Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хадзіджа Ісмаілава прыняла прапанову адвакаткі Амаль Клуні


Хадзіджа Ісмаілава, Амаль Клуні

Хадзіджа Ісмаілава, Амаль Клуні

Зьняволеная азербайджанская журналістка Хадзіджа Ісмаілава заявіла, што яе інтарэсы ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека ў Страсбуры будзе прадстаўляць адвакатка Амаль Клуні.

Адвакат Ісмаілавой Фарыз Намазьлі паведаміў, што яго кліентка пагадзілася прыняць прапанову Клуні, паколькі была захоплена мужнасьцю, зь якой Клуні абараняла журналіста тэлеканалу «Аль-Джазіра» Мухамада Фагмі, калі ён быў зьняволены ў Эгіпце.

Міжнародная арганізацыя «Прававая ініцыятыва па абароне СМІ» пацьвердзіла, што Клуні будзе прадстаўляць Ісмаілаву разам з дырэктарам гэтай арганізацыі Нані Янсэн. Ісмаілава была ў верасьні 2015 году асуджаная да сямі з паловай гадоў турмы ў Азербайджане паводле сфабрыкаваных абвінавачваньняў. Праваабаронцы мяркуюць, што галоўнай прычынай перасьледу сталі публікацыі журналісткі пра ўдзел сям’і прэзыдэнта Азербайджану Ільхама Аліева ў бізнэс-праектах, зьвязаных зь нерухомасьцю.

Амаль Клуні — брытанская юрыстка, якая мае лібанскія карані, жонка галівудзкага актора Джорджа Клуні. Яна ўжо абараняла ў судах некалькіх вядомых людзей, у тым ліку заснавальніка WikiLeaks Джуліяна Асанжа і былую прэм’ерку Ўкраіны Юлію Цімашэнку. Летась яна была прадстаўніком армянскага ўраду, калі разглядалася справа аб прызнаньні генацыду армян у Асманскай Турцыі падчас Першай сусьветнай вайны.

Азербайджанскія дзяржаўныя СМІ абвінавачваюць Клуні ў тым, што яна ўзялася за справу Ісмаілавай нібыта таму, што хоча адпомсьціць «цюркскім» краінам пасьля пройгрышу судовай справы Арменіі з нагоды генацыду.

XS
SM
MD
LG