Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«АД 242» — Радыё Свабода апублікавала кнігу, напісаную легендарнымі «кібаргамі»


«Жалеза не вытрымлівае, а мы стаялі, таму што за намі краіна, нашы блізкія. І ніхто аэрапорт ня здаў. Там проста ўжо няма за што трымацца», — кібарг Мікола Міньё.

У гадавіну выхаду «кібаргаў» з руінаў Данецкага аэрапорта Радыё Свабода і выдавецтва «Кніжны клюб «Клюб сямейнага вольнага часу» прэзэнтавалі кнігу «АД-242. Гісторыя мужнасьці, братэрства і самаахвярнасьці». Больш за 60 інтэрвію абаронцаў аэрапорта і дзясяткі эксклюзіўных фота зь месца падзей, а яшчэ камэнтары ваенных і экспэртаў па бясьпецы з Украіны, Канады, ЗША і Расеі — усё гэта пад вокладкай няпростай, але вельмі важнай і праўдзівай кнігі.

«Я не шкадую ніколькі. Так Бог даў, што ён мяне пакінуў у жывых. Я 15 дзён быў на вежы, быў у Пясках. Вельмі цяжкія часы былі, але я не шкадую, таму што выдатна ведаю, што краіну трэба абараняць. Жалеза не вытрымлівала, а мы стаялі, таму што назад дарогі не было. За намі краіна, нашы блізкія. І ніхто аэрапорт ня здаў. Там проста ўжо няма за што трымацца», — распавядае кібарг Мікола Міньё з пазыўным «Міхалыч».

Кніга «АД 242» ніколі ня будзе прыносіць заспакаеньне або асалоду. Чытаць пра аэрапорт балюча, кажа аўтар і складальнік праекту журналістка ўкраінскай службы Свабоды Ірына Штогрын:

«Я дзякую ўсім, хто пагадзіўся нам усё гэта расказаць. Я гэты праект называю кнігай, напісанай „кібаргамі“. Мы спрабавалі захаваць іх манэру апавяданьня, захаваць кожнае слова, бо гэта глеба для дасьледаваньня, гэта памяць для тых, хто жыве і будзе жыць у гэтай краіне, і тых, хто захоча даведацца, што ж тут адбывалася. У час размовы з абаронцамі ўзьнікала шмат пытаньняў да тых, хто кіраваў апэрацыяй, да начальніка Генэральнага штабу, да кіраўніцтва краіны. Усе пытаньні мы пераадрасоўвалі ведамствам, якія адказвалі нам праз інфармацыйныя запыты. Адказаў начальнік Генэральнага штабу ВСУ Віктар Мужэнка. Яго адказы ёсьць у канцы гэтай кнігі. Для мяне, як для чалавека, гэта фантастычная рэч, калі людзі, якія маюць тыя ж парамэтры, як усе мы, чамусьці ў пэўных умовах пачалі паводзіць сябе як кібэрнэтычныя арганізмы. У холадзе, пад кругласуткавымі абстрэламі, яны падстаўлялі адзін аднаму плячо, абаранялі тое, што абараняць было ўжо немагчыма, толькі таму, што за гэтымі тэрміналамі Данецкага аэрапорта былі іх маці, жонкі, дзеці і зямля, якая называецца Ўкраіна», — распавядае Ірына Штогрын.

Падчас баявых дзеяньняў у Данецкім аэрапорце — за 242 дні абароны — загінуў 101 вайсковец, раненьні атрымалі 440 чалавек, 9 — прапалі бязь вестак.

XS
SM
MD
LG