Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі фатограф здымае Менск з «коптэра» і выкладвае фота ў сацыяльных сетках


Дзьмітры Важнік — відэаограф. Адносна нядаўна разам зь сябрам яны набылі «коптэр» — прыладу, якая дае магчымасьць здымаць з вышыні. Плады сваёй працы Дзьмітры звычайна посьціць у інстаграм і на vimeo, і ласкава пагадзіўся апублікаваць некаторыя свае здымкі на Радыё Свабода.

Дзьмітры Важнік

Дзьмітры Важнік

Дзьмітры завяршае працу над аўтарскім праектам пра Беларусь.

«Я езьдзіў па цікавых мясьцінах і рабіў здымкі, спачатку гэта быў пераважна таймлапс, а калі зьявіўся коптэр — дадаліся палёты. Цяпер праект у мантажы. Ён цалкам асабісты і некамэрцыйны, заснаваны на маёй цікавасьці да роднага краю. Ужо трохі паезьдзіў па розных краінах, а сваю ведаю ня ўсю».

Дзьмітры здымаў у Кітаі, Нарвэгіі, Ганконгу, Грэцыі, Эміратах, але кажа, што ў Менску непаўторная атмасфэра, якую ён спрабуе перадаць:

«З паветра ўсё выглядае па-новаму, тыя ж звыклыя мясьціны адкрываюцца па-новаму. Можа, Менск і ня самы сучасны з гарадоў, аднак даволі прыгожы і ўтульны».

На здымках можна пабачыць цэнтральныя раёны гораду. Паводле Дзьмітрыя, на ўскрайках здымаць асабліва няма чаго, хіба што развязкі ды прамвузлы.

«Сухарава ад Малінаўкі з паветра адрозьніваецца нязначна» — кажа Дзьмітры

ГЛЯДЗЕЦЬ ФОТА ТУТ

Пасьля здымак над фоткамі робіцца толькі каляровая апрацоўка, нічога не дадаецца.

На пытаньне Радыё Свабода, чаму ў Беларусь не прыяжджаюць турысты, Дзьмітры адказвае, што няма на што глядзець:

«Я паехау па Беларусі паглядзець, што цікавага ў нас ёсьць, і магу зрабіць выснову: у нас даволі прыгожая прырода, лясы, азёры, балоты. Але у нас зусім мала прыгожага рукатворнага, амаль усе помнікі архітэктуры ці ў вельмі дрэнным стане, ці насамрэч навабуд, на такое заманіць замежнага турыста складана. Да і правінцыйныя мястэчкі не прыцягваюць, калі ў Францыі любое мястэчка — гэта твор архітэктурнага мастацтва, у нас гэта касьцёл ці царква і больш няма на што глядзець».

Дзьмітры называе свае любімыя мясьціны. У Менску гэта Няміга, стадыён Дынама, Кастрычніцкая вуліца, парк Перамогі. Па-за Менскам — Браслаўскія азеры, Гервяты, Нарач, Блакітныя азёры, Бярэзінскі запаведнік. З гарадоў: Горадня, Магілёў, Заслаўе, Мазыр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG