Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Папярэдняе адчуваньне: нейкі трэш» — праваслаўная царква вывучае палітычныя заявы сьвятароў


Некаторыя допісы з старонкі ва «Ўкантакце» сьвятара з Наваградчыны Віктара Рыбія
Некаторыя допісы з старонкі ва «Ўкантакце» сьвятара з Наваградчыны Віктара Рыбія

Праваслаўны сьвятар пераконвае: прыхільнасьць да «русского мира» — не афіцыйная пазыцыя царквы, большасьць яе не падзяляе.

Блогер 1863x прайшоўся па акаўнтах беларускіх праваслаўных сьвятароў «УКантакце» і знайшоў шэраг такіх, адкуль вядзецца прарасейская, прасэпаратысцкая і антыўкраінская прапаганда. З пабачанага блогер зрабіў выснову: «праваслаўная царква рыхтуе нас да «русского мира». Пазьней «Наша Ніва» пагутарыла з адным са згаданых сьвятароў — той і ў гутарцы распавядае пра «кіеўскую хунту» і «украў», якія вітаюцца, нібыта выкідваючы наперад руку пад «Зіг хайль».

Афіцыйнай рэакцыі на артыкулы з боку царквы пакуль не было.

«Вывучаем пытаньне па сутнасьці. Папярэдняе адчуваньне: нейкі трэш», — каротка пракамэнтаваў Свабодзе прэс-сакратар Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сяргей Лепін.

Падрабязьней пра стаўленьне праваслаўнай царквы да выказваньняў у падтрымку «русского мира» Свабодзе распавёў айцец Аляксандар Шрамко:

Аляксандар Шрамко
Аляксандар Шрамко

«Канечне, гэта не афіцыйная пазыцыя. Проста ў царкве вельмі розныя людзі, кожны дзейнічае ад сваёй галавы. Канечне, на жаль, ёсьць такія... своеасаблівыя людзі. Гэта праўда, што ёсьць людзі, арыентаваныя ідэалягічна на Расею, ёсьць такія, якія спачуваюць „ДНР“. Але іх, здаецца мне, ня большасьць. Ня больш, чым звычайных сьвятароў. Большасьць займае нэўтральную пазыцыю, але ёсьць і такія, хто больш схільны да падтрымкі Ўкраіны, супраць „русского мира“ — ёсьць розныя!

Ніхто гэтых людзей не накіроўвае, ніхто не рыхтуе нас ідэалягічна. Бываюць сходы царкоўныя, але на гэтую тэму на іх няма размоваў. Наадварот, памятаю, на епархіяльным сходзе за мінулы год было такое, казаў мітрапаліт, што нельга, каб распаўсюджвалася экстрэмісцкая літаратура і літаратура, накіраваная на патрыятызм да іншых краінаў. Відавочна меліся на ўвазе такія кніжкі... прарасейскія.

Праблема яшчэ ў тым, як чалавек гэта выказвае. Кожны мае права мець свае думкі. Але калі гэта робіцца так яўна праз сацыяльныя сеткі, я думаю, што гэта няправільна. Нават калі маеш такія погляды, трэба іх захоўваць у сабе. Тым больш што і ва Ўкраіне, і ў Расеі ёсьць праваслаўныя. Але што дакажаш?

Гіпатэтычна царква неяк можа паўплываць на сьвятара, каб ён, прынамсі, ня так яўна выказваўся. Але як гэта афіцыйна будзе... Нават патрыярх Кірыл казаў, што трэба падвышаць актыўнасьць у інтэрнэце, але не ў такіх ідэалягічных мэтах, а ў мэтах катэхізацыі, місіянэрства — гэта галоўнае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG