Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіна фэйк


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Не шкада такой рэспублікі. Начальства ўсё зрабіла, каб было не шкада.

У мяне запыталіся: а сам ты за Алексіевіч ці супраць? А я ні за, ні супраць, маё дзела старана. Чалавек сам сябе зрабіў, рэспэкт яму. Але я абыякавы да ўсяго, што датычыць такой рэспублікі.

Мэтай начальства было стлуміць пачуцьці. Каб іх не было. Мэта дасягнутая. Краіна не выклікае пачуцьцяў. Нуль. Большасьць будзе шчасьлівая, калі прыйдзе ВВП і зробіць сваю працу. Праўда, пакуль што большасьць, выхаваная начальствам, можа адчуваць пэўную расчараванасьць: ваяўнічая энэргія ВВП на дадзены момант каналізавалася ў няблізкую Сырыю.

Украіны шкада, паехалі хлопцы абараняць яе тэрыторыю. А хто будзе абараняць рэспубліку? Якой не шкада? Начальства дваццаць гадоў праз яшчык тлумачыла, што беларусы – частка рускіх, што мова ў іх аднолькавая, таму «нац’яналістаў» трэба к нагцю.

Ну вось пачытайце на адным расейскім партале аднаго палітоляга, які сёньня прапагандуе рускі мір. Што ён піша? Што жыхары ўсходняй Беларусі не хацелі быць у БССР, а хацелі заставацца ў РСФСР. Чаму? Адказ: «Па той прычыне, што ў БССР праводзілася прымусовая беларусізацыя – прымушалі вывучаць беларускую мову, навязвалі нярускую самасьвядомасьць. Жыхарам гэтых рэгіёнаў гэта было няблізка, і яны проста ўмалялі Маскву пакінуць іх у РСФСР».

У БССР беларусаў чакала няшчасьце, працягвае баяць палітоляг: «Па сутнасьці справы, людзей пераломвалі цераз калена, ім навязвалі ўяўленьні аб тым, што беларуская мова, якой яны не разумелі – гэта іхная родная мова. Патлумачылі ім, што яны ніякія ня рускія» (стыль захаваны, – С.А.).

Які знаёмы стыль! «Пераломваць цераз калена» ды «прымусовай беларусізацыі ня будзе!», «я вам абяцаю»… Гэта сучасныя словы нашага яшчыка. Хіба такая рэспубліка можа быць сапраўднай бацькаўшчынай?

Між іншым, абураюцца маскоўскім тэлебачаньнем, якое хлусіць два гады пра Ўкраіну, распальвае непрыхільнасьць. Але ж было ў каго павучыцца. Днямі пераключаў каналы, убачыў аднаго вядучага. І прыпомніўся сюжэт з плошчы Якуба Коласа. Паказалі маладых «нац’яналістаў» з бел-чырвона-белымі стужкамі. Выключна адмоўны камэнтар, зразумела. У жыхароў рэспублікі, якія сядзелі перад тэлевізарам, павінна было застацца вельмі нядобрае ўражаньне аб тых, хто размаўляе па-беларуску.

У гэтым сюжэце не было галоўнага. Не было сказана, чаму, зь якой нагоды зьбіралася тая моладзь. І гэта – выпуск навінаў! А яна зьбіралася з нагоды гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, якую адзначаць забараняюць. Вядучы не нагадаў беларусам, што сёньня – вельмі значны дзень у нашай гісторыі, паколькі навіны выйшлі менавіта 25 сакавіка. Замест гэтага ён расказаў пра птушкафабрыку.

Хіба гэта не краіна фэйк? Якія яна можа выклікаць пачуцьці? Ніякіх.

Розьніца толькі, што расейскі яшчык распальвае варожасьць да суседніх украінцаў, гэты – да сваіх. Але хіба ад гэтага можа быць лягчэй? Такі яшчык не ўключаецца. Не існуе для мяне.

Калісьці мы глядзелі музычны конкурс «Эўрабачаньне» па Польскім тэлебачаньні. Па БТ тады такога блізка не паказвалі. Марылася: а раптам калісьці і нашы будуць удзельнічаць, чаму не? І нарэшце! Незнаёмы мне дуэт Аляксандра і Канстанцін (так, здаецца). Песьня на беларускай мове! І зусім нядрэнная. Сюжэт зроблены цалкам у патрэбным рэчышчы, у нацыянальным стылі. Можа крыху наіўна, бо навобмацак, але прыстойна, было ня сорамна. І што? Песьню нават не заўважылі.

А потым пачалі сьпяваць суцэльна па-расейску. Якія гэта пачуцьці можа выклікаць? Абыякавасьць. Я даўно не гляджу і не цікаўлюся гэтым конкурсам.

А якой брыдкасьцю стала вымазваньне імя Францішка Скарыны з галоўнага праспэкту краіны? Ён наш галоўны ў гісторыі, мы зь яго пачаліся, усьведамляем сябе на прасторы гісторыі, пачынаючы ад яго. Было вялікім дасягненьнем, нечаканым, сапраўднай перамогай, зьдзяйсьненьнем гістарычнай справядлівасьці, калі замест Леніна на праспэкце напісалі імя Скарыны. Адчуйце розьніцу! І раптам імя галоўнага беларуса замяняюць нейкім даволі абстрактным у нашых умовах словам зь няпэўным зьместам.

Якія пачуцьці гэта можа выклікаць? Абуранасьць? Гідлівасьць? Але паступова абыякавасьць, ніякіх пачуцьцяў з часам. А гэта мэта начальства. Вы радаваліся абвяшчэньню незалежнасьці? Са сьцягамі хадзілі? А сёньня вы – ніхто. Кропка.

А так і ёсьць, гэта праўда, непрыемная, але якая ўжо ёсьць. Ганебна пляжыць з яшчыка тых, хто марыў пра Беларусь. Палітыкамі неабходна станавіцца людзям мудрым, але мудрасьць у нашым выпадку – гэта зусім зь іншай опэры. Краіна падробка.

Вышэйзгаданы палітоляг заканчвае на аптымістычнай ноце: не зважаючы на «палітыку беларусізацыі» (якая была жорстка спыненая дваццаць гадоў таму!) на ўсёй тэрыторыі Беларусі «надзвычай моцныя прарасейскія настроі». Ну што ж, начальства можна толькі павіншаваць, высілкі не пайшлі на дарэмна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG