Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Народная пераатэстацыя міліцыі ва Ўкраіне. Як гэта робіцца

  • Паўло Зубʼюк

Раман Сініцын (у цэнтры) з паплечнікамі па арганізацыі «Народны тыл»

Раман Сініцын (у цэнтры) з паплечнікамі па арганізацыі «Народны тыл»

Раман Сініцын, актыўны валянтэр з арганізацыі «Народны тыл», распавёў Свабодзе пра свой удзел у атэстацыйнай камісіі, якая вырашае лёс былых міліцыянтаў, калі тыя хочуць трапіць у шэрагі Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Пасьля пратэсту неатэставаных міліцыянтаў украінская ўлада вырашыла павялічыць колькасьць прадстаўнікоў грамадзкасьці ў атэстацыйных камісіях. Так у камісію, якая вырашае лёс былых міліцыянтаў пры пераатэстацыі, трапіў валянтэр Раман Сініцын з Кіева, актывіст арганізацыі «Народны тыл», якая дапамагае ўкраінскаму войску ў зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі.

Пра свае новыя абавязкі Раман распавёў у інтэрвію Свабодзе.

— Які працэнт лёсу канкрэтнага міліцыянта залежыць ад камісіі?

Раман Сініцын

Раман Сініцын

— Ну, наагул лёс міліцыянта залежыць ад камісіі. Глядзі, камісіяў усяго каля 20. 10 кіеўскіх, 4 ці 5 абласных, 2 апэляцыйныя, 2 цэнтральныя. Здаецца, усё. У кожную камісію ўваходзяць 6–10 чалавек. Туды ўваходзяць 2–3 патрульных з новай паліцыі, узроўню камандзіраў ротаў, 1–2 працаўнікі МУС, ужо пераатэставаныя, з цэнтральнага апарату ці ўнутранай бясьпекі, 1–2 журналісты, 1–3 прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў.

— Гэта значыць, журналісты і прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў складаюць менш за палову камісіяў?

— Да паловы, але ня больш.

— І як гэта выглядае? Чалавек прыходзіць...

— Чалавек прыходзіць ужо з вынікамі тэставаньня агульных навыкаў, веданьня заканадаўства. Неяк я ня бачыў, каб можна было «парашаць» гэтыя тэсты. Там усё сур’ёзна, грузіны праводзяць.

— А ў прынцыпе які працэнт адсеву на камісіях?

— Ну, як сказаць. Калі ДАІшнікі прыходзяць — яны адсейваюцца на 98%, напрыклад. Таму што чалавек прыходзіць і кажа: я ніколі ня браў хабару. Ён 10 гадоў у ДАІ. «— На паліграф пойдзеце?» — «Не хачу». Вось і ўсё. Па маёй камісіі адсейваецца дзесьці адсоткаў 40.

— Гэтыя людзі наагул вылятаюць з сыстэмы праваахоўных органаў?

— Так. Адзінае, што ў іх ёсьць права на апэляцыю, калі яны набралі па абодвух тэстах больш за 60 балаў з 120. Наагул, адсеў залежыць ад таго кантынгенту, які да нас прыходзіць. Калі прыходзіць «беркут» — то там усё зразумела. Калі прыходзяць сьледчыя, дзяжурная частка, патрульная служба — то там мы ўжо глядзім. Калі чалавек працуе ў міліцыі год-два, па ім няма скаргаў грамадзянаў, няма нэгатыўнай інфармацыі ў адкрытых крыніцах — то такога чалавека мы прапускаем.

Сыстэма наагул карумпаваная, пасады — нават самыя нізкія — у большасьці іх куплялі. Шчыра — я б іх усіх разагнаў, а потым набіраў па новай — як рабілася ў Грузіі.

Ёсьць меркаваньне, што чалавек можа зьмяніцца, калі будзе вышэйшы заробак, лепшыя ўмовы. Але сыстэма наагул карумпаваная, пасады — нават самыя нізкія — у большасьці іх куплялі. Шчыра — я б іх усіх разагнаў, а потым набіраў па новай — як рабілася ў Грузіі.

— Цяпер ва Ўкраіне высокі ўзровень тэрарыстычнае небясьпекі. Ці масавая неатэстацыя «беркутаў» не прывядзе да нестабільнасьці?

— А ў нас цяпер у два разы павялічылася колькасьць Нацыянальнай Гвардыі за два гады, там таксама ёсьць сілавыя падразьдзяленьні. У мяне нават няма такой думкі: раптам нешта адбудзецца, а «Беркута» няма. Няма — то няма. Акрамя таго, зараз ствараецца КОРД (Корпус апэратыўна-раптоўнага дзеяньня) — спэцыяльнае падразьдзяленьне хуткага рэагаваньня Нацыянальнае паліцыі Ўкраіны. Супрацоўнікі «Беркута» вельмі хочуць туды трапіць, але я думаю — у іх нічога не атрымаецца, таму што яны неатэставаныя.

Раман з паплечнікамі і кіраўніком вайскова-цывільнай адміністрацыі Данецкай вобласьці Георгіем Тукам (сядзіць у цэнтры)

Раман з паплечнікамі і кіраўніком вайскова-цывільнай адміністрацыі Данецкай вобласьці Георгіем Тукам (сядзіць у цэнтры)

— Ці ёсьць нейкія пляны: вось на столькі і столькі паліцыя будзе складацца з новых, а на столькі — са старых супрацоўнікаў?

— Магчыма, у кіраўніцтва паліцыі такія пляны ёсьць. Нам пра гэта невядома: мы атэстуем альбо не атэстуем кожнага супрацоўніка згодна з цэлым шэрагам фактараў. Гэта і тэставаньне, і гутарка, і інфармацыя з адкрытых і закрытых крыніцаў.

— Ва Ўкраіне былі скандалы, зьвязаныя з тым, што ў сацыяльных сетках знаходзілі запісы паліцыянтаў, якія нэгатыўна ставіліся да Рэвалюцыі годнасьці. Ці можна падчас атэстацыі спытаць пра гэта кандыдата і ці ўплывае гэта на ягоны далейшы лёс?

— Я сам быў на Майдане зь першых гадзінаў, калі Мустафа Найем заклікаў выйсьці, быў і адным з «правакатараў» на Грушэўскага — так што маё стаўленьне, думаю, зразумелае. Прамыя пытаньні мы задаём вельмі рэдка, але часам даводзілася. У большасьці зь іх стаўленьне такое, што гэта дзяржаўны пераварот, але здараюцца выключэньні: напрыклад жанчына, сьледчы, у якой яшчэ да ўцёкаў Януковіча, 16–17 лютага, «Укантакце» разьмешчана відэа супраць «Беркута». На самой справе ня ўсё так адназначна: гэта велізарны калектыў людзей, толькі ў Кіеве супрацоўнікаў міліцыі было тысяч 15.

— Было шмат размоваў, што ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, вельмі раздуты штатны склад МУС. Ці плянуюцца яго скарачэньні?

Мы як камісія ня маем ніякага дачыненьня да рэфармаваньня структуры. Але, наколькі я ведаю, скарачэньне адбываецца «хвалямі» яшчэ зь лістапада.

— Мы як камісія ня маем ніякага дачыненьня да рэфармаваньня структуры. Але, наколькі я ведаю, скарачэньне адбываецца «хвалямі» яшчэ зь лістапада. І гэта слушна, таму што ў нас, напрыклад, прыходзіў чалавек у чыне маёра, у якога функцыянальны абавязак — забіваць адну стандартную форму ў базу кампутара. «Што вы робіце? — Ну, я вось гэтую форму забіваю». І гэта на самой справе ня сьмешна, а страшна: бо чалавек потым атрымлівае пэнсію па выслузе гадоў, нейкую выхадную дапамогу, у яго будзе нядрэнная зарплата 8–9 тысяч грыўняў — а ён як робат. І ён маёр міліцыі! Таму рэформа, кіраўнічая і структурная, апарата МУС — яна патрэбная, і я спадзяюся, што яна будзе ажыцьцяўляцца, таму што там ёсьць велізарная купа пасадаў, якія зусім не патрэбныя.

Раман з байцамі ў зоне АТА

Раман з байцамі ў зоне АТА

— Якія наагул адчуваньні ад працы ў камісіі?

— Адчуваецца, што для міліцыянтаў — гэта першая атэстацыя, у якой нешта залежыць ад грамадзкасьці, то бок грамадзкасьць мае ўплыў на прыняцьце рашэньняў. Але ўсё-ткі я разумею, што і цяпер у структуру паліцыі прыйдзе вялікая колькасьць людзей, якіх я не хацеў бы там бачыць. Гэта зьвязана з тым, што ёсьць маса спосабаў абысьці гэтыя атэстацыі. Яны пераходзяць на нейкія іншыя пасады ў службе дзяржаўнай аховы, пасьля таго як мы іх звальняем — яны масава кладуцца на бальнічныя. Яны масава будуць пралазіць — бізнэсмэны ад міліцыі, «схемшчыкі», якія адкрывалі-закрывалі крымінальныя справы за грошы. Людзі з ДАІ ўзроўню начальнікаў упраўленьняў і аддзелаў, людзі з МРЭА, па дазвольнай сыстэме, якія зараблялі рэальна сотні тысяч даляраў. Сыстэма сама сябе абараняе.

Адчуваецца, што для міліцыянтаў — гэта першая атэстацыя, у якой нешта залежыць ад грамадзкасьці, то бок грамадзкасьць мае ўплыў на прыняцьце рашэньняў.

Я ўпэўнены, што праз год трэба праводзіць абсалютна аналягічную пераатэстацыю: у складзе тых жа камісіяў, або з такім жа прынцыпам фармаваньня. І праводзіць іх некалькі гадоў. Цяпер гэтыя атэстацыі расьпіяраныя, але зразумела, што мы ня вырашым усіх праблемаў, нават паловы праблемаў.

На гэта трэба глядзець як на працэс, прычым працэс з доўгім пэрыядам: гады два-тры.

Некаторыя дыялёгі ў камісіі зь міліцыянтамі падчас атэстацыі, паводле Рамана Сініцына:

— У вас непрахадны бал. 20 і 22 з 60. Аргумэнтуйце, чаму вы павінны застацца ў Нацыянальнай паліцыі?
— Ну як я нацягну форму паліцэйскага? А так мяне будуць паважаць, не гаварыць «о, мент». Ня лаяцца будуць, а паважаць. Людзі. Лепш будзе, дакладна кажу.

***

— У чым, на вашу думку, сутнасьць рэформы паліцыі?
— Форменная вопратка.
— Што форменная вопратка?
— Дадуць добрую форму!
— І?
— Машыну дадуць!
— І?
— Запраўленую! Машыну з бэнзінам!
— І?
— Заробак вялікі!
— З чым вы зьвязваеце нізкі ўзровень даверу насельніцтва да міліцыі?
— Ну як вам сказаць. Які дрэнны чалавек у органах, па ім і судзяць аб усёй міліцыі.

***

— Хто зьяўляецца крыніцай улады ва Ўкраіне?
— Цэнтральны апарат.
— ?
— Канстытуцыя.
— ?
— А-а-а-а. Вярхоўная Рада!
XS
SM
MD
LG