабрытаніі.

1978 — Алесь Салавей, беларускі паэт.

2012 — Яўген Шатохін, беларускі мастак.

2014 — Міхаіл Жызьнеўскі, актывіст Майдану, герой Нябеснай сотні. Ён загінуў падчас сутыкненьняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве, калі атрымаў агнястрэльнае раненьне ў сэрца (нарадзіўся 26 студзеня 1988 года).

Цытата

Па сэрца ў крыві Ўкраіна.
А Беркут ля самых воч...
Калі забіваюць сына —
тады надыходзіць ноч...

Як маці сказаць аб страце?
А Каін запомніць змог:
калі забіваюць брата —
тады памірае Бог...

Калі забіваюць сына —
ня здацца сябе прымусь...
Па сэрца ў крыві Ўкраіна.
Па вочы ў слязах Беларусь...

Эдуард Акулін. Памяці Міхаіла Жызьнеўскага.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG