Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскі эканаміст перакананы: «10-15 даляраў за барэль праз 10 год для нас будуць вельмі добрай цаной»

Былы (у 90-х) намесьнік міністра сацыяльнай абароны насельніцтва Расеі, а цяпер намесьнік дырэктара сусьветнай эканомікі і міжнародных дачыненьняў Яўген Гонтмахер лічыць, што Расея ня здолела «зьлезьці з нафтавай іглы», і ва ўмовах падзеньня коштаў на нафту яе чакае «ціхая катастрофа».

«Мы апынёмся ў сытуацыі, калі нашы прыродныя рэсурсы, перш за ўсё нафта і газ, будуць каштаваць капейкі. Я думаю, што такая фантастыка можа стаць навуковай, і $10-15 за барэль праз дзесяць гадоў для нас будуць вельмі добрай цаной. Таму што попыту на іх ня будзе», — мяркуе Гонтмахер.

«У нас ўяўляюць катастрофу як распад краіны або як тое, што людзі выходзяць на вуліцы, і пачынаецца грамадзянская вайна. Але з майго пункту гледжаньня, нам пагражае горшы варыянт: „ціхая катастрофа“. Мы можам стаць краінай, якая хоць і існуе на карце, і мае ядзерную зброю, але да яе асабліва не зьвяртаюцца з пункту гледжаньня прапаноў аб супрацоўніцтве. Яе фактычна проста ставяць перад фактам нейкіх падзеяў. Такія краіны ёсьць у сьвеце. Ім, вядома, трохі крыўдна. Але ў Расеі ёсьць амбіцыі, якія непараўнальныя з амбіцыямі якой-небудзь Калюмбіі — быць звышдзяржавай або дзяржавай першага рэгіянальнага ўзроўню. Расея заўсёды памятае Савецкі Саюз, калі мы былі другой супэрдзяржавай сьвету і спаборнічалі са Злучанымі Штатамі. І працэс страты статусу і ўплыву ідзе. І будзе ісьці, калі мы ня зоймемся стратэгічнымі рэчамі, глыбокімі рэформамі. І яны павінны быць ня менш глыбокімі, чым рэформы Гайдара ў 90-я гады», — заўважае эканаміст.

«Гэтыя рэформы трэба было праводзіць раней — у 2005-2007 гадах, калі цэны на нафту і газ расьлі досыць хутка, — настойвае Гонтмахер. — А сёньня не балюча мы рэформы правесьці ўжо ня зможам, таму што ў нас няма для гэтага рэзэрваў, сацыяльных „падушак“. Адной зь першых рэформаў павінен стаць перагляд падаткаў, асабліва для малога і сярэдняга бізнэсу, зьніжэньне сацыяльных падаткаў. Але гэта — страты для бюджэтных фондаў, зь якіх плацяцца пэнсіі, сацыяльныя дапамогі, фінансуецца мэдыцына.

Калі б у нас былі „падушкі“, сацыяльныя рэзэрвы, мы б на нейкі тэрмін выпадаючыя прыбыткі бюджэту маглі б гэтымі грашыма замясьціць. Але сёньня ў нас рэзэрваў практычна няма, а тыя, што ёсьць — трацяцца на латаньне бюджэту. І калі ў гэтым годзе сярэдняя цана на нафту будзе ў раёне $ 30-35 за барэль — наш Рэзэрвовы фонд скончыцца ўжо ў гэтым годзе. Застанецца Фонд нацыянальнага дабрабыту, але ён таксама ўжо ўвесь расьпісаны на інвэстыцыйныя праекты».

«Наш народ не гатовы да скарачэньня сацыяльных абавязаньняў. Тое, што ён да іх не гатовы — гэта заслуга Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна, які народ заспакойваў сваімі абяцаньнямі і раздаваў грошы, — рэзюмуе Гонтмахер. — Мы памятаем, што ў людзей вырасьлі зарплаты і пэнсіі. Але гэта было зроблена не пад эканамічныя рэформы: гэта быў патэрналізм вышэйшай клясы. І гэта была папулісцкая палітыка вышэйшай клясы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG