Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Forbes: Захад можа накіраваць Беларусь у больш пэрспэктыўны бок


Уплывовы часопіс Forbes зьмясьціў аналітычны артыкул дырэктара ў справах стратэгіі Беларуска-Амэрыканскай асацыяцыі Валера Кавалеўскага, у якім аўтар піша пра магчымасьці ўплыву Захаду на Беларусь.

Аўтар заўважае, што мінулыя прэзыдэнцкія выбары, паводле ЗША, Эўразьвязу і АБСЭ, не адпавядалі дэмакратычным стандартам, аднак Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз вырашылі прапанаваць часовае зьмякчэньне санкцыяў — хаця рэжым Лукашэнкі застаўся нязьменным.

Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Сярод шматлікіх падзей на працягу гэтых апошніх пяці гадоў аўтар вылучае тры: зьнешнепалітычнае тупік, меркаванае разьмяшчэньне расейскай авіябазы ў Беларусі, а таксама палітычны і эканамічнай тупік. Гэтыя фактары даюць магчымасьць Захаду накіраваць Беларусь у больш пэрспэктыўны кірунак разьвіцьця.

Аўтар артыкулу адзначае, што ў выніку дваццацігадовай арыентацыі на Маскву сёньня ў Беларусі няма ніякіх альтэрнатываў зьнешняй залежнасьці ад Расеі. Нават Украіна, зь яе ярка выяўленым выбарам на карысьць дэмакратыі, спрабуе мабілізаваць поўную падтрымку сваіх сяброў і саюзьнікаў, паколькі міжнародныя мэханізмы бясьпекі ня здолелі прадухіліць расейскую агрэсію. Для беларускага лідэра, які мае ў вачах сусьветнай супольнасьці падмочаную рэпутацыю ворага дэмакратычных каштоўнасьцяў, такая місія будзе практычна немагчымая.

Дыпляматычная каманда Лукашэнкі з усіх сілаў імкнецца нармалізаваць адносіны з Захадам. Але пры гэтым прагрэс у аднаўленьні адносін са Злучанымі Штатамі і ЭЗ прасоўваецца вельмі марудна, і адсутнасьць даверу застаецца сур’ёзнай перашкодай.

У выніку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне ЗША і ЭЗ адклалі ціск на Лукашэнку ў чаканьні сапраўдных зьменаў у Беларусі. На фоне паводзінаў Пуціна прэзыдэнт Беларусі выглядае цяпер больш прэзэнтабельна, чым калі-небудзь раней. Цяпер ён пазьбягае жорсткай антызаходняй, антыдэмакратычнай рыторыкі. Ён выпусьціў палітычных зьняволеных і зьмякчыў адказ на вулічныя пратэсты.

Але хаця Лукашэнка паставіў рэпрэсіўную практыку ў рэжым чаканьня, ён не дэмантаваў саму сыстэму. Лукашэнка захоўвае ўсё, што робіць рэжым рэпрэсіўным, і рэпрэсіі могуць быць адноўленыя ў любы момант, піша Валер Кавалеўскі.

На думку аўтара, ЭЗ і ЗША павінны вымагаць ад афіцыйнага Менску абавязаньняў і рэальных дзеяньняў у сфэры асноўных правоў і свабодаў, перш чым завершацца санкцыі ў лютым і сакавіку. Імпульс для такой прагматычнай пазыцыі відавочны. Лукашэнка разумее небясьпеку, зь якім сутыкаецца ягонае кіраўніцтва. Ён слабы. Ён мае патрэбу ў падтрымцы і можа шмат прапанаваць у абмен, з пункту гледжаньня дэмакратычных пераменаў, — піша Валер Кавалеўскі ў Forbes.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG