Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сотні людзей дзеля салідарнасьці раскупляюць тавар у прадпрымальніка Макаева


Алесь Макаеў

Алесь Макаеў

З актывістам, які заклікаў прадпрымальнікаў выйсьці на плошчу, адміністрацыя рынку «Ракаўскі кірмаш» разарвала дамову арэнды. Ягоная сям’я апынулася ў цяжкім фінансавым становішчы і папрасіла дапамогі праз Фэйсбук.

Пост зьявіўся ў акаўнце Алесевай жонкі Юліі Сьцяпанавай.

Пасьля гэтага, распавядае Юлія, на замовы і проста звароты адказвалі да чацьвёртай гадзіны раніцы.

«Муж працаваў на „Ракаўскім“ рынку каля 15 год. Раней у яго было шмат „кропак“, а засталася адна. Патэлефанавалі ягонаму суседу па „кропцы“ і сказалі, каб Саша болей на працу не выходзіў, а прыйшоў у адміністрацыю».

«Дамову са мной фармальна скасавалі за тое, што была запазычанасьць за арэнду, — раней распавёў Радыё Свабода Алесь Макаеў. — Але рэальнасьць была такая, што пасьля кожнай акцыі, у якой я браў удзел, да адміністрацыі рынку прыходзілі людзі ў цывільным і даводзілі, што ад мяне трэба пазбавіцца. І цяпер, пасьля акцыі на плошчы Незалежнасьці, таксама прыходзілі і размаўлялі. Таму ня ведаю, расправа гэта ці не, але па часе ўсё супадае».

Юлія кажа, што муж не адкрываў «кропку» ў знак салідарнасьці з прадпрымальнікамі, якія пратэстуюць супраць указу № 222, які абавязвае іх мець сэртыфікаваны тавар. Па словах Юліі, самому Аляксандру сэртыфікаты не патрэбныя.

«Ён пад’ехаў на кірмаш, яму сказалі, што арэнда зь ім спыненая задняй датай. І застаўся Саша без заробку. Склада ў нас ніякага няма. Увесь тавар нават няма куды адвезьці. Грошай мы не адкладалі на чорны дзень. Не было з чаго адкладаць, бо продажаў не было, ва ўсіх кепска з грашыма. Мы жывем на найманай кватэры, у нас малое дзіця, я працую, хоць і ў дэкрэце. Але гэтага не хапае. Да таго ж у Сашы яшчэ ад першага шлюбу двое сыноў, там таксама заўжды трэба дапамога. Трапілі ў такую сытуацыю. Засталіся, праўда, бяз грошай».

Тавар у хаце Алеся Макаева

Тавар у хаце Алеся Макаева

Юлія кажа, што яны не чакалі такой падтрымкі. «Гэта нешта неверагоднае. Такога ажыятажу я не чакала. Вельмі прыемна зьдзіўленая. Мы ўдзячныя ўсім людзям, якія зрабілі перапосты, якія зьвяртаюцца, пытаюцца, цікавяцца. Замоваў ня так шмат, але ва ўсіх людзей, праўда, цяпер няма грошай. Мы ўдзячныя за гэтую дапамогу».

Юлія лічыць, што адкрыцца на новым месцы Алесю Макаеву «ўсё адно не дадуць».

«Саша заклікаў выходзіць на плошчу, яму сказалі ў адміністрацыі, што трэба было ціха сябе паводзіць. Саша ніколі так ня можа зрабіць. З 2005 году актыўна гэтым займаецца. Арганізоўвае мітынгі, пратэсты, бюлетэні выдае — увесь у актыўнай дзейнасьці...Яны і так бізнэс псавалі, выштурхнулі яго з рынку „Ждановічы“. Але здарылася — і здарылася», — кажа яна.

330 чалавек зрабілі рэпост допісу, яшчэ каля 200 зьвярнуліся асабіста, — кажа Юлія Сьцяпанава. У бліжэйшых плянах сям’і — адкрыць інтэрнэт-краму.

XS
SM
MD
LG