Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль падтрымаў абвінавачаньні Кадырава на адрас апазыцыі


Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў заклікаў «не нагнятаць» сытуацыю ў сувязі з заявай кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава пра тое, што прадстаўнікі расейскай пазасыстэмнай апазыцыі — «здраднікі» і «ворагі народу», якіх «трэба судзіць з усёй строгасьцю».

Паводле Пяскова, чачэнскі лідэр сказаў толькі пра тых, хто «знаходзіцца па-за легітымным палітычным полем краіны», а такія людзі, як заявіў прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта, «не спрыяюць стабільнасьці і росквіту дзяржавы»

Гэта першая афіцыйная рэакцыя Крамля на заяву Кадырава пра апазыцыю. Пры гэтым Пяскоў адмовіўся камэнтаваць пагрозы кіраўніцтва Чачні на адрас некалькіх расейскіх СМІ, у прыватнасьці, радыё «Эхо Москвы», тэлеканалу «Дождж» і РБК, заявіўшы, што ён не гатовы пра гэта гаварыць.

Намесьнік старшыні Партыі народнай свабоды Ільля Яшын, камэнтуючы словы Пяскова, заявіў, што выказваньне Кадырава «адносіцца не да тых, хто выходзіць за рамкі закону, а ў цэлым да крытыкаў існуючага рэжыму», і гэта, на яго думку, «у Крамлі выдатна разумеюць». Палітык дадаў, што прэзыдэнт Пуцін празь Пяскова выказаў падтрымку кіраўніку Чачні, «што прыводзіць да яшчэ больш рэзкіх словаў і дзеяньняў Кадырава»

Рамзан Кадыраў 12 студзеня, выступаючы перад журналістамі, назваў апазыцыянэраў «ворагамі народу» і заклікаў судзіць іх «як здраднікаў». Паводле яго, «людзі, пра якіх раней ніхто нічога ня чуў, з скуры вылузваюцца, каб праславіцца тым, што супрацьпастаўляюць сябе прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну». «Прадстаўнікі так званай пазасыстэмнай апазыцыі спрабуюць нажыцца на складанай эканамічнай сытуацыі», — дадаў чачэнскі лідэр

Празь некалькі дзён кіраўнік парлямэнту Чачні Магамед Давудаў апублікаваў у Інстаграме пост, прысьвечаны каўкаскай аўчарцы Кадырава па мянушцы Тарзан. У запісе Давудава гаворыцца, што Тарзан «страшна ня любіць сабак замежных масьцяў», асабліва тых, што «яшчэ нядаўна сядзелі на ланцугу ў нас пад строгім наглядам гаспадара». У Савеце Фэдэрацыі Расеі пагрозы кіраўніцтва Чачні на адрас прадстаўнікоў расейскай пазасыстэмнай апазыцыі назвалі «мэнталітэтам чачэнскага народу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG